Катавалі токам, вырывалі пазногці, адразалі геніталіі. На Харкаўшчыне знайшлі 22-ю катоўню, дзе расейцы зьдзекаваліся з украінцаў

Масавыя пахаваньні каля Ізюма, 15 верасьня 2022

У Ізюмскім раёне Харкаўскай вобласьці эксгумавалі целы 534 цывільных грамадзян Украіны, закатаваных расейскімі войскамі ў часе акупацыі.

«Зь іх 226 жанчын, 260 мужчын, 19 дзяцей, у 13 зь якіх ня вызначылі пол. І парэшткі 29 асобаў, якія не апазнаныя. Гэта з улікам целаў, якія знайшлі ў Ізюме», — паведаміў на брыфінгу ў Харкаве начальнік сьледчага ўпраўленьня паліцыі Харкаўскай вобласьці Сяргей Болвінаў.

Масавыя пахаваньні ўкраінскіх салдатаў з завязанымі рукамі каля Ізюму, 16 верасьня 2022 г.

Паводле яго, у часе апрацоўваньня вызваленых населеных пунктаў у вёсцы Пяскі-Радзькоўскія Ізюмскага раёну знайшлі яшчэ адну катоўню, якую зрабілі расейскія войскі ў падвале аднаго з прыватных дамоў.

«У гэтым падвале расейцы трымалі цывільнае насельніцтва і палонных і катавалі іх. Маем сьведак, якія паведамілі, што з гэтага падвалу чулі крыкі аб дапамозе, просьбы вызваліць. Часам людзі прасіліся ў туалет. Пасьля такіх крыкаў мясцовыя жыхары чулі аўтаматныя стрэлы, пасьля якіх крыкі спыняліся», — паведаміў Сяргей Болвінаў.

Паводле яго, сярод доказаў сьледчыя знайшлі плястыкавыя хамуцікі і вяроўкі, якія расейцы выкарыстоўвалі, каб зьвязваць рукі або ногі, фаляімітатар, вайсковыя курткі, падобныя да ўкраінскай форме, паперы з «паказаньнямі» ваеннапалонных, жэтон украінскага вайскоўца.

Масавыя пахаваньні ўкраінскіх салдатаў з завязанымі рукамі каля Ізюму, 16 верасьня 2022 г.

«Сярод доказаў мы знайшлі плястыкавы кантэйнэр, што нас уразіла, з зубнымі пратэзамі шэрага і жоўтага колеру і рэшткамі зубоў, якія накіравалі на правядзеньне малекулярна-генэтычнай экспэртызы, каб вызначыць, каму належаць рэшткі гэтых зубоў», — удакладніў прадстаўнік паліцыі Харкаўскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гісторыя сям’і з Ізюму, тры пакаленьні якой забілі расейскія акупанты

У той жа час, паводле яго, сьледзтва правярае магчымасьць таго, што гэтыя зубныя пратэзы маглі належаць прафэсійнаму дантысту.

Сяргей Болвінаў дадаў, што група расейскіх вайскоўцаў, якая дысьлякавалася ў вёсцы Пяскі-Радзькоўскія, «працавала» і ў прылеглых раёнах — затрымлівала цывільных, якіх называлі наводчыкамі, трымала іх у падвале, дзе іх білі і катавалі.

Масавыя пахаваньні каля Ізюму, 15 верасьня 2022 г.

Знойдзеная катоўня стала ўжо 22-й выяўленай на дэакупаванай тэрыторыі Харкаўскай вобласьці.

Сяргей Болвінаў паведаміў, што практычна ў кожным паселішчы расейцы стваралі адмысловыя памяшканьні, дзе трымалі палонных украінскіх вайскоўцаў і цывільных. Паводле яго, найчасьцей расейцы катавалі электрычным токам і моцным біцьцём.

«Ёсьць факты, калі зьдзіралі пазногці. Ёсьць іншыя жахлівыя факты, у тым ліку і выкарыстаньне процігазаў для задушэньня, і іншыя катаваньні», — адзначыў паліцыянт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва ўрадзе Ўкраіны заявілі аб вызваленьні з пачатку контранаступу 421 населенага пункту

Як доказ ён прывёў частку паказаньняў 67-гадовага мужчыны з Ізюму, якога расейцы моцна білі ў часе «допыту», зламалі яму руку і працягвалі дапытваць пасьля таго, як яму працягнулі пад скурай паміж лапаткамі на сьпіне роварную сьпіцу, патрабуючы прызнацца ў тым, што карэктаваў нанясеньне ўдараў па пунктах базаваньня расейскіх войскаў.

«На жаль, такіх гісторыяў вельмі шмат. У часе папярэдняга агляду целаў, знойдзеных у месцы масавага пахаваньня ў Ізюме, мы фіксавалі зьвязаныя рукі за сьпінамі, кулявыя раненьні ў галаву, а таксама былі целы з парэзамі ў пахвіне», — дадаў Сяргей Болвінаў.

Масавыя пахаваньні каля Ізюму, 16 верасьня 2022

Паводле яго, таксама зафіксаваныя факты згвалтаваньня жанчын як у катоўнях, так і за іх межамі.

Праваахоўныя органы Ўкраіны пры дапамозе калег з Францыі і Польшчы дакумэнтуюць ваенныя злачынствы расейскіх вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чэхія, якая старшынюе ў Эўразьвязе, патрабуе міжнароднага трыбуналу над Расеяй

Ва ўмовах ваенных дзеяньняў апэратыўна праверыць гэтую інфармацыю немагчыма. Расейскі бок адмаўляе факты катаваньняў. У верасьні сьледчая камісія ААН у справе Ўкраіны прыйшла да высновы, што расейскія войскі чыняць на тэрыторыі Ўкраіны масавыя ваенныя злачынствы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выснова Сьледчай камісіі ААН: «Расейская армія ўчыняе ваенныя злачынствы ў вялізарным маштабе»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.