Згарэла жыўцом. Ва Ўкраіне расказалі пра цяжарную жанчыну, якая загінула ў Дніпры ад расейскага абстрэлу

Наступствы ракетнага ўдару па Дніпры, 25 кастрычніка 2022

Расейскія войскі позна ўвечары 25 кастрычніка абстралялі горад Дніпро. Парэшткі ракеты зачапілі бліжэйшую аўтазаправачную станцыю, дзе знаходзілася маладая сям’я, якая чакала дзіця.

Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што сваім ударам у раёне гораду Дніпро яны «зьнішчылі нафтасховішча, зь якога ажыцьцяўлялася забесьпячэньне дызэльным палівам групоўкі войскаў на Данбасе».

Наступствы ракетнага ўдару па Дніпры, 25 кастрычніка 2022. Рэшткі машыны

У выніку гэтай расейскай атакі двое чалавек загінулі і чацьвёра атрымалі цяжкія раненьні. Сярод загінулых — 25-гадовая Іна Аданец.

Наступствы ракетнага ўдару па Дніпры, 25 кастрычніка 2022

Як паведаміла мясцовае выданьне «Наше місто Дніпро», на момант выбуху Іна знаходзілася ў аўтамабілі, пакуль муж запраўляў транспарт палівам. Яна згарэла жыўцом, а муж атрымаў цяжкія раненьні.

«Расейскі ўдар па Дніпры забраў жыцьцё маладой жанчыны, якая была з надзеяй... Нелюдзі. Такое не прабачаюць», — напісаў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка.

Іна скончыла Днепрапятроўскае аддзяленьне Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў, атрымала дыплём па спэцыяльнасьці дакумэнтазнаўства.

«Працавала ў дзіцячым забаўляльным цэнтры. Атрымлівала асалоду ад жыцьця разам з каханым мужам. Пара зь нецярпеньнем чакала нараджэньня дзіцяці, але расейцы зьнішчылі іхныя мары», — напісалі мясцовыя журналісты.

Наступствы ракетнага ўдару па Дніпры, 25 кастрычніка 2022. Рэшткі ракеты

У Іны Аданец засталіся маці, бабуля, сястра і муж, які цяпер з раненьнямі ляжыць у лякарні.

«Для нас гэтая вялікая страта. Ня хочам у гэта верыць. Гэта найбольшая страта для бацькоў. Так ня мусіла быць. Гэта боль на ўсё жыцьцё», — сказала мясцовым журналістам Анастасія, сяброўка загінулай Іны.


Ад гэтага ж выбуху загінуў і апэратар аўтамыйкі, што была побач з запраўкай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея зьменшыла інтэнсіўнасьць ракетных абстрэлаў па Ўкраіне, але павялічыла колькасьць авіяўдараў у прыфрантавой зоне

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што 25 кастрычніка расейскія войскі нанесьлі 5 ракетных і 30 авіяцыйных удараў, а таксама зрабілі звыш 100 абстрэлаў ня менш як 40 населеных пунктаў Украіны. За адзін дзень ва Ўкраіне загінулі 11 грамадзян, 14 атрымалі раненьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Байдэн папярэдзіў, што прымяненьне Расеяй ядзернай зброі стала б «надзвычай сурʼёзнай памылкай»