Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампраміс у Стамбуле: ААН і Турэччына падпісалі 2 асобныя дамовы аб пастаўках украінскага збожжа: адну з Украінай, другую з Расеяй

Украінскае поле гарыць на мяжы Данецкай і Запароскай абласьцей, 17 ліпеня 2022
Украінскае поле гарыць на мяжы Данецкай і Запароскай абласьцей, 17 ліпеня 2022

Расея і Ўкраіна наўпрост ніякіх дамоваў у Стамбуле не падпісваюць, толькі з пасярэднікамі. Чакаецца, што экспарт украінскага збожжа пачнуць з сухагрузаў, заблякаваных вайной у трох партах вакол Адэсы.

У Стамбуле 22 ліпеня прадстаўнікі Ўкраіны, Расеі і Турэччыны пры пасярэдніцтве ААН дасягнулі дамоўленасьці аб пастаўках украінскага збожжа праз Чорнае мора.

Дамову аб экспарце збожжа спачатку падпісалі міністар абароны Турцыі Хулусі Акар, міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу і генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш.

Пасьля іх такі самы дакумэнт падпісалі прадстаўнікі Турэччыны, ААН і Ўкраіны, якую прадстаўляў міністар інфраструктуры Аляксандар Кубракоў.

Пастаўкі тычацца партоў «Адэса», «Чарнаморск» і «Паўднёвы». Пакуль дакладна невядома, як будуць ісьці пастаўкі і хто іх будзе кантраляваць.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк патлумачыў, што Ўкраіна не падпісвае ніякіх дакумэнтаў з Расеяй.

«Мы падпісваем пагадненьне з Турэччынай і ААН і бяром на сябе абавязкі перад імі. Расея падпісвае люстэркавае пагадненьне з Турэччынай і ААН», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Twitter.

Апроч таго, Міхайла Падаляк падкрэсьліў, што ня будзе ніякага суправаджэньня расейскімі караблямі і прысутнасьці Расеі ў украінскіх партах.

«У выпадку правакацый — тэрміновы ваенны адказ. Усе праверкі транспартных сродкаў будуць ажыцьцяўляцца супольнымі групамі ў водах Турэччыны ў выпадку такой патрэбы», — падкрэсьліў дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны.

Расейскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва з спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што пагадненьне прадугледжвае разблякаваньне 80 сухагрузаў, якія з пачатку расейскай вайны супраць Украіны стаяць у партах апошняй. Гэта дазволіць паставіць на сусьветныя рынкі ня менш як 25 мільёнаў тон украінскага збожжа.

18 ліпеня міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што ўкраінскі бок «не пагодзіцца на ніводнае рашэньне, якое пакіне хаця б найменшую шчыліну для магчымасьці франтальнай атакі на ўкраінскія парты з мора з боку Расеі».

13 ліпеня замежныя СМІ паведамлялі, што абмяркоўваецца такі парадак праходу караблёў, калі ўкраінскія вайскова-марскія сілы суправаджаюць іх празь мінныя палі, Расея бярэ на сябе абавязкі не нападаць у часе суправаджэньня караблёў, а Турэччына пры падтрымцы ААН будзе аглядаць усе караблі, што накіроўваюцца ў Адэсу, каб не дапусьціць перамяшчэньня на іх зброі. Апошняга патрабуе расейскі бок.

Угода таксама прадугледжвае спрашчэньне расейскага экспарту збожжа і ўгнаеньняў праз Чорнае мора.

ААН і Турэччына два месяцы пасярэднічалі ў пагадненьні аб збожжы на фоне глябальнай пагрозы сусьветнага харчовага крызісу.

У выніку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне зьнішчана некалькі вялікіх тэрміналаў, у якіх захоўвалася збожжа мінулага ўраджаю. Пасьля акупацыі часткі ўкраінскага Поўдня расейскія войскі выкрадалі збожжа і перавозілі яго ў Крым для наступнага продажу на замежных рынках. Адначасова расейская армія заблякавала ўкраінскія марскія парты, празь якія ішлі пастаўкі збожжа з Украіны.

Пасьля вызваленьня вострава Зьмяінага ў Чорным моры зьявілася магчымасьць пастаўляць украінскае збожжа на сусьветны рынак па Дунаі, але не ў такіх вялікіх аб’ёмах, якіх патрабуе сусьветны рынак.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш ня раз заяўляў, што ўжо ў 2022 годзе ў шэрагу краін можа наступіць голад, а ў 2023-м будзе яшчэ горш. Вайну ва Ўкраіне ён называе адной з галоўных, але не адзінай прычынай гэтага.

Паводле Гутэрыша, ААН працягвае перамовы з бакамі канфлікту пра магчымасьць экспарту прадуктаў з Украіны і ўгнаеньняў з Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG