Дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк назваў так званыя рэфэрэндумы «прапагандысцкім шоў для z-мабілізацыі». Таксама ў Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі, што вызначылі ўсіх, хто браў удзел у так званых рэфэрэндумах як з расейскага боку, так і калябарацыяністаў з украінскага. «Настоящее время» расказвае, як прайшоў першы дзень так званых рэфэрэндумаў на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях.
«Паважаныя людзі! Калі ласка! Выязны рэфэрэндум. Выходзьце галасаваць», — так у Данецку шукаюць ахвочых прагаласаваць за далучэньне да Расеі. У дварах стаяць расьцяжкі з надпісамі «Выбарчая камісія гатовая прыняць вашыя галасы проста каля вашага дома».
Акрамя пакватэрнага абходу працуюць і выбарчыя ўчасткі. Але, мяркуючы па гэтых кадрах, людзей там няшмат. У бюлетэні адно пытаньне: «Вы за ўваходжаньне вашага рэгіёну ў склад Расейскай Фэдэрацыі?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея пачынае псэўдарэфэрэндумы на акупаваных тэрыторыях Украіны з мэтай іх анэксііМінакі гавораць: «Вядома, так. Па-іншаму быць ня можа», «Хочам хутчэй вярнуцца дадому, каб нас забрала Расея пад сваё крыло», «Гэта супэр будзе. Гэта будзе ўжо абарона проста, каб уся Ўкраіна зайшла ў склад Расеі. Вы не ўяўляеце, гэта вялікая абарона будзе».
На фоне статуі Леніна галасаваць ідуць баевікі і ў суседняй акупаванай частцы Луганскай вобласьці. Кіраўнік падкантрольнай Кіеву Луганскай вайскова-цывільнай адміністрацыі Сяргей Гайдай кажа, што інфармацыі пра тое, як праходзіць так званы рэфэрэндум на акупаваных тэрыторыях рэгіёну вельмі мала.
«Інфармацыя даходзіць часткамі, гарады закрываюць, каб людзі не маглі выехаць. Гэта ўжо ў нас інфармацыя ёсьць з Луганшчыны. Людзі, якія прагаласавалі, але супраць далучэньня да Расеі, іх запісваюць у нейкі асобны нататнік», — сказаў Гайдай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міністры замежных справаў G7 асудзілі правядзеньне рэфэрэндумаў на акупаваных тэрыторыях УкраіныУ акупаванай частцы Херсонскай вобласьці таксама працуюць так званыя выязныя камісіі. Але і там ахвочых прагаласаваць — адзінкі. У бюлетэнях адразу некалькі пытаньняў зьведзеныя ў адно: выхад са складу Ўкраіны, утварэньне самастойнай дзяржавы і ўваходжаньне яе на правах суб’екта ў склад Расеі. Пытаньне на дзьвюх мовах — украінскай і рускай. У самім Херсоне адчыніліся і так званыя выбарчыя ўчасткі. Сяргей Хлань — дарадца кіраўніка херсонскай вайскова-цывільнай адміністрацыі кажа, што людзей на такія ўчасткі звозілі:
«Яны на тых участках, дзе здымаюць вось гэтыя прапагандысцкія відэа, яны проста зьвезьлі людзей і зрабілі такое сабе шоў. Але гэта адзін-два ўчасткі. Астатнія стаяць пустыя. Усё, тое што адбываецца на вуліцах і на пакватэрных абходах, то цяпер ужо паведамляюць з усёй акупаванай тэрыторыі, акупаванай Херсоншчыны, што гэта адбываецца ў прысутнасьці вайскоўцаў Расейскай Фэдэрацыі цалкам узброеных».
Украінскі чыноўнік гаворыць: пасьля рэфэрэндуму чакае новай хвалі арыштаў цывільных. Тых, хто прагаласаваў супраць. Або проста — адмовіўся паставіць галачку насупраць слова «так».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Вашых дзяцей нават не хаваюць». Зяленскі зьвярнуўся да грамадзян Расеі наконт мабілізацыіУ Запарожжа прыяжджаюць тыя, хто стаміўся баяцца і эвакуаваўся з Херсонскай вобласьці.
«Я супраць рэфэрэндуму. Паколькі я лічу, што маё маленькае мястэчка і ўся вобласьць належыць Украіне», — кажа суразмоўца «Настоящего времени».
«Я катэгарычна супраць. Я лічу, што Херсонская вобласьць — гэта тэрыторыя Украіны», — кажа іншы.
Жыхары акупаванай Снягураўкі, суседняй з Херсонскай, Нікалеўскай вобласьці сабраліся на пратэст, каб сказаць так званаму рэфэрэндуму «не»:
«Мы, жыхары Снягураўкі, сёньня сабраліся на акцыю пратэсту супраць правядзеньня рэфэрэндуму ў горадзе Снягураўка і ў сёлах вакол. Снягураўскі край заўсёды быў Украінай. Быў і будзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Мікалаеўскай вобласьці жыхары акупаванага гораду выйшлі на акцыю пратэсту супраць плянаў далучэньня да РасеіТак званы рэфэрэндум праходзіць у акупаванай частцы Запароскай вобласьці. Мэр Мелітопалю Іван Фёдараў зьвярнуўся да жыхароў гораду з просьбай ігнараваць псэўдарэфэрэндум.
«Удзел у гэтым фэйку — гэта найперш удзел у крывавым пляне ў вайне супраць чалавецтва. Гэта, вядома, і ўдзел у мабілізацыі нашых мужчын, жыхароў гораду Мелітопалю. Вядома, гэта ўзяць на сябе частку адказнасьці за тыя зьверствы, якія „рашысты“ зьдзяйсьняюць у Бучы, Барадзянцы, нядаўна ў Ізюме. І, вядома, самае галоўнае, гэта здрада нашай дзяржавы», — сказаў Фёдараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Інстытут вывучэньня вайны: пляны Крамля аб рэфэрэндумах у захопленых рэгіёнах Украіны разьлічаныя на ўнутраную аўдыторыюВа ўсіх акупаваных рэгіёнах так званы рэфэрэндум будзе праходзіць некалькі дзён. Акупацыйныя ўлады гавораць, што вынікі падлічаць за 5 дзён пасьля завяршэньня апытаньня. Ва Ўкраіне ўпэўненыя: насамрэч лічыць ніхто нічога ня будзе. Пра гэта кажа і Тацьцяна Ігнатчанка, прэс-сакратар Данецкай вайскова-цывільнай адміністрацыі.
«Хачу падкрэсьліць: ад людзей на акупаваных тэрыторыях нічога не залежыць. Гэта трэба дакладна разумець нам, і трэба, каб гэта дакладна разумеў увесь сьвет. Усё ўжо напісана ў Крамлі. Мы разумеем, што акупанты створаць такую карцінку, якую пакажуць у сваёй зомбі-скрыні», — сказала яна.
У інтэрвію «Настоящего времени» кіраўнік Запароскай вайсковай адміністрацыі Аляксандар Старух сказаў, што «ў вобласьці няма ніякага рэфэрэндуму». Псэўдагаласаваньне, на яго думку, патрэбна Крамлю, каб правесьці мабілізацыю.