Затрыманьні на акцыі супраць вайны Расеі з Украінай у Вялікім Ноўгарадзе. Ілюстрацыйнае фота
Падставай для крымінальнага перасьледу арганізатараў выставы, паводле вэрсіі сьледзтва, стала «дэманстрацыя малюнкаў правакацыйнага зьместу супраць спэцыяльнай ваеннай апэрацыі на Ўкраіне».
Выстаўка праходзіла у маскоўскім офісе праваабарончага праекту «Открытое пространство». Цяпер арганізатараў мерапрыемства абвінавачваюць у хуліганстве па матывах палітычнай нянавісьці.
16 чэрвеня прайшлі ператрусы ў двух валянтэраў «Открытого пространства» — Дар’і Собалевай і Ірыны Пуцілавай. Па іх словах, сілавікі шукалі ўкраінскую сымболіку, а таксама інфармацыю, якая дыскрэдытуе расейскую армію. Таксама ператрус прайшоў у пецярбурскім офісе «Открытого пространства».
Выстава «Аўтаномная зона», на якой прадстаўлены работы «тых, хто сядзеў або працягвае сядзець у турмах, СІЗА і спэцпрыёмніках па палітычных артыкулах», адкрылася ў Дзень Расеі, 12 чэрвеня. На яе адкрыцьці наведвальнікі падпісвалі паштоўкі ў падтрымку мастачкі Сашы Скачыленкі, арыштаванай у крымінальнай справе аб распаўсюджваньні так званых «фэйкаў» аб расейскім войску, паведамляе «Настоящее время».
14 чэрвеня ў памяшканьне, дзе праходзіла выстава, прыйшлі паліцыянты. Яны забралі некалькі работ і антываенных налепак, а таксама дапыталі арганізатараў, удзельнікаў і наведвальнікаў мерапрыемства.
Адзначаецца, што сілавікоў выклікалі сябры пракрамлёўскага руху SERB. Яны запатрабавалі праверыць «Открытое пространства» на прадмет магчымага ўчыненьня злачынства паводле крымінальнага артыкулу аб дыскрэдытацыі дзеяньняў расейскай арміі і адміністрацыйнага артыкулу аб прапагандзе нетрадыцыйных каштоўнасьцяў сярод непаўналетніх.