Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сукамэрнік Ігара Банцэра: «У яго 18 адміністрацыйных артыкулаў»


Ігар Банцэр
Ігар Банцэр

Актывіст і музыка Фёдар Жывалеўскі, які сядзеў на завулку Акрэсьціна разам зь Ігарам Банцэрам, расказаў, што вядома пра затрыманьне апошняга.

Фёдар Жывалеўскі — лідэр рок-гурту «Голая Манашка» і каардынатар моладзевага праекту «СупКультУра».

Зь ягоных словаў, Банцэру далі 15 дзён адміністрацыйнага арышту, за што — невядома.

«Яму далі 15 содняў, і ён лёг і спаў на стале, пакуль усе нэрваваліся, каму што дадуць», — кажа Фёдар.

Ці выпусьцяць рок-музыканта праз 15 дзён, пакуль няясна.

«Ведаю, што яму 18 адміністрацыйных артыкулаў павесілі і прывезьлі з Горадні», — расказвае Жывалеўскі.

Што стала прычынай для гэтага, таксама невядома.

«Ён мне расказаў, што хоча жыць тут і жыць нармальна, але яму ясна даюць зразумець, каб ён зьехаў. Ён не жадае нікуды ехаць... Мне падалося, што ён ужо без надзеі на тое, што нешта зьменіцца... Расказаў, што ягоная мара — займацца музыкай», — успамінае размовы з Банцэрам сукамэрнік.

Ігара Банцэра затрымалі 4 жніўня ў горадзенскай кватэры. З словаў сваякоў, у той момант ён быў дома адзін. Людзі ў цывільным і ў масках выламалі мэталічныя дзьверы ў кватэру і вывезьлі музыканта ў Менск.

Ігар Банцэр ужо адсядзеў тэрмін пасьля пратэстаў 2020 году. Яго судзілі за хуліганства, бо ён у верасьні 2020 году станцаваў без штаноў перад міліцэйскай машынай. Асудзілі на паўтара года «хіміі». Падчас суду Банцэр трымаў некалькі галадовак, у тым ліку сухую галадоўку цягам 16 дзён, і на той момант гэта быў беларускі рэкорд.

Банцэру 42 гады, ён мае трое дзяцей. Ігар — вядомы горадзенскі актывіст і музыкант. Пасьля вызваленьня сёлета ён адмовіўся зьяжджаць зь Беларусі.

«Я настолькі люблю Беларусь, што гатовы тут сядзець у турме», — тлумачыў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG