Навіны з Херсоншчыны: расейцы адступаюць, украінцы вызваляюць тэрыторыі

Украінскія ракетныя сыстэмы HIMARS, атрыманыя ад ЗША, у Херсонскай вобласьці, кастрычнік 2022 г.

Выведка Вялікай Брытаніі лічыць, што адвод войскаў з Херсону не дазволіць Расеі рэалізаваць яе стратэгію на поўдні Ўкраіны.

У выведцы Міністэрства абароны Ўкраіны мяркуюць, што здольнасьць Расеі трымаць свае войскі ў Херсоне ўкраінскія войскі аслабілі сваімі ўдарамі па маршрутах матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня расейскіх сілаў.

«Пры адступленьні расейскія войскі разбурылі некалькі мастоў і, пэўна, замінавалі, каб запаволіць і затрымаць наступ украінскіх сілаў. Страта заходняга берагу Херсону, хутчэй за ўсё, перашкодзіць Расеі рэалізаваць свае стратэгічныя памкненьні стварыць наземны калідор да Адэсы», — адзначылі брытанскія выведнікі.

Паводле іх, расейскія войскі застаюцца ўразьлівымі пры пераправе цераз Дняпро.

«Цалкам імаверна, што адыход [расейцаў] будзе адбываецца цягам некалькіх дзён з абаронай пазыцыяў і артылерыйскім агнём для прыкрыцьця сілаў, што адыходзяць», — патлумачыла брытанская выведка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейцы пры адыходзе з Херсону падарвалі некалькі мастоў, каб перашкодзіць наступу ўкраінскага войска

Што паведамляюць украінскія мэдыя аб сытуацыі ў Херсоне

Украінскія СМІ паведамляюць, што Расея пачала адводзіць свае войскі з Херсону яшчэ 8 лістапада. А ў ноч з 8 на 9 лістапада расейцы перакінулі сілы з Сьнігуроўкі Мікалаеўскай вобласьці ў раён вёскі Корсунка і гораду Новая Кахоўка.

Раніцай 9 лістапада расейцы пакінулі пункты дысьлякацыі ў раёне Мілавога і пачалі выводзіць войскі з раёну Аляксандраўка — Станіслаў — Праўдзіна. Гэта суправаджалася інтэнсіўным артылерыйскім агнём з боку расейскіх войскаў, якія, імаверна, так прыкрывалі адыход асноўных сілаў.

У той жа час прадстаўнікі ўкраінскай улады заклікалі не сьпяшацца верыць расейцам.

Тым часам адразу на некалькіх тэлеграм-каналах, якія зьвязваюць з украінскімі вайскоўцамі паведамілі, што Снігуроўка Мікалаеўскай вобласьці ўжо знаходзіцца пад кантролем Узброеных сіл Украіны.

Аднак Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны пакуль гэтую інфармацыю афіцыйна не пацьвердзіў, але і не зьняпраўдзіў.

«Мы працягваем вядзеньне наступальнай апэрацыі паводле свайго пляну. Чакайце афіцыйнае паведамленьне Генэральнага штабу аб вядзеньні баявых дзеяньняў Узброенымі сіламі Ўкраіны», — заявіў намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў 10 лістапада на брыфінгу ў Кіеве.

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валер Залужны паведаміў, што на херсонскім кірунку з 1 кастрычніка ўкраінскае войска прасунулася ўглыб расейскіх пазыцый на 36,5 кілямэтра і аднавілі кантроль над 41 населеным пунктам вобласьці.

«Цягам мінулых содняў на кірунку Петрапаўлаўка — Новарайск падразьдзяленьні сіл абароны прасунуліся на 7 кілямэтраў, узялі пад кантроль населеных пунктаў, вярнулі Ўкраіне да 107 квадратных кілямэтраў. На кірунку Первамайскае — Херсон мы прасунуліся на 7 кілямэтраў, узялі пад кантроль 6 населеных пунктаў, плошча вызваленай зямлі — 157 квадратных кілямэтраў», — паведаміў Валер Залужны.

Што папярэднічала

9 лістапада камандуючы расейскай групоўкай ва Ўкраіне генэрал Сяргей Суравікін прапанаваў міністру абароны Расеі Сяргею Шайгу адвесьці войскі ў Херсонскай вобласьці на левы бераг Дняпра. Гэта будзе азначаць здачу гораду Херсону ўкраінскім сілам. Шайгу пагадзіўся з прапановай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія войскі пакідаюць Херсон

Перад гэтым расейскія СМІ і акупацыйныя ўлады паведамілі, што ў ДТЗ загінуў прадстаўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсоншчыны Кірыл Стрэмавусаў. Працягваюцца баі за вызваленьне вобласьці. Расейцы, адступаючы, разбураюць там масты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьявілася інфармацыя пра сьмерць яшчэ аднаго прарасейскага калябаранта на поўдні Ўкраіны, Стрэмавусава

Херсон быў акупаваны расейскімі войскамі ў пачатку сакавіка — як адзіны абласны цэнтар Украіны, узяты падчас расейскага ўварваньня. На фоне наступу УСУ расейскія акупацыйныя ўлады ў другой палове кастрычніка пачалі прымусова вывозіць жыхароў некаторых раёнаў Херсонскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У офісе прэзыдэнта Ўкраіны ня ўбачылі вываду расейскіх войскаў з Херсону

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.