Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Беларусі мне падабаецца настолькі, што тут я гатовы сядзець у турме». Выйшаў Ігар Банцэр. ВІДЭА


«Страху няма». Ігар Банцэр выйшаў на волю
«Страху няма». Ігар Банцэр выйшаў на волю

Рок-музыка Ігар Банцэр, асуджаны на паўтара года «хіміі», 17 сьнежня выйшаў на волю. З 25 лістапада палітвязьня 22 дні ўтрымлівалі ў карцары.

Банцэра абвінавацілі за пэрформанс у выглядзе танца без штаноў перад машынай міліцыі (ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэксу). 19 сакавіка ў Банцэру прысудзілі 1,5 года «хіміі».

Ён адбываў пакараньне ў Віцебску.

Пасьля вызваленьня Банцэр сказаў, што ня лічыць сябе вінаватым і ні пра што не шкадуе:

«Мне прапаноўвалі пісаць ліст, прасіць памілаваньня. Я не пагадзіўся. Пра што? Я нічога не парушаў, я лічу сябе невінаватым чалавекам. Я застаюся ў гэтай краіне, і калі я пацярпеў за сваю ідэю, ну што зробіш? Я буду тут трываць далей.

Зьяжджаць? Я зараз магу сказаць, што ў мяне слабое здароўе, што я паеду лячыцца дзе-небудзь у паўднёвых краінах. Абсалютна гэтага ня будзе. Я пайду лячыцца ў беларускую бясплатную мэдыцыну, на якую я клаў грошы як грамадзянін і падаткаплацельшчык.

А калі прыйдзецца зноў за свае ідэалы пацярпець, ну што ж, будзем сядзець. У Беларусі мне падабаецца настолькі, што тут я гатовы сядзець у турме».

За кратамі Банцэр двойчы трымаў працяглыя галадаваньні: 16 дзён бязь ежы і вады сёлета ў сакавіку, 19 дзён на вадзе ўлетку. Гэта моцна пагоршыла ягонае здароўе. Да таго ж, пасьля выхаду з горадзенскай турмы ў яго выявілі гепатыт С.

Хто такі Ігар Банцэр

  • Ігар Банцэр — музыкант, актывіст, журналіст, палітвязень.
  • Нарадзіўся 24 лютага 1980 году ў Менску. Зь дзяцінства жыў у Горадні. Бацька працаваў у МУС, маці — выхавацелькай у дзіцячым садку. Ігар паступіў вучыцца ў Варшаўскі ўнівэрсытэт на накірунак «міжнародныя адносіны». Аднак празь некалькі год спыніў вучобу праз хваробу. Пасьля складанай апэрацыі ён вырашыў не аднаўляцца ва ўнівэрсытэце.
  • Каля 10 гадоў працаваў у журналістыцы: карэспандэнтам горадзенскай незалежнай газэты «Пагоня», галоўным рэдактарам польскіх часопісаў Magazyn Polski і Głos znad Niemna ў выгнаньні. Некаторы час быў прэс-сакратаром непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі.
  • Стварыў і ўзначальваў культурную ўстанову «Горадзенскі рок-клюб», дзе займаўся музыкай з падлеткамі і моладзьдзю. У 2021 годзе ўлады ліквідавалі ягоную арганізацыю разам з сотняй іншых прыватных установаў.
  • Зь 2003 году быў лідэрам і сьпеваком свайго стрыт-панк гурта Mister X.
  • Зь 2007 году Банцэра шматкроць затрымлівалі і саджалі на содні. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году яго тройчы асуджалі на адміністрацыйны арышт.
  • 20 кастрычніка 2020 году Банцэра затрымалі за тое, што станцаваў без штаноў перад міліцыянтам Сяргеем Багдзевічам і дэманстраваў яму свае палавыя органы. У пацярпелага міліцыянта прэтэнзій да музыканта не было. Аднак на Банцэра завялі крымінальную справу за хуліганства (частка 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу).
  • Музыкант правёў у СІЗА горадзенскай турмы 5 месяцаў, амаль увесь час у адзіночных камэрах. Праходзіў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках. Тая паказала, што ён здаровы.
  • На судзе Банцэр віны не прызнаў. Ён настойваў, што падчас танцу заставаўся ў стрынгах, да таго ж, яго прыкрывала паясная торбачка. Судовы працэс вяла судзьдзя Натальля Козел, пракурор — Віктар Нічыпарук.
  • 3 сакавіка 2021 году ў першы дзень суду Банцэр абвесьціў «сухую галадоўку» на знак пратэсту. Ён пратрымаўся бязь ежы і вады 16 содняў да 19 сакавіка, калі яму прысудзілі 1,5 года «хіміі» і выпусьцілі ў залі суду. Пасьля пераліку тэрміну (1 дзень у СІЗА раўняецца 2 дням «хіміі»), палітвязьню заставалася сядзець 8 месяцаў.
  • Пасьля зьняволеньня ў гарадзенца выявілі падазрэньне на гепатыт С, а таксама сур’ёзныя праблемы са страўнікам і іншымі ўнутранымі органамі.
  • Ён пачаў адбываць пакараньне 17 чэрвеня 2021 году ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску. Яго не накіравалі на стацыянарнае лячэньне, нягледзячы на стан здароўя.
  • 5 жніўня палітвязень атрымаў 10 дзён штрафнога ізалятару за парушэньне правілаў установы. Потым яму тройчы працягвалі тэрмін утрыманьня ў ШІЗА да 40 дзён без перапынку.
  • Ігар Банцэр жанаты, мае трое дзяцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG