Уцёкі людзей у Вышгарадзкім раёне, у першыя месяцы поўнамаштабнай вайны Расеі ва Ўкраіне
Украінскія сьледчыя завялі справу аб гвалтоўным перамяшчэньні расейскімі вайскоўцамі ўкраінскага падлетка ў Беларусь.
Непаўналетняга хлопца затрымалі 26 сакавіка разам зь ягоным старэйшым братам на адным з расейскіх блёк-пастоў у Вышгарадзкім раёне Кіеўскай вобласьці, калі яны на роварах вярталіся дадому ад сваёй сястры зь вёскі Прыбірск у гэтым жа раёне.
Гэтая гісторыя апісана ў адным з судовых рашэньняў, вынесеных у справе супраць расейскіх вайскоўцаў па факце парушэньня законаў і звычаяў вайны, якая расьсьледуецца з 9 чэрвеня.
Пасьля затрыманьня расейцы праверылі іхныя дакумэнты, разьдзелі і аглядалі целы хлопцаў у пошуках тату. Калі нічога падазронага не знайшлі, загадалі ім чакаць, а паміж сабой пачалі размаўляць пра тое, што браты нібыта зьяўляюцца дывэрсантамі.
Праз гадзіну пасьля гэтага хлопцаў пасадзілі ў БТР з надпісам «V» і павезьлі іх у кірунку Чарнобылю. Па дарозе ім спачатку нацягнулі на галовы мяшкі для сьмецьця, а потым спыніліся, вывелі з БТР, зьвязалі клейкай стужкай рукі і пачалі біць, абвінавачваючы іх у дывэрсійнай дзейнасьці.
Потым братоў, адзін зь якіх быў непаўналетні, пасадзілі ў аўтобус і зь мяшкамі на галовах і зьвязанымі рукамі павезьлі ў невядомым кірунку. Празь нейкі час аўтобус спыніўся і іх завялі ў нейкае памяшканьне. Пасьля праверкі, якую праводзілі, як яны зразумелі па форме, беларускія памежнікі, братоў разьдзялілі — малодшага адправілі ў інтэрнат у Мазыр.
Пазьней украінскаму падлетку паведамілі, што яго перамесьцяць у дзіцячы будынак — спэцыяльны пэдагагічны цэнтар у Мазыры. Але дырэктарка гэтай установы зьвязалася з прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа, каб знайсьці бацькоў ці сваякоў хлопчыка. Іх знайшлі, і 22 красавіка хлопец позна ўвечары вярнуўся дадому.
Аб лёсе старэйшага брата ў судовым рашэньні не згадваецца. Невядома, дзе ён знаходзіцца, — на тэрыторыі Беларусі ці Ўкраіны, або яго вывезьлі ў Расею.