Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Карцару я не перажыву, нават галадоўкі ня трэба». Што адбываецца з музыкам Банцэрам, якога чакалі на волі


Ігар Банцэр, архіўнае фота
Ігар Банцэр, архіўнае фота

Рок-музыканта з Горадні Ігара Банцэра вярнулі зь віцебскага СІЗА на віцебскую «хімію» 29 кастрычніка і зьбіраліся 1 лістапада пакараць карцарам. Ягонага выхаду на волю чакалі ў пачатку лістапада, але цяпер незразумела, што зь ім будзе далей і калі яго вызваляць.

Як стала вядома блізкім ад Ігара Банцэра, тры дні ён быў на каранавірусным карантыне на віцебскай «хіміі», як патрабуюць правілы. 1 лістапада яго зьбіраліся зьмясьціць у карцэр за тое, што 31 кастрычніка ён удзень ляжаў на ложку, а не сядзеў. Але ў апошні момант не зрабілі гэтага.

Прыехаа лекарка і паставіла папярэдні дыягназ ВРЗ, прызначыла пасьцельны рэжым. На колькі дзён, невядома.

«Карцару я не перажыву. У мяне цяпер вельмі слабое здароўе. Нават галадаць ужо ня трэба», — сказаў музыка пасьля вяртаньня на «хімію».

Ягонае здароўе пагоршылася пасьля «сухой галадоўкі» ў сакавіку. Да таго ж пасьля турмы знайшлі гепатыт С.

Як стала вядома, у другой палове дня 1 лістапада Ігара Банцэра ўсё ж забралі ў ШІЗА віцебскага ізалятару часовага ўтрыманьня.

Ігара Банцэра вярнулі на «хімію» празь ягоную скаргу на тое, што яго ўзялі пад варту адразу пасьля суду 29 верасьня. Цяпер, магчыма, чакаецца новы суд або іншыя працэсуальныя дзеяньні, якія вырашаць, што зь ім будзе далей.

Сьцісла, што адбывалася перад гэтым

  • 20 кастрычніка 2020 году Ігара Банцэра затрымалі.
  • 19 сакавіка 2021 году яго асудзілі на 1,5 года «хіміі», бо станцаваў без штаноў перад міліцыянтам («хуліганства»).
  • Цягам 16 дзён у сакавіку Банцэр трымаў «сухую» галадоўку ў турме.
  • У чэрвені гарадзенец паехаў адбываць пакараньне на віцебскую «хімію». Яно мелася скончыцца ў лютым 2022 году, бо значную частку тэрміну гарадзенец адбыў яшчэ ў горадзенскім СІЗА. Там тэрмін ідзе хутчэй за «хімію» удвая.
  • 29 верасьня суд зьмяніў Банцэру пакараньне з абмежаваньня волі («хімія») на пазбаўленьне волі (калёнія агульнага рэжыму) і прызначыў яму даседжваць 1 месяц 25 дзён да вызваленьня. Тэрмін мог скончыцца ў пачатку лістапада, бо адзін дзень у СІЗА прыраўноўваецца да 1,5 дня ў калёніі агульнага рэжыму.
  • Пасьля суду Банцэра адразу ўзялі пад варту і перавялі ў віцебскі СІЗА. Адтуль ён меўся ехаць у калёнію. Аднак у калёнію яго так і не перавялі. Чаму — невядома. Калі б вязень заставаўся ў СІЗА да канца тэрміну, то ён мог бы выйсьці на волю ўжо 5 лістапада.

Хто такі Ігар Банцэр

  • Ігар Банцэр — музыкант, актывіст, журналіст, палітвязень.
  • Нарадзіўся 24 лютага 1980 году ў Менску. Зь дзяцінства жыў у Горадні. Бацька працаваў у МУС, маці — выхавацелькай у дзіцячым садку. Ігар паступіў вучыцца ў Варшаўскі ўнівэрсытэт на накірунак «міжнародныя адносіны». Аднак празь некалькі год спыніў вучобу праз хваробу. Пасьля складанай апэрацыі ён вырашыў не аднаўляцца ва ўнівэрсытэце.
  • Каля 10 гадоў працаваў у журналістыцы: карэспандэнтам горадзенскай незалежнай газэты «Пагоня», галоўным рэдактарам польскіх часопісаў Magazyn Polski і Głos znad Niemna ў выгнаньні. Некаторы час быў прэс-сакратаром непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі.
  • Стварыў і ўзначальваў культурную ўстанову «Горадзенскі рок-клюб», дзе займаўся музыкай з падлеткамі і моладзьдзю. У 2021 годзе ўлады ліквідавалі ягоную арганізацыю разам з сотняй іншых прыватных установаў.
  • Зь 2003 году быў лідэрам і сьпеваком свайго стрыт-панк гурта Mister X.
  • Зь 2007 году Банцэра шматкроць затрымлівалі і саджалі на содні. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году яго тройчы асуджалі на адміністрацыйны арышт.
  • 20 кастрычніка 2020 году Банцэра затрымалі за тое, што станцаваў без штаноў перад міліцыянтам Сяргеем Багдзевічам і дэманстраваў яму свае палавыя органы. У пацярпелага міліцыянта прэтэнзій да музыканта не было. Аднак на Банцэра завялі крымінальную справу за хуліганства (частка 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу).
  • Музыкант правёў у СІЗА горадзенскай турмы 5 месяцаў, амаль увесь час у адзіночных камэрах. Праходзіў псыхіятрычную экспэртызу ў Навінках. Тая паказала, што ён здаровы.
  • На судзе Банцэр віны не прызнаў. Ён настойваў, што падчас танцу заставаўся ў стрынгах, да таго ж, яго прыкрывала паясная торбачка. Судовы працэс вяла судзьдзя Натальля Козел, пракурор — Віктар Нічыпарук.
  • 3 сакавіка 2021 году ў першы дзень суду Банцэр абвесьціў «сухую галадоўку» на знак пратэсту. Ён пратрымаўся бязь ежы і вады 16 содняў да 19 сакавіка, калі яму прысудзілі 1,5 года «хіміі» і выпусьцілі ў залі суду. Пасьля пераліку тэрміну (1 дзень у СІЗА раўняецца 2 дням «хіміі»), палітвязьню заставалася сядзець 8 месяцаў.
  • Пасьля зьняволеньня ў гарадзенца выявілі падазрэньне на гепатыт С, а таксама сур’ёзныя праблемы са страўнікам і іншымі ўнутранымі органамі.
  • Ён пачаў адбываць пакараньне 17 чэрвеня 2021 году ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску. Яго не накіравалі на стацыянарнае лячэньне, нягледзячы на стан здароўя.
  • 5 жніўня палітвязень атрымаў 10 дзён штрафнога ізалятару за парушэньне правілаў установы. Потым яму тройчы працягвалі тэрмін утрыманьня ў ШІЗА да 40 дзён без перапынку.
  • Ігар Банцэр жанаты, мае трое дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG