Хроніка перасьледу: музыку Ігара Банцэра ня выпусьцілі пасьля 15 дзён на Акрэсьціна

Ігар Банцэр, чэрвень 2021 году

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

Горадзенскага музыку Ігара Банцэра ня выпусьцілі з ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна ў Менску пасьля 15 дзён арышту. Пра гэта Свабодзе паведамілі 20 жніўня сваякі Ігара Банцэра. На якой падставе Банцэр застаецца за кратамі, невядома.

Сваякі лічаць, «задача ў сыстэмы — пераканаць Ігара не заставацца ў Беларусі». Банцэр раней неаднойчы заяўляў, што зьяжджаць зь Беларусі ня хоча, дзеля таго, каб застацца, ён гатовы сядзець у турме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі мне падабаецца настолькі, што тут я гатовы сядзець у турме». Выйшаў Ігар Банцэр. ВІДЭА

Былога палітвязьня, музыку Ігара Банцэра затрымалі 4 жніўня ў горадзенскай кватэры. З словаў сваякоў, у той момант ён быў дома адзін. Людзі ў цывільным і ў масках выламалі мэталічныя дзьверы ў кватэру і вывезьлі музыканта ў Менск.

12 жніўня стала вядома, што Ігару Банцэру далі 15 дзён адміністрацыйнага арышту, за што — невядома. Як распавёў Свабодзе актывіст і музыка Фёдар Жывалеўскі, які сядзеў на завулку Акрэсьціна разам зь Ігарам Банцэрам, ці выпусьцяць рок-музыканта праз 15 дзён, пакуль няясна.

«Ведаю, што яму 18 адміністрацыйных артыкулаў павесілі і прывезьлі з Горадні», — заявіў Жывалеўскі. — Ён мне расказаў, што хоча жыць тут і жыць нармальна, але яму ясна даюць зразумець, каб ён зьехаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сукамэрнік Ігара Банцэра: «У яго 18 адміністрацыйных артыкулаў»

Ігар Банцэр ужо адсядзеў тэрмін пасьля пратэстаў 2020 году. Яго судзілі за хуліганства, бо ён у верасьні 2020 году станцаваў без штаноў перад міліцэйскай машынай. Асудзілі на паўтара года «хіміі». Падчас суду Банцэр трымаў некалькі галадовак, у тым ліку сухую галадоўку цягам 16 дзён, і на той момант гэта быў беларускі рэкорд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Карцару я не перажыву, нават галадоўкі ня трэба». Што адбываецца з музыкам Банцэрам, якога чакалі на волі

Банцэру 42 гады, ён мае трое дзяцей. Ігар — вядомы горадзенскі актывіст і музыкант. Пасьля вызваленьня сёлета ён адмовіўся зьяжджаць зь Беларусі.

«Я настолькі люблю Беларусь, што гатовы тут сядзець у турме», — тлумачыў ён.