Пасьля выкраданьня расейцамі дырэктара Запароскай АЭС кіраўнік МАГАТЭ ладзіць тэрміновую паездку ў Кіеў і Маскву
Генэральны дырэктар агенцтва МАГАТЭ Рафаэль Гросі
МАГАТЭ «сур’ёзна заклапочаная» выкраданьнем гендырэктара Запароскай АЭС і партрабуе Расею яго неадкладна вызваліць.
Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) выказала заклапочанасьць выкраданьнем расейскімі войскамі гендырэктара акупаванай Запароскай АЭС Ігара Мурашова. Пра гэта заявіў генэральны дырэктар агенцтва Рафаэль Гросі, паведамляе прэс-служба МАГАТЭ.
Як заявіў Гросі, МАГАТЭ дамагаецца тлумачэньняў дзеяньняў расейскіх вайскоўцаў і спадзяецца на найхутчэйшае вызваленьне Мурашова.
«Затрыманьне любога чальца пэрсаналу станцыі само па сабе стала б крыніцай сурʼёзнай заклапочанасьці, асабліва з-за псыхалягічнага ўздзеяньня і ціску на астатні пэрсанал, што наносіць урон ядзернай бясьпецы. Генэральны дырэктар АЭС нясе адказнасьць за захаванасьць станцыі. Акрамя таго, ён кіруе рэагаваньнем на любую аварыйную сытуацыю на месцы. Такім чынам, яго адсутнасьць на рабоце таксама аказвае непасрэдны і сурʼёзны ўплыў на прыняцьце рашэньняў па забесьпячэньню бясьпекі і аховы станцыі», — заявіў між іншага кіраўнік МАГАТЭ.
Кіраўнікі МАГАТЭ спадзяецца, што Ігар Мурашоў найбліжэйшым часам вернецца да сваёй сямʼі і зможа аднавіць працу на АЭС.
Чакаецца, што сам Рафаэль Гросі наведае Кіеў і Маскву на наступным тыдні.
Расейскія вайскоўцы выкралі генэральнага дырэктара Запароскай АЭС Ігара Мурашова. Пра гэта заявіў дырэктар украінскай кампаніі «Енергоатом» Пятро Коцін.
Запароская АЭС у горадзе Энэргадар з сакавіка знаходзіцца пад кантролем расейскіх вайскоўцаў. На станцыі працягвае працаваць украінскі пэрсанал.
Як гаворыцца ў заяве кіраўніка «Енергоатома», 30 верасьня каля 16 гадзінаў Мурашова затрымаў патруль, калі той ехаў у аўтамабілі ад чыгуначнай станцыі ў Энэргадар. Яму завязалі вочы і павезьлі ў невядомым напрамку. Інфармацыі аб ягоным месцазнаходжаньні няма.
Расейскае войска захапіла ЗАЭС у пачатку сакавіка, эксплюатаваць станцыю працягвае ўкраінскі пэрсанал.
Тэрыторыю Запароскай АЭС пэрыядычна абстрэльваюць. Бакі абвінавачваюць у іх адно аднаго. Украіна і краіны Захаду заклікаюць да дэмілітарызацыі станцыі, гэта значыць вываду зь яе тэрыторыі расейскіх вайскоўцаў. Рэзалюцыю з такім заклікам прыняла і МАГАТЭ. Расея адказвае адмовай.
Каля месяца таму станцыю наведала камісія МАГАТЭ на чале з Гросі, два спэцыялісты міжнароднага агенцтва засталіся там на працяглы тэрмін для маніторынгу сытуацыі.