Расея зьнішчае энэргетыку, але ва Ўкраіне насуперак вайне пачынаюць ацяпляльны сэзон і аказваюць дзяржаўныя паслугі

Наступствы расескага нападу на Ўкраіну. Ілюстратыўнае фота

Апошнія 10 дзён Расея ня зьмяняе сваёй стратэгіі і цэляў абстрэлаў ва Ўкраіне. Расейскія войскі атакуюць ракетамі з Чорнага і Касьпійскага мораў і з акупаваных украінскіх тэрыторый, а таксама дронамі іранскага паходжаньня як з расейскай, так і беларускай тэрыторыі.

Пад прыцэлам — поўдзень, цэнтар, усход і захад Украіны. У выніку абстрэлаў 19 кастрычніка ад расейскіх ракет і мін загінулі 19 мірных жыхароў і 23 атрымалі раненьні.

Кіеў атакуюць дронамі і ракетамі

Украінская сталіца з 10 кастрычніка штодзень жыве ва ўмовах паветранай трывогі — уначы, раніцай, удзень і ўвечары. За час гэтых абстрэлаў Расея пашкодзіла некалькі энэргетычных і цеплавых аб’ектаў, але кіеўскія энэргетыкі робяць немагчымае, аднаўляючы энэргазабесьпячэньне кіеўлян.

Гарадзкія ўлады нават абвясьцілі, што з 20 кастрычніка будуць паступова падключаць жылыя раёны да ацяпленьня.

19 кастрычніка ўкраінскія сілы зьнішчылі 10 дронаў-камікадзэ, якія ляцелі ў кірунку Кіеўскай ГЭС, а таксама раней ужо атакаваных аб’ектаў энэргетыкі на левым беразе Дняпра.

З пачатку інтэнсіўнай атакі дронамі супрацьпаветраная абароны Ўкраіны зьбіла 233 «шагедаў». Вайскоўцы ганарацца такім вынікам — за гэты час сваёй мэты дасягнулі толькі 37 бесьпілётнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Gallup: большасьць украінцаў настроены весьці вайну з Расеяй да поўнай перамогі

Расея факусуецца на ўдарах па найбуйнейшых ГЭС

19 кастрычніка Расея атакавала Бурштынскую ЦЭС. Гэта цеплаэлектрастанцыя зьяўляецца знакавай для Ўкраіны. Яна з 2002 году працуе ў эўрапейскай энэргасыстэме ў рэжыме так званага «энэргавострава». Празь яе Ўкраіна пастаўляе электраэнэргію ў Вугоршчыну, Славаччыну і Румынію.

Станцыя, якая знаходзіцца ў Івана-Франкоўскай вобласьці, ужо другі раз пад расейскімі абстрэламі — 10 кастрычніка чатыры ракеты пацэлілі ў адкрытыя разьмеркавальныя прылады, 19 кастрычніка абстрэл выклікаў пажар і станцыю давялося выключыць з энэргасыстэмы.

Абласныя ўлады Івана-Франкоўшчыны кажуць, што ў абодвух выпадках пэрсанал станцыі не пацярпеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што апанэнты Лукашэнкі могуць прапанаваць Украіне? Кавалеўскі расказаў, пра што гутарыў з украінскімі ўладамі

У Запароскай вобласьці расейцы атакавалі дзіцячую спэцшколу

Раніцай 20 кастрычніка ў выніку абстрэлаў Запароскай вобласьці ў Камышавасе зруйнаваныя жылыя будынкі і інфраструктура. Найбольшыя пашкоджаньні атрымала дзіцячая спэцыялізаваная школа.

Паводле ўладаў Украіны, з пачатку поўнамаштабнай вайны расейскія войскі цалкам зьнішчылі 329 навучальных устаноў і яшчэ 2321 атрымала пашкоджаньні.

