«Завязалі вочы і павезьлі». Украіна заявіла, што вайскоўцы РФ выкралі гендырэктара Запароскай АЭС

Запароская АЭС
Запароская АЭС

Расейскія вайскоўцы выкралі генэральнага дырэктара Запароскай АЭС Ігара Мурашова.

Пра гэта заявіў дырэктар украінскай кампаніі «Енергоатом» Пятро Коцін.

Запароская АЭС у горадзе Энэргадар з сакавіка знаходзіцца пад кантролем расейскіх вайскоўцаў. На станцыі працягвае працаваць украінскі пэрсанал.

Як гаворыцца ў заяве кіраўніка «Енергоатома», 30 верасьня каля 16 гадзінаў Мурашова затрымаў патруль, калі той ехаў у аўтамабілі ад чыгуначнай станцыі ў Энэргадар. Яму завязалі вочы і павезьлі ў невядомым напрамку. Інфармацыі аб ягоным месцазнаходжаньні няма.

Мурашоў як гендырэктар ЗАЭС нясе адказнасьць за ядзерную і радыяцыйную бясьпеку станцыі. Яго затрыманьне стварае небясьпеку для эксплуатацыі найбуйнейшай у Эўропе атамнай электрастанцыі.

Дырэктар «Енергоатома» зьвярнуўся да кіраўніка Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) Рафаэля Гросі з заклікам задзейнічаць усе магчымыя меры для вызваленьня Мурашова. Расейскі бок меркаванае выкраданьне пакуль не камэнтаваў.

Тэрыторыю Запароскай АЭС пэрыядычна абстрэльваюць. Бакі абвінавачваюць у іх адно аднаго. Украіна і краіны Захаду заклікаюць да дэмілітарызацыі станцыі, гэта значыць вываду зь яе тэрыторыі расейскіх вайскоўцаў. Рэзалюцыю з такім заклікам прыняла і МАГАТЭ. Расея адказвае адмовай.

Каля месяца таму станцыю наведала камісія МАГАТЭ на чале з Гросі, два спэцыялісты міжнароднага агенцтва засталіся там на працяглы тэрмін для маніторынгу сытуацыі.

​
XS
SM
MD
LG