Нобэлеўскую прэмію міру прысудзілі Алесю Бяляцкаму, расейскаму «Мэмарыялу» і ўкраінскаму «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў»

Нобэлеўскі камітэт прысудзіў Нобэлеўскую прэмію міру зьняволенаму кіраўніку беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму і прадстаўнікам праваабарончых арганізацыяў Расеі і Ўкраіны

Ляўрэатаў прэміі міру назвалі ў Осла 7 кастрычніка. Прызавы фонд за гэтую намінацыю, як і за іншыя, складзе дзесяць мільёнаў швэдзкіх крон (каля $900 тысяч).

Адносна Алеся Бяляцкага, Нобэлеўскі камітэт адзначыў:

«Алесь Бяляцкі быў адным з ініцыятараў дэмакратычнага руху, які ўзьнік у Беларусі ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Ён прысьвяціў сваё жыцьцё прасоўваньню дэмакратыі і мірнага разьвіцьця ў сваёй краіне. Сярод іншага, ён заснаваў арганізацыю „Вясна“ ў 1996 годзе ў адказ на спрэчныя канстытуцыйныя папраўкі, якія далі прэзыдэнту дыктатарскія паўнамоцтвы і выклікалі масавыя дэманстрацыі. „Вясна“ аказала падтрымку зьняволеным дэманстрантам і іх сем’ям. У наступныя гады „Вясна“ ператварылася ў праваабарончую арганізацыю шырокага профілю, якая дакумэнтавала і пратэставала супраць ужываньня ўладамі катаваньняў у дачыненьні да палітвязьняў.

Улады неаднаразова спрабавалі прымусіць Алеся Бяляцкага замаўчаць. З 2011 па 2014 гады ён знаходзіўся ў зьняволеньні. Пасьля масавых дэманстрацый супраць рэжыму ў 2020 годзе яго зноў арыштавалі. Ён дагэтуль знаходзіцца пад вартай без суду. Нягледзячы на велізарныя асабістыя цяжкасьці, спадар Бяляцкі не саступіў ні на сантымэтар у сваёй барацьбе за правы чалавека і дэмакратыю ў Беларусі».

Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі зь ліпеня 2021 году разам з паплечнікамі застаецца за кратамі. Агулам шасьцёра вясноўцаў у турме: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Леанід Судаленка, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы плакалі ад шчасьця і скакалі» — беларускія праваабаронцы пра Нобэлеўскую прэмію для Алеся Бяляцкага

Кіраўніца Нобэлеўскага камітэту ў Осла заявіла, што камітэт гэтай узнагародай зьвяртаецца да ўладаў Беларусі з заклікам вызваліць Алеся Бяляцкага:

«Мы заклікаем улады Беларусі вызваліць спадара Бяляцкага; мы спадзяемся, гэта здарыцца і ён здолее прыехаць у Осла і атрымаць прэмію. Але ў Беларусі тысячы палітычных вязьняў, і я баюся, што маё жаданьне ня вельмі рэалістычнае. Але я заклікаю вызваліць яго», — сказала прадстаўніца Нобэлеўскага камітэту ў Осла.

Было таксама падкрэсьлена, што гэта ўзнагарода для грамадзянскіх спольнасьцяў трох суседніх краін. Дзьве з гэтых краін, Беларусь і Расея, прадстаўленыя рэпрэсіўнымі рэжымамі, а Ўкраіна цяпер зь імі змагаецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маральны аўтарытэт, чые каштоўнасьці бясспрэчныя». Што трэба ведаць пра ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага

Жонка Бяляцкага падзякавала Нобэлеўскаму камітэту за прызнаньне

Натальля Пінчук, жонка палітвязьня Алеся Бяляцкага, дала камэнтар Свабодзе з нагоды Нобэлеўскай прэміі міру для яе мужа.

«Я толькі што, будучы ў дарозе, даведалася пра Нобэлеўскую прэмію для Алеся. Мяне перапаўняюць эмоцыі, трэба сабрацца з думкамі. Але перш за ўсё я выказваю вялізную ўдзячнасьць Нобэлеўскаму камітэту і сусьветнай супольнасьці за прызнаньне працы Алеся, яго паплечнікаў і яго арганізацыі», — сказала Натальля Пінчук.

Паводле яе, лісты ад Алеся Бяляцкага зь СІЗА прыходзяць, але ў іх няма дэталяў пра ягонае жыцьцё ў зьняволеньні.

Чытайце падрабязна: Жонка Бяляцкага падзякавала Нобэлеўскаму камітэту за прызнаньне і расказала, што муж піша з турмы

Алексіевіч: «Што зробіць зь ім улада, цяжка ўявіць»

«Лічу Бяляцкага міфалагічнай фігурай беларускай барацьбы. Заслужыў — гэтага мала сказаць. Гэта ўжо даўно яго прэмія», — сказала Тэлеграм-каналу «Позірк. Навіны пра Беларусь» ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч.

