У Іркуцкай вобласьці Расеі стралялі ў начальніка прызыўной камісіі. ВІДЭА

Усьць-Ілімск

Мабілізацыя, аб’яўленая прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, выклікала шмат пратэстаў сярод насельніцтва Расеі. Да падпалаў вайскаматаў у шэрагу гарадоў і адкрытага супрацьстаяньня з паліцыяй у Дагестане дадаўся замах на начальніка прызыўной камісіі.

У Іркуцкай вобласьці ва Усьць-Ілімскім вайскамаце адбылася страляніна, паранены начальнік прызыўной камісіі, паведамляе тэлеграм-канал «Тайга.Info».

Начальнік прызыўной камісіі Аляксандар Елісееў знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане, піша тэлеграм-канал Mash. Па зьвестках рэсурсу, у яго стрэлілі шэсьць разоў.

Тэлеграм-канал Baza публікуе відэа затрыманьня стральца. Гэта 25-гадовы мясцовы жыхар, які назваў сваё імя — Руслан Зінін.

Відавочца страляніны ў вайскамаце ва Усць-Ілімску расказаў, што ў будынку няма мэталяшукальніка, дакумэнты ў прызыўнікоў таксама ніхто не правяраў: «Глядзелі позву, у журнале накрэмзалі і праходзь. Зброя ў яго была, як з „Брата-2“ [расейскі баявік 1990-х гг.], вельмі падобна, тыпу абрэз самаробны», — расказаў відавочца замаху.

«Цяпер усе паедзем дадому», — такія словы, паводле дадзеных тэлеграм-канала, сказаў Зінін перад тым, як пачаць страляць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Дагестане паліцыя страляла ў паветра, разганяючы акцыю пратэсту супраць мабілізацыі

З пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны 24 лютага ў Расеі падпалілі ўжо 54 вайскаматы і адміністрацыйныя будынкі. Мабілізацыя прывяла да новай актывізацыі антываенных настрояў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Медуза»: рэзэрвістам могуць забараніць выезд з Расеі