Пацярпелі 1245 дзяцей: 428 загінулі і 817 атрымалі раненьні. Але гэта ня поўныя зьвесткі. Улады ня маюць доступу да акупаваных Расеяй тэрыторый, дзе працягваецца зьнішчэньне ўкраінскіх грамадзян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

NATO паставіць Украіне сыстэмы СПА для барацьбы зь бесьпілётнікамі «бліжэйшымі днямі», — Столтэнбэрг

Дзяржаўныя паслугі спынялі толькі ў першыя месяцы вайны

Праз тры месяцы пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне дзяржаўныя ўстановы паступова аднавілі абслугоўваньне грамадзян — працуюць суды і сэрвісныя цэнтры дзяржаўных паслуг, аднавілі працу падатковыя службы.

У апошнія дні, калі пачаліся інтэнсіўныя атакі Расеі, у іх істотна павялічыліся чэргі. На час трывогі спыняецца праца і людзі вымушаныя чакаць на вуліцы або ў бомбасховішчах, калі такія ёсьць побач. Людзей становіцца больш, бо ўсе хочуць атрымаць пашпарты ці іншыя дакумэнты, асьцерагаючыся, што адпаведныя сэрвісы спыняць ці абмяжуюць сваю працу з прычыны абмежаваньняў падачы электраэнэргіі.

Улады зноў абвясьцілі, што будуць веерныя адключэньні пасьля ўчорашніх расейскіх атак на электраэнэргетыку.

Сёньняшнюю раніцу беларуска Кацярына сустрэла ў адной з раённых адміністрацый Кіева.

«Сёньня чарговы раз спрабую атрымаць неабходную мне даведку аб месцы рэгістрацыі. Спраў на 10 хвілін, але зноў мушу вяртацца, бо другі дзень запар трывога і калі яе скасуюць, невядома. Апошнія дні яны становяцца ўсё больш працяглымі. Літаральна пяці хвілін не хапіла — адміністратар пачала ўжо ўносіць мае зьвесткі ў кампутар, калі прагучала паветраная трывога», — расказала яна Свабодзе.

У гэты час супрацоўнікі адміністрацыі папрасілі ўсіх грамадзян выйсьці з будынка, але людзі захваляваліся.

«Чаму вы нас выганяеце на вуліцу? Куды нам ісьці? Вы ж усе ідзяце ў бомбасховішча, то чаму нас туды нельга пусьціць?», — пачала абурацца адна пажылая жанчына.

Але чарга хутка расьсеялася — большасьць людзей пайшлі ў найбліжэйшы падземны пераход, а іншыя, як і Кацярына, вырашылі не чакаць завяршэньня трывогі і пайшлі дадому.

«Няма сэнсу чакаць, бо ўчора трывогу скасавалі недзе а палове пятай. З улікам чэргаў можна сваёй чаргі і не дачакацца», — патлумачыла Кацярына.

Нядаўна гарадзкія ўлады Кіева пастанавілі, што на час паветранай трывогі мусіць спыняцца і наземны камунальны транспарт. Але прыватныя маршруткі працягваюць ажыцьцяўляць свае рэйсы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Эстоніі дэпутаты прызналі Расею дзяржавай – спонсарам тэрарызму

На ўсходзе і поўдні Ўкраіны ня толькі абстрэлы, але і спробы наступу

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што расейскія войскі намагаюцца ўтрымаць свае пазыцыі на ўжо захопленых тэрыторыях, але на асобных кірунках пэрыядычна наступаюць.

«За апошнія суткі падразьдзяленьні і сілы абароны адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласьці і ў Данецкай вобласьці каля Бахмута, Бахмуцкага, Кляшчэеўкі, Краснагораўкі, Новаміхайлаўкі, Вопытнага і Мар’інкі», — паведаміў сьпікер Генштабу Ўкраіны Аляксандар Штупун.

Паводле яго, 19 кастрычніка расейскія войскі нанесьлі 11 ракетных і 28 авіяцыйных удараў па Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Урад Украіны: 130 расейскіх ракетаў і дронаў ня здолелі зламаць энэргетычную ўстойлівасць краіны

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.