Zerkalo.io дасьледавала, што гэта значыць на практыцы. 10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка правёў чарговую нараду зь сілавым блёкам. Там ён заявіў:
«У сувязі з абвастрэньнем на заходніх межах Саюзнай дзяржавы мы дамовіліся аб разгортваньні рэгіянальнай групоўкі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Гэта ўсё па нашых дакумэнтах. Калі ўзровень пагрозы дасягае цяперашняга ўзроўню, як зараз, мы пачынаем задзейнічаць групоўку Саюзнай дзяржавы. Аснова гэтай групоўкі — армія, Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь. Павінен вас інфармаваць, што фармаваньне гэтай групоўкі пачалося. Яно ідзе ўжо, па-мойму, цягам двух дзён. Аддадзена было маё распараджэньне, каб мы прыступілі да фармаваньня гэтай групоўкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка заявіў аб разгортваньні супольнай з Расеяй групоўкі войскаў. У Беларусь прыбудуць тысячы расейскіх салдатаўГэта нешта новае? Не
Згодна зь першым разьдзелам Ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы (прынятай 4 лістапада 2021 году), «рэгіянальная групоўка войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі (далей — РГВ) — разьмешчаныя ў мірны час або разгорнутыя ў пэрыяд нарастаньня ваеннай пагрозы (пэрыяд непасрэднай пагрозы агрэсіі) у рэгіёне для адбіцьця магчымай агрэсіі органы кіраваньня і войскі (сілы) Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Ўзброеных Сіл Расейскай Фэдэрацыі, а таксама іншыя вайсковыя фармаваньні бакоў, прымяненьне якіх заплянавана па адзінай задуме і пляне».
Калі прасьцей, то гэта некаторая частка войскаў Расеі і Беларусі, якая аб’яднана і дзейнічае па сумесным пляне, калі небясьпека пагражае абедзьвюм краінам. Пры гэтым ніякага дачыненьня да таго, будзе вайна ці не, рэгіянальная групоўка сама па сабе ня мае — яе існаваньне магчыма і ў мірны час.
Выкарыстаньне РГВ прадугледжваецца і ў беларускай ваеннай дактрыне. Так, пункт 43 разьдзела 8 гэтага дакумэнту «Ваенная арганізацыя дзяржавы і асновы яе прымяненьня» паказвае, што:
- пытаньні арганізацыі прымяненьня ваеннай сілы Рэспублікай Беларусь, каб гарантаваць бясьпеку Саюзнай дзяржавы, вызначаюцца дамовамі з Расеяй і выконваюцца рэгіянальнай групоўкай войскаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі;
- у пэрыяд нарастаньня ваеннай пагрозы ствараецца Абʼяднанае камандаваньне рэгіянальнай групоўкай войскаў.
На момант публікацыі гэтага тэксту аб стварэньні Абʼяднанага камандаваньня не абвяшчалі ні беларускія ўлады, ні расейскія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Малаімаверна, што беларускае войска ўступіць у вайну ў бліжэйшыя тыдні» — украінскі экспэрт Ігар ТышкевічНавошта групоўка патрэбная?
Адказ на гэта ёсьць у першым разьдзеле Ваеннай дактрыны так званай Саюзнай дзяржавы:
- для «адбіваньня нападу, нанясеньня паражэньня агрэсару і стварэньня перадумоў для спыненьня ваенных дзеяньняў на ўмовах, якія адпавядаюць інтарэсам дзяржаў-удзельніц».
Існаваньне такой групоўкі не прадугледжвае сумесных ваенных дзеяньняў за межамі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіеў і іншыя гарады Ўкраіны пад інтэнсіўным расейскім абстрэлам. Ёсьць ахвяры і разбурэньніВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.