Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад расейскай ракеты ў Харкаве загінуў 13-гадовы хлопчык, ягоны бацька маліўся над ім дзьве гадзіны. ВІДЭА

Бацька загінулага хлопчыка трымае яго за руку. Украіна, Харкаў. 20 ліпеня 2022
Бацька загінулага хлопчыка трымае яго за руку. Украіна, Харкаў. 20 ліпеня 2022

Расейскія войскі няспынна абстрэльваюць Харкаў і ягоныя ваколіцы, ёсьць ахвяры і разбурэнні.

Як паведамілі абласныя ўлады Харкава, у выніку абстрэлаў 20 ліпеня ў горадзе загінулі трое мясцовых жыхароў, у тым ліку 13-гадовы Дзіма Кубата.

Пазьней у СМІ зьявіліся фатаздымкі і відэазапіс зь месца абстрэлаў, у тым ліку тыя, на якіх бацька загінулага хлопчыка Вячаслаў Кубата трымае яго за руку, дзьве гадзіны чытаючы малітву над нябожчыкам-сынам.

Першага чэрвеня Расея разбамбіла школу ў Харкаве, дзе вучыўся гэты хлопчык. Дзіма займаўся танцамі, а ягоная маці — Вікторыя Кубата — зьяўляецца неаднаразовай пераможцай і прызэркай розных шахматных спаборніцтваў, у тым ліку чэмпіянатаў Украіны ў асабістым і камандным заліку, а таксама міжнародных турніраў. Вікторыя працуе трэнэрам у шахматах у Харкаўскай дзіцячай спартовай школе.

15-гадовая сястра Дзімы Ксенія таксама знаходзілася побач у момант абстрэлу і атрымала раненьні. Яна цяпер знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім стане — лекары зрабілі складаную апэрацыю па ўшываньні лёгкіх, выдаленьні аскепкаў і мяккіх тканак правага пляча і шыі.

Знаёмыя і бацькі аднаклясьнікаў загінулага хлопчыка заклікалі ўсіх далучыцца да збору грошай для сям’і Вікторыі Кубата, а журналістаў паведаміць аб чарговым злачынстве Расеі.

«Гэта трагедыя і наша асабістая. Дзіма — першы, хто падаў руку майму сыну ў новай школе. Гэта назаўсёды засталося ў нашых сэрцах. Дзіма сьветлае, культурнае, інтэлектуальнае дзіця, які часта быў вышэй за звычайную людзкую мітусьню. Дзіма быў заўсёды за дабро», — напісала маці аднаклясьніка Ксенія Навумава на сваёй старонцы ў Facebook.

З раніцы 21 ліпеня расейцы зноў адкрылі шчыльны агонь па найболш густанаселеным ране Харкава. Улады паведамляюць, што сама меней 17 жыхароў атрымалі раненьні.

Як паведаміў Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны, з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіне пацярпелі 1 039 дзяцей, у тым ліку 358 — загінулі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG