У Крамлі падпісалі дакумэнты пра анэксію чатырох абласьцей Украіны, у якіх працягваюцца баі
Пуцін падчас прамовы.
У Маскве, у Георгіеўскай залі Крамля адбылася цырымонія падпісаньня дамоваў аб уваходжаньні ў склад Расеі акупаваных частак Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай абласьцей Украіны.
Для падпісаньня ў Маскву прыбылі кіраўнікі прарасейскіх адміністрацый названых рэгіёнаў. Гэта кіраўнік «ДНР» Дзяніс Пушылін, кіраўнік «ЛНР» Леанід Пасечнік, а таксама лідэры прарасейскіх адміністрацый Запароскай і Херсонскай абласьцей Яўген Баліцкі і Ўладзімір Сальдо.
У сваёй прамове перад цырымоніяй падпісаньня кіраўнік Расеі Пуцін заклікаў «кіеўскія ўлады» скласьці зброю, «спыніць вайну, якую яны распачалі ў 2014 годзе і сесьці за стол перамоваў». Пуцін заявіў, што «мы да гэтага гатовыя». Але выбар анэксаваных тэрыторый, сказаў ён, абмеркаванью не падлягае.
Прамова Пуціна доўжылася 37 хвілін. Ён расказваў, як «каварны Захад» хоча заняволіць увесь сьвет, зрабіць усе краіны сваімі калёніямі і як ён разбурае тых, хто ня хоча яму падпарадкоўвацца. Пуцін цытаваў Хрыста і Івана Ільіна і казаў, што Расея ніколі ня прыме лібэральных каштоўнасьцяў Захаду. Таксама Пуцін заявіў, што менвіта ЗША бамбаваньнем Хірасімы і Нагасакі стварылі прэцэдэнт выкарыстаньня атамнай зброі.
Рух у цэнтры Масквы быў перакрыты з 29 верасьня, у горадзе ўведзеныя падвышаныя захады бясьпекі.
Напярэдадні, 29 верасьня, кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указы аб прызнаньні незалежнасьці Запароскай і Херсонскай абласьцей.
30 верасьня Пуцін паведаміў Дзяржаўнай Думе Расеі пра жаданьне «ДНР», «ЛНР», а таксама Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны ўвайсьці ў склад Расеі.
Лідэры міжнароднай супольнасьці выступілі з рэзкім асуджэньнем анэксіі ўкраінскіх тэрыторый і заявілі, што яна ніколі ня будзе прызнаная юрыдычна. З адпаведнымі заявамі выступі прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, кіраўнік ААН Антонію Гутэрыш і іншыя.
Прэзыдэнт Украпіны Ўладзімір Зяленскі перад цырымоніяй у Крамлі правёў у Кіеве паседжаньне стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага, чакаецца таксама паседжаньне радцы нацыянальнай абароны Ўкраіны. Кіеў паабяцаў жорсткі адказ на анэксію.