Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна па адноўленым марскім шляху экспартавала з трох марскіх партоў больш за 600 тысяч тон збожжа


Адзін з караблёў з украінскім збожжам
Адзін з караблёў з украінскім збожжам

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш 19 жніўня наведаў марскі порт у Адэсе, дзе адбывалася пагрузка ўкраінскага збожжа для экспарту на зьнешнія рынкі па моры.

«Гэта вельмі эмацыйна для мяне бачыць, як у Адэсе зноў грузяць збожжа на карабель. Гэты карабель — надзея для найбольш уразьлівых людзей і краінаў сьвету», — прызнаўся Антонію Гутэрыш на сваёй старонцы ў Twitter.

Міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў паведаміў 19 жніўня, што цяпер 10 сухагрузаў ужо рыхтуюцца да выхаду з партоў «Адэса», «Чарнаморск» і «Паўднёвы». Паводле яго, яшчэ 40 караблёў падалі заяўкі на ўваход ва ўкраінскія парты.

Аляксандар Кубракоў паведаміў, што ад моманту аднаўленьня марскога шляху паставак Украіна ўжо экспартавала 630 тысяч тон аграпрадукцыі, а ў плянах — павялічыць аб’ём і тэмпы перавалкі да 3–5 мільёнаў тон у месяц.

«Асаблівую ўвагу мы зьвяртаем на экспарт харчаваньня для афрыканскіх краінаў», — дадаў Аляксандар Кубракоў.

Што папярэднічала

Расея з пачатку свайго ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну з 24 лютага заблякавала Чорнае мора для праходу гандлёвых суднаў.

Акваторыю мора замінавалі як расейскі, так і ўкраінскі бакі — апошні з мэтай не дапусьціць высадкі расейскіх дывэрсійных групаў на ўзьбярэжжа Адэсы.

Адначасова расейскія войскі зьнішчылі некалькі вялікіх тэрміналаў, у якіх захоўвалася збожжа мінулага ўраджаю, а пасьля акупацыі часткі поўдня Ўкраіны збожжа выкрадалі і перавозілі ў Крым для наступнага продажу на замежных рынках.

Пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў вострава Зьмяінага ў Чорным моры зьявілася магчымасьць пастаўляць украінскае збожжа на сусьветны рынак па Дунаі, але не ў такіх вялікіх аб’ёмах, якіх патрабуе сусьветны рынак.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш ня раз заяўляў, што ўжо ў 2022 годзе ў шэрагу краінаў можа наступіць голад, а ў 2023-м будзе яшчэ горш. Вайну ва Ўкраіне ён назваў адной з галоўных, але не адзінай прычынай гэтага.

ААН разам з Турэччынай сталі пасярэднікамі ў перамовах Расеі і Ўкраіны аб разблякаваньні марскога шляху паставак.

У выніку 22 ліпеня ў Стамбуле было падпісана пагадненьне аб вывазе з Украіны збожжа і іншых харчовых тавараў праз украінскія чарнаморскія парты — ва ўмовах расейскага ўварваньня. Прадстаўнікі Ўкраіны і Расеі падпісалі два асобныя пагадненьні з прадстаўнікамі ААН і Турэччыны, якія павінны стаць гарантамі дамоўленасьцяў.

Паводле падпісаных дакумэнтаў, у Чорным моры павінны разблякаваць тры ўкраінскія парты: «Адэса», «Чарнаморск» і «Паўднёвы».

Першае судна выйшла з Адэсы 1 жніўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG