Карэспандэнт «Север.Реалии» пагаварыў з тымі, хто спрабаваў уцячы ад мабілізацыі праз Беларусь, але ня здолеў. Адным зь іх аказаўся беларус, які меў расейскае грамадзянства і жыў у Санкт-Пецярбургу.
Да нядаўняга часу патэнцыйныя прызыўнікі, якія ўцякалі ад мабілізацыі, дабіраліся да Менску, у тым ліку з дапамогай «прыватнікаў», якія перавозяць туды расейцаў абыходнымі шляхамі, як правіла, праз закінутыя памежныя заставы. Яны даяжджалі да менскага аэрапорту і ляцелі ў эўрапейскія краіны. Цяпер іх сталі здымаць з рэйсаў, хаця ніякіх афіцыйных забаронаў няма: на «гарачай лініі» аб перасячэньні дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь карэспандэнта «Север.Реалий» запэўнілі, што новых абмежаваньняў на перамяшчэньне грамадзян РФ ня ўводзілі.
Аднак у рэальнасьці зьняцьці расейцаў з рэйсаў пачаліся 21 кастрычніка, і цяпер такіх гісторый ужо дзясяткі.
Пецярбурскі беларус Кірыл К. быў адным зь першых, хто трапіў пад новую неафіцыйную забарону. Ён спрабаваў пакінуць Беларусь тройчы, але кожны раз атрымліваў адмову.
— Мне 30 гадоў, — дзеліцца Кірыл К. — Я сяржант, служыў у войску ў Пецярбургу ў 2012–2013 гадах. Ёсьць вайскова-ўліковая спэцыяльнасьць і пасада — камандзір аддзяленьня. Гэта значыць, сапраўдны жывы вайсковец. Рашэньне зьяжджаць з Расеі было прынята, як толькі пачалася мабілізацыя. Усё, што цяпер адбываецца ў краіне, — гэта абсалютна міма мяне, я гэтага зусім не падтрымліваю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украінская выведка: ПВК «Вагнэр» рэкрутуе зьняволеных зь ВІЧ і гепатытамПа словах Кірыла К., перад ад’ездам ён прадумаў, якія ёсьць варыянты пакінуць Расею, каб ягоных дакумэнтаў ніхто не правяраў і не павярнуў на мяжы.
— Паколькі я родам зь Менску, то ведаю, як можна перасячы мяжу на аўтамабілі, зусім не фігуруючы нідзе, праз старыя закінутыя памежныя пункты. Паехаў гэтым маршрутам, дабраўся да Менску. Там шмат сяброў, сваякоў... Было дзе спыніцца, узяць машыну на беларускіх нумарах, каб не сьвяціцца нідзе. Яшчэ ў Пецярбургу я загадзя ўзяў білет зь Менску ў Стамбул. А далей зьбіраўся ляцець на Балі, на зімоўку. 21-га кастрычніка прыехаў у аэрапорт. Усё штатна, здаў багаж, чакаў кантролю... На мяжы стандартныя пытаньні: куды ляціце, мэта паездкі. Адказваў, як ёсьць: лячу ў Стамбул, там перасадка. Усё добра, добра.
Потым у нейкі момант твар у дзяўчыны ў акенцы зьмяніўся. Яна вельмі ўважліва нешта разглядала на кампутары. Было відаць, што яна не разумее, што адбываецца. А там у менскім аэрапорце так зроблена, што ў будцы па два чалавекі сядзяць. Яна павярнулася да сваёй калегі, нешта прашаптала, тая паціснула плячыма. Потым яны выклікалі трэцяга. Некалькі хвілін яны стаялі, нешта націскалі, а потым забралі мае дакумэнты і сказалі: «Пройдзем!».
Мяне прывялі ў іншую частку ў гэтай жа зоне, папрасілі пачакаць. Там ужо знаходзіўся малады чалавек, таксама гадоў 30. Мы зь ім пазнаёміліся, ён з Маскоўскай вобласьці. Празь некалькі хвілін да нас выйшлі, сказалі: «Хлопцы, на жаль, вы не ляціце, мы вас здымаем з рэйсу», — кажа Кірыл К.
На пытаньне аб прычынах мужчынам адказалі, што ўсё прапісана ў пагадненьні паміж Расеяй і Беларусьсю ад 2015 году.
«Мы ім: „Дайце адмову пісьмовую“, а яны: „Ня маем паўнамоцтваў, зьвяртайцеся ва УФМС Расейскай Фэдэрацыі“. Я кажу: „Якія прычыны? Мабілізацыя? Але мне не прыходзіла позва“. Адказваюць: „Ня можам знаць, у вас адмова“. І ўсё. Увогуле размова была грубая і досыць кароткая. Вядома, першы раз было стрэсава».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
СМІ: На палігонах пад Асіповічамі і Баранавічамі актыўна трэнуюць расейскіх мабілізаваныхЗатым Кірыл К. спрабаваў купіць другі квіток да Стамбула, са зваротным, а таксама ў Астану, аднак кожны раз паўтаралася працэдура з адмовай.
«Я заўжды сябе ідэнтыфікаваў як беларуса. Але Расея гэта мая краіна і я яе паўнапраўны грамадзянін. І я люблю Расею, я люблю Пецярбург, гэта мой горад, ён мне даў увесь мой сьветапогляд. Тут мой дом, мае бацькі, усё тое, што дарагое для мяне. І калі б так склалася, што мы сталі ахвярай нападу і адкрытай агрэсіі, я б не дазволіў сабе зьехаць. Але ўсё ня так. Мая краіна зачараваная, але гэтыя чары ня вечныя».
Па розных дадзеных, пасьля абвяшчэньня частковай мабілізацыі 21 верасьня толькі за першыя два тыдні Расею пакінулі ад 700 тысяч да 1 мільёна чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Што вядома пра разьмяшчэньне расейскіх вайскоўцаў у Беларусі. МАПАВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.