Як паказала сацыялягічнае апытаньне кампаніі Gallup, падтрымка вядзеньня вайны аж да перамогі наймацнейшая ў рэгіёнах, найбольш аддаленых ад баявых дзеяньняў, і значна слабейшая ў рэгіёнах, дзе ідзе вайна.
Новае сацыялягічнае апытаньне, праведзенае агенцтвам Gallup у мінулым месяцы і апублікаванае на гэтым тыдні, паказаў, што 70% украінцаў хочуць працягваць вайну з Расеяй да перамогі, а 91% рэспандэнтаў заявіў, што перамога азначае вяртаньне пад кантроль усёй украінскай тэрыторыі, захопленай Расеяй, у тым ліку Крыму. Пра вынікі апытаньня піша «Голас Амэрыкі».
Апытаньне праводзілася ў верасьні на фоне аптымістычных настрояў ва ўкраінскім грамадзтве ў сувязі зь перамогамі на палях бітваў і перад апошняй хваляй расейскіх авіяўдараў па ўкраінскіх гарадах.
Вынікі апытаньня сьведчаць пра моцную падтрымку пазыцыі прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, які ў канцы мінулага месяца заявіў, што ня будзе дабівацца спыненьня вайны шляхам перамоваў да таго часу, пакуль Уладзімір Пуцін застаецца прэзыдэнтам Расеі.
Выступіўшы неўзабаве пасьля таго, як Пуцін абвясціў незаконную «анэксію» Расеяй чатырох украінскіх тэрыторый, Зяленскі сказаў: «Украіна ня будзе весьці ніякіх перамоваў з Расеяй, пакуль Пуцін зьяўляецца прэзыдэнтам Расеі. Мы будзем весьці перамовы, але з новым прэзыдэнтам».
На момант правядзеньня апытаньня ўкраінскія войскі падчас контранаступу адваявалі вялікія ўчасткі тэрыторыі на ўсходзе, узьняўшы баявы настрой жыхароў Украіны. Украінскія Ўзброеныя сілы зараз набліжаюцца да Херсона, аднак прагрэс у гэтым раёне замарудзіўся, у той час як Расея адказала сэрыяй разбуральных паветраных нападаў на цывільныя аб’екты і інфраструктуру па ўсёй Украіне.
Як паказала сацапытаньне, падтрымка вядзеньня вайны аж да перамогі наймацнейшая ў рэгіёнах, найбольш аддаленых ад баявых дзеяньняў, і значна слабейшая ў рэгіёнах, дзе ідзе вайна.
«Падтрымка ваенных дзеяньняў найбольш высокая ў такіх месцах, як Кіеў (83%), а таксама ў заходніх (82%), цэнтральных (78%) і паўночных (75%) рэгіёнах краіны. Значна менш значная большасьць насельніцтва на ўсходзе (56%) і поўдні (58%) падтрымліваюць працяг вайны», — паведамляе Gallup.
«Там, дзе вайна стаіць проста ля вашага парога, ваша галоўная задача — проста спыніць баявыя дзеяньні, спыніць гвалт, які працягваецца», — сказаў прадстаўнік Gallup Р. Дж. Рэйнхарт у тэлефонным інтэрвію.
Акрамя таго, ён адзначыў, што заходняя частка краіны традыцыйна «больш арыентаваная на Эўропу, больш арыентаваная на Захад, тады як насельніцтва ўсходу, прынамсі ў нейкай ступені, больш арыентаванае на Расею».
Тым ня менш, паводле яго, апытаньне паказвае, што ў краіне ёсьць «яўная большасьць, якая падтрымлівае барацьбу да перамогі».