У Расеі вынесьлі вырак дэпутату ў справе аб «фэйках» пра вайну з Украінай: 7 гадоў калёніі
Дэпутат Аляксей Горынаў на судзе. Масква, 8 ліпеня 2022
Галоўнай падставай для крымінальнай справы стала відэа з пасяджэньня ад 15 сакавіка 2022 году, якое апублікавала актрыса Марыя Шукшына. На ім Горынаў прапанаваў дэпутатам ушанаваць хвілінай маўчаньня памяць аб «ахвярах ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне» і заклікаў адмяніць конкурсы і танцы ў час вайны.
Мяшчанскі раённы суд Масквы прысудзіў муніцыпальнаму дэпутату Краснасельскага раёну Аляксею Горынаву 7 гадоў зьняволеньня ў справе аб «фэйках» пра войска Расеі.
Судзьдзя Алеся Мендзялеева прызнала Гарынава вінаватым у распаўсюджваньні «заведама лжывай інфармацыі» аб Узброеных сілах РФ групай асоб з выкарыстаньнем свайго службовага становішча па матывах нянавісьці або варожасьці (пункты «а», «б», «д», часткі 2 артыкулу 207.3 КК).
Па рашэньні суду дэпутат будзе адбываць пакараньне ў калёніі агульнага рэжыму. Яму далі той тэрмін, які запатрабавала пракуратура. Акрамя таго, яго пазбавілі права займаць пасады ў дзяржаўных органах і органах мясцовага самакіраваньня на 4 гады.
На думку судзьдзі, віна Горынава пацьвярджаецца паказаньнямі сьведак абвінавачаньня, відэазапісам з пасяджэньня Савету дэпутатаў, псыхоляга-лінгвістычнай экспэртызай з выказваньнямі падсуднага, інфармацыяй з брыфінгу Мінабароны РФ і іншымі пісьмовымі матэрыяламі. Пазыцыя абароны і паказаньні Горынава, як лічыць судзьдзя, не знайшлі свайго пацьверджаньня.
На абвяшчэньне прысуду Аляксей Горынаў прыйшоў з плякатам: «Вам яшчэ патрэбна гэтая вайна?» .
Судовыя прыставы спрабавалі закрыць плякат сабой і падымалі рукі, хаваючы яго, але Горынаў уздымаў яго, перамяшчаючыся ўсярэдзіне «акварыюма» (шкляной клеткі).
Дэпутат Аляксей Горынаў на судзе. Масква, Расея. 8 ліпеня 2022 года
Падставай для крымінальнай справы стаў запіс пасяджэньня ад 15 сакавіка 2022 года, дзе Горынаў прапанаваў аб'явіць у памяць аб «ахвярах ваеннай агрэсіі ва Украіне» хвіліну маўчаньня. Усе дэпутаты пагадзіліся і ўсталі.
Горынаў таксама прапанаваў адмяніць конкурсы і танцы, пакуль ідзе вайна:
«Вось скажыце, калі ласка, пра які конкурс дзіцячага малюнку можа ісьці гаворка, прымеркаваная да Дня абароны дзяцей? І пра арганізацыю танцавальных праграм, прымеркаваных да Дня Перамогі? Калі ў нас кожны дзень гінуць дзеці — я вам для інфармацыі скажу, што каля ста дзяцей загінула ва Ўкраіне».
Справу завялі пасьля таго, як вядомая вядоўца і актрыса Марыя Шукшына выклала відэа, а два дэпутаты Дзярждумы расказалі, што напісалі заявы.
Па гэтай справе таксама праходзіць калега Горынава Алена Кацёначкіна, якая зьехала з Расеі.