«Тое, што зрабіла і робіць у гэтых умовах створаная ім „Вясна“, — гэта ў ягоным духу, у ягонай філязофіі. Я вельмі радая», — заявіла нобэлеўская ляўрэатка.

Сьвятлана Алексіевіч сумняваецца, што пасьля гэтага Бяляцкага выпусьцяць з турмы.

«Што зробіць зь ім улада, цяжка ўявіць, але такі чалавек ня можа быць у турме — гэта прыніжэньне і народу, і самой улады, калі яна гэта разумее», — падкрэсьліла Сьвятлана Алексіевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч: Алесь Бяляцкі для беларускай барацьбы — міталягічная фігура

Ціханоўская: «Алесь Бяляцкі — гонар беларусаў»

«Алесь Бяляцкі — гонар беларусаў. Цяпер пра гэта ведаюць ува ўсім сьвеце. Цяпер у Беларусі ёсьць яшчэ адзін Нобэлеўскі ляўрэат — які супрацьстаіць дыктатуры і вайне», — адзначыла Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускае грамадзтва мае каштоўнасьці і гатовае за іх ахвяравацца». 10 цытатаў Алеся Бяляцкага на Свабодзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронца, беларус, літаратар. Фотажыцьцяпіс Алеся Бяляцкага

Якія арганізацыі атрымалі разам з Алесем Бяляцкім Нобэлеўскую прэмію міру

«Цэнтар грамадзкіх свабодаў» быў створаны ва Ўкраіне ў 2007 годзе для прасоўваньня каштоўнасьцяў правоў чалавека. У 2020 годзе цэнтар далучыўся да глябальнай кампаніі #BelarusWatch, у межах якой валянтэры з розных краіны займаліся зборам і дакумэнтацыяй парушэньня правоў чалавека ў Беларусі з пачатку масавых акцый пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

«Цэнтар грамадзкіх свабодаў» у 2020-2021 гадах правёў шэраг супольных зь беларускімі актывістамі акцый каля амбасады Беларусі ва Ўкраіне, у тым ліку «Гусь за Беларусь» і «Абаронім беларускіх дзяцей ад рэпрэсій».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гусь за Беларусь». Украінскія і беларускія актывісты правялі флэшмоб у Кіеве каля амбасады Беларусі. ФОТА

Прадстаўнікі арганізацыі далучыліся таксама да акцыі, якая праходзіла 26 жніўня 2020 году, калі нацыянальны цэнтар «Украінскі дом» у Кіеве падсьвяцілі бел-чырвона-белым на знак салідарнасьці і падтрымкі мірнага пратэсту ў Беларусі.

Цяпер актывісты арганізацыі ўдзельнічаюць у дакумэнтаваньні ваенных злачынстваў расейскай арміі ў часе яе акупацыі ўкраінскіх гарадоў і вёсак.

Праваабарончы цэнтр «Мемарыял» быў створаны ў 1989 годзе. Арганызацыя фіксуе выпадкі парушэньня правоў чалавека ў Расеі, праводзіць адукацыйныя праграмы і юрыдычныя кансультацыі для бежанцаў і палітвязьняў.

«Мэмарыял» быў прызнаны расейскімі ўладамі замежным агентам і ліквідаваны ў сьнежні 2021 года.

Летась Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў расейскі журналіст і праваабаронца, галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзьмітры Муратаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля ліквідацыі міжнароднага таварыства «Мэмарыял» суд у Расеі вырашыў забараніць аднайменны праваабарончы цэнтар
  • Паводле запавету вучонага Альфрэда Нобэля, прэмію міру прысуджаюць людзям або арганізацыям «за ўклад у згуртаваньне народаў, барацьбу з рабствам, за скарачэньне колькасьці арміяў і разьвіцьцё сусьветных ініцыятываў». Праз пэўны час дадалі новыя крытэры: за дасягненьні ў барацьбе зь міжэтнічнымі канфліктамі ці кліматычнымі пагрозамі, а таксама за заслугі ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека.
  • У 2022 годзе на прэмію міру пададзена 343 заяўкі: 251 чалавек і 92 арганізацыі. Гэта другі па колькасьці прэтэндэнтаў на прэмію год за ўвесь час яе існаваньня.
  • Абсалютны рэкорд быў у 2016 годзе, калі на Нобэлеўскую прэмію міру вылучылі 376 кандыдатаў.
  • У 2021-м у сьпісе намінантаў было 329 кандыдатаў.
  • Сьпіс з імёнамі застаецца таемным цягам 50 гадоў, але тыя, хто прапанаваў кандыдатуру, могуць раскрыць свой выбар.
  • Імёны магчымых кандыдатаў можна даведацца і на сайтах некаторых сусьветных СМІ — напрыклад, амэрыканскага часопісу Time і міжнароднага агенцтва Reuters, а таксама на старонцы Інстытуту дасьледаваньня міру ў Осла (Peace Research Institute Oslo — PRIO). Яны складаюць свае шорт-лісты, заснаваныя на зносінах з крыніцамі, блізкімі да Нобэлеўскага камітэту, уласных ацэнках і зьвестках ад букмэйкераў.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.