Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У адказ нанясем удар па вайсковых аб’ектах Беларусі». Узброеныя сілы Ўкраіны зьвярнуліся да беларускіх вайскоўцаў. ВІДЭА

Украінскія салдаты
Украінскія салдаты

Узброеныя сілы Ўкраіны зьвярнуліся да беларускіх вайскоўцаў у сувязі з павелічэньнем пагрозы далучэньня беларускай арміі да вайны Расеі супраць Украіны.

Гэта другі такі зварот з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю з 24 лютага. Першы раз з заклікам не выконваць імаверных загадаў свайго кіраўніцтва аб наступе на ўкраінскую тэрыторыю Ўзброеныя сілы Ўкраіны зьвярнуліся 20 ліпеня.

«Ваша кіраўніцтва зьбіраецца далучыцца да расейскай узброенай агрэсіі супраць Украіны, зьбіраецца ўцягнуць беларускі народ у брудную вайну», — адзначаецца ў звароце.

Украінскія вайскоўцы падкрэсьлілі, што Ўкраіна ніколі не пагражала і цяпер не пагражае Беларусі, нягледзячы на тое, што менавіта зь беларускай тэрыторыі наносяцца ракетныя, авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары па ўкраінскіх гарадах.

«Калі армія Беларусі падтрымае расейскую агрэсію, мы адкажам. Адкажам гэтаксама жорстка, як і ўсім акупантам на тэрыторыі Ўкраіны — з выкарыстаньнем усяго арсэналу ўзбраеньняў, з нанясеньнем удараў па вайсковых аб’ектах на тэрыторыі вашай краіны. Мы ня хочам гэтага. Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі не выконваць загады вашага кіраўніцтва аб уступленьні ў вайну супраць Украіны, якія зьяўляюцца злачынствам згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і нормамі міжнароднага права», — адзначаецца ў звароце.

«Мы заклікаем вас не разьдзяляць адказнасьць за ваенныя злачынствы, ужо ўчыненыя расейскай арміяй ва Ўкраіне. Мы заклікаем вам не хаваць вашых сыноў, мужоў, бацькоў, братоў, загінулых за амбіцыі і страх Пуціна і Лукашэнкі страціць сваю ўладу», — заклікалі ўкраінскія вайскоўцы.

20 кастрычніка намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў заявіў пра рост пагрозы новага ўварваньня з тэрыторыі Беларусі ў сувязі з канцэнтрацыяй Расеяй войскаў і боепрыпасаў уздоўж украінскай мяжы.

«Узмацняецца агрэсіўная рыторыка вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расеі і Беларусі, якая суправаджаецца разгортваньнем рэгіянальнай групоўкі войскаў так званай саюзнай дзяржавы. Пагроза аднаўленьня Ўзброенымі сіламі Расеі наступу на паўночным фронце павялічваецца. На гэты раз кірунак наступу можа быць зьменены на захад беларуска-ўкраінскай мяжы», — заявіў Аляксей Громаў.

У той жа час прэсавы сакратар камандаваньня вайскова-паветраных сіл Украіны Юры Ігнат заявіў у камэнтары Радыё Свабода, што колькасьць вайсковай авіяцыі на аэрадромах Беларусі «сталая», і «сэнсацыйнага» павелічэньня яе няма.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG