Генштаб Украіны: дзейнасьць расейскіх і беларускіх узброеных сіл сьведчыць аб сыстэмным рыхтаваньні да эскаляцыі

Аляксей Громаў

У Генэральным штабе Узброеных сілаў Украіны не выключаюць, што ў Беларусі пад выглядам вучэньняў прывядуць войскі ў баявую гатоўнасьць.

Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў заявіў, што расейскія вайскоўцы ўдзельнічаюць у вызначэньні баявой гатоўнасьці беларускіх войскаў.

«Дзейнасьць расейскіх і беларускіх узброеных сіл і сілавых структураў паказвае на сыстэмнае рыхтаваньне да эскаляцыі. Так, паводле наяўнай інфармацыі, афіцэры Ўзброеных сілаў Расеі бяруць удзел у ацэнцы гатоўнасьці вайсковых частак Горадзенскай, Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей Рэспублікі Беларусь. Агулам сплянавана ацаніць гатоўнасьць заходняга рэгіёну да прывядзеньня ў баявую гатоўнасьць пад выглядам трэнаваньняў», — сказаў Аляксей Громаў 27 кастрычніка на брыфінгу ў Кіеве.

Адначасова Аляксей Громаў зьвярнуў увагу на тое, што ў Беларусі «схаваныя захады вайсковага характару — перамяшчэньне асабістага складу, узбраеньня і вайсковай тэхнікі, вайсковыя манэўры, аднаўленьне або ўладкаваньне новых аб’ектаў вайсковай інфраструктуры спалучаюцца з публічнымі сыгналамі ўлады Рэспублікі Беларусь аб адсутнасьці намераў нападаць на Ўкраіну».

«Але сталыя сустрэчы вайскова-палітычнага кіраўніцтва Беларусі з прадстаўнікамі працоўных калектываў фармуюць вобраз ворага зь неабходнасьцю правядзеньня папярэджвальных дзеяньняў супраць Украіны і NATO», — кажа намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У адказ нанясем удар па вайсковых аб’ектах Беларусі». Узброеныя сілы Ўкраіны зьвярнуліся да беларускіх вайскоўцаў. ВІДЭА

Паводле яго, Расея надалей перакідвае свае сілы і сродкі ня толькі ў Зябраўку, але і на іншыя аэрадромы Беларусі, а таксама вядзе актыўныя дзеяньні на беларускіх палігонах.

«Мы адсочваем усе гэтыя захады, але пакуль што непасрэднага стварэньня наступальнай групоўкі праціўніка з тэрыторыі Беларусі не заўважана, але захады мэтанакіравана праводзяцца. Пагроза ёсьць і пагрозы будуць, і мы на гэта адпаведна рэагуем. Мы ўжо павялічылі сваю групоўку на паўночным кірунку», — дадаў Громаў.

Прадстаўнік Генэральнага штабу мяркуе, што Расея можа зноў выкарыстаць беларускую тэрыторыю для новага нападу на Ўкраіну, найперш з тэрыторыі чарнобыльскай зоны, а таксама праз Чарнігаўскую вобласьць.

«Але яшчэ раз падкрэсьлю: сытуацыю адсочваем, нашу групоўку ўзмацнілі. Пакуль што ня бачым пагрозы, што праціўнік будзе непасрэдна атакаваць Кіеў. Найбольш праціўніка цікавіць разбурэньне энэргетычнай інфраструктуры і парушэньне ланцужкоў перадачы нам вайскова-тэхнічнай дапамогі», — адзначыў ён.

Гэта другая заява прадстаўніка ўкраінскага Генштабу аб росьце пагрозы з боку Беларусі. Тыдзень таму Аляксей Громаў заявіў аб пагрозе паўторнага нападу і ракетных удараў зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне заявілі аб пагрозе паўторнага нападу і ракетных удараў зь Беларусі

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) у справаздачы за 26 кастрычніка паведаміў, што сілы аб’яднанай расейска-беларускай групоўкі ў Беларусі разгортваюцца, хутчэй за ўсё, каб утрымліваць украінскія войскі на паўночным захадзе і не дазволіць ім далучыцца да контранаступальных апэрацыяў на іншых кірунках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выведка Вялікай Брытаніі: у Беларусі мінімальныя магчымасьці для правядзеньня складаных вайсковых апэрацыяў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.