Дасьледаваньне Associated Press і Frontline: Расея зарабіла на продажы выкрадзенага ва Ўкраіне збожжа паўмільярда даляраў

Судна «Laodicea», якое перавозіла ўраджай з акупаванага расейскімі войскамі Мелітопаля ў Лібан

Крадзеж і вываз збожжа ў такіх маштабах можна кваліфікаваць як ваеннае злачынства.

Агенцтва Associated Press і фонд Frontline абнародавалі вынікі чарговага расьсьледаваньня.

Паводле журналістаў, з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну Расея прадала на зьнешнія рынкі выкрадзенае ўкраінскае збожжа на 500 мільёнаў даляраў.

Да такой высновы журналісты прыйшлі, прааналізаваўшы спадарожнікавыя фатаздымкі і зьвесткі радыёперадатчыкаў. Ім удалося адсачыць больш як 50 рэйсаў з збожжам з акупаваных тэрыторый Украіны ў парты Турэччыны, Сырыі, Лібану і іншых краін.

Журналісты расказваюць схему, паводле якой Расея змагла прадаць украінскае збожжа, на прыкладзе судна «Laodicea», якое перавозіла ўраджай з акупаванага расейскімі войскамі Мелітопаля. Гэты сухагруз прышвартаваўся ў порце Лібану.

Кіеў тады заяўляў, што на гэтым судне знаходзіцца выкрадзенае ўкраінскае збожжа, і заклікаў улады Лібану яго канфіскаваць, але Бэйрут тады стаў на бок Крамля.

Другой кампаніяй, якая, імаверна, займалася кантрабандай збожжа, была Аб’яднаная суднабудаўнічая карпарацыя. Яна праз сваю даччыную кампанію Crane Marine Contractor набыла тры грузавыя караблі ўсяго за некалькі тыдняў да нападу Расеі на Ўкраіну. Гэтыя сухагрузы ажыцьцявілі ня менш як 17 рэйсаў між Крымам і партамі Турэччыны і Сырыі.

Журналісты мяркуюць, што ўкраінскае збожжа незаконна дастаўлялі ня толькі ў Лібан, але і ў Сырыю, і ў Турэччыну, пры пасярэдніцтве якой пазьней падпісалі пагадненьне аб вывазе збожжа з заблякаваных Расеяй партоў Адэсы.

Экспэрты, зь якімі размаўлялі аўтары расьсьледаваньня, мяркуюць, што вываз збожжа ў такіх маштабах можна кваліфікаваць як ваеннае злачынства, бо марадэрства зьяўляецца крымінальна караным дзеяньнем згодна з міжнародным ваенным правам.

Крэмль усе абвінавачаньні ў крадзяжы ўкраінскага збожжа зьняпраўджвае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пуцін прыгразіў абмежаваць вываз збожжа з Украіны

Што папярэднічала

Расея з пачатку свайго ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну з 24 лютага заблякавала Чорнае мора для праходу гандлёвых суднаў.

Акваторыю мора замінавалі як расейскі, так і ўкраінскі бок — апошні зрабіў гэта, каб не дапусьціць высадкі расейскіх дывэрсійных груп каля Адэсы.

Адначасова расейскія войскі зьнішчылі некалькі вялікіх тэрміналаў, у якіх захоўвалася зерне мінулага ўраджаю, а пасьля акупацыі часткі ўкраінскага поўдня збожжа выкрадалі і перавозілі ў Крым для наступнага продажу на замежных рынках.

Пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў вострава Зьмяінага ў Чорным моры зьявілася магчымасьць пастаўляць украінскае збожжа на сусьветны рынак па Дунаі, але не ў такіх вялікіх аб’ёмах, якіх патрабуе сусьветны рынак.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш ня раз заяўляў, што ўжо ў 2022 годзе ў шэрагу краін можа наступіць голад, а ў 2023-м будзе яшчэ горш. Вайну ва Ўкраіне ён назваў адной з галоўных, але не адзінай прычынай гэтага.

ААН разам з Турэччынай сталі пасярэднікамі ў перамовах Расеі і Ўкраіны аб разблякаваньні марскога шляху паставак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кампраміс у Стамбуле: ААН і Турэччына падпісалі 2 асобныя дамовы аб пастаўках украінскага збожжа: адну з Украінай, другую з Расеяй

У выніку 22 ліпеня ў Стамбуле было падпісана пагадненьне аб вывазе з Украіны збожжа і іншых харчовых тавараў праз украінскія чарнаморскія парты — ва ўмовах расейскага ўварваньня. Прадстаўнікі Ўкраіны і Расеі падпісалі два асобныя пагадненьні з прадстаўнікамі ААН і Турэччыны, якія павінны стаць гарантамі дамоўленасьцяў.

Паводле падпісаных дакумэнтаў у Чорным моры павінны разблякаваць тры ўкраінскія парты: Адэса, Чарнаморск і Паўднёвы.

Гэты дакумэнт разьлічаны на 120 дзён дзеяньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна па адноўленым марскім шляху экспартавала з трох марскіх партоў больш за 600 тысяч тон збожжа

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.