Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дагестане паліцыя страляла ў паветра, разганяючы акцыю пратэсту супраць мабілізацыі


25 верасьня жыхары сяла Эндзірэй Хасавюртаўскага раёну Дагестану, што ў Расейскай Фэдэрацыі, выйшлі на акцыю пратэсту супраць мабілізацыі.

Мяркуючы па апублікаваным у інтэрнэце відэа, у акцыі ўзялі ўдзел больш за сто чалавек. Паводле некаторых зьвестак, яны перакрылі трасу Махачкала — Хасавюрт.

На відэа відаць, як паліцыя страляе ў паветра, спрабуючы разагнаць пратэстоўцаў, але тыя не разыходзяцца.

Выданьне «Черновик» са спасылкай на дагестанскія інфармацыйныя рэсурсы паведамляе, што ў Эндзірэі па мабілізацыі прызвалі 110 чалавек, у тым ліку тых, хто нядаўна вярнуўся з войска. У МУС Дагестана не адказалі на просьбу выданьня пракамэнтаваць сытуацыю.

Тым часам у сталіцы Дагестану Махачкале 25 верасьня дзясяткі жанчын выйшлі на акцыю пратэсту супраць мабілізацыі.


Мясцовыя СМІ апублікавалі відэа, на якім жанчыны крычаць на міліцыянта, які кажа ім, што «на Расею напалі».

«Хто напаў на нас? На Расею напалі? Гэта мы напалі на Украіну!» – кажуць яны. Пасьля гэтага жанчыны скандуюць разам: «Не – вайне!»

На пратэстах былі затрыманыя дзясяткі чалавек.

Гэта ня першыя акцыі пратэсту супраць мабілізацыі ў Дагестане. Раней пратэстоўцы супраць мабілізацыі таксама перакрылі фэдэральную трасу ў Бабаюртаўскім раёне Дагестану. Таксама было апублікавана відэа, на якім некалькі дзясяткаў мясцовых мужчын сабраліся каля ваенкамату і выказаліся супраць мабілізацыі. У горадзе Баксан у Кабардзіна-Балкарыі мясцовыя жыхары сабраліся на стыхійны мітынг супраць мабілізацыі — на плошчу перад адміністрацыяй выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек.

Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін 21 верасьня абвясьціў мабілізацыю, назваўшы яе «частковай». Улады заявілі пра намер набраць у войска 300 тысяч рэзэрвістаў, якія адслужылі ў войску. Аднак, як пазьней паведамілі расейскія СМІ, улады плянуюць мабілізаваць на вайну з Украінай больш за мільён грамадзян. З моманту абвяшчэньня мабілізацыі ў Расеі амаль кожны дзень праходзяць антываенныя акцыі пратэсту, колькасьць затрыманых ужо ідзе на тысячы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG