Праваабаронцы заяўляюць, што на поўдні Ўкраіны расейцы выкралі і катуюць да 600 украінскіх актывістаў

Акупаваны Херсон

Прадстаўніца прэзыдэнта Ўкраіны ў Крыме Таміла Ташава заявіла, што на поўдні Ўкраіны расейцы выкралі і катуюць у падвалах ад 500 да 600 украінскіх актывістаў.

«Кагосьці трымаюць дзень і адпускаюць. Выбіваюць сьведчаньні на іншых, а кагосьці ўтрымліваюць месяцамі», — цытуе Тамілу Ташаву BBC News Україна.

Паводле яе, амаль у кожным населеным пункце ёсьць месцы несвабоды, у якіх незаконна ўтрымліваюць грамадзян. Гэта могуць быць памяшканьні Міністэрства ўнутраных спраў (сьледчыя ізалятары і пастарункі паліцыі), абласных і мясцовых дзяржаўных адміністрацый, або навучальныя ўстановы.

Праваабаронцы назвалі «херсонскай Бучай» тое, што цяпер адбываецца на акупаваным поўдні Ўкраіны. Паводле іх, у землі тэрору ператварыліся Херсон, Мелітопаль, Бярдзянск, Новая Кахоўка, Высокапольле, Архангельскае і шмат іншых гарадоў і вёсак Херсонскай і Запороскай абласьцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Спэцгрупа ЗША будзе расьсьледаваць ваенныя злачынствы ва Ўкраіне

Аб асаблівай жорсткасьці расейскіх вайскоўцаў праваабаронцам расказваюць жыхары невялікіх вёсак. Першага чэрвеня ў Высокапольлі (на поўначы Херсона) на парозе ўласнага дома расейцы расстралялі сямейную пару — Сьвятлану і Сяргея Ланевічаў. Жыхары ўкраінскага поўдня расказваюць аб затрыманьні людзей праз падазрэньне ў «шпіянажы», ім прастрэльваюць ногі, або проста страляюць у мірных грамадзян для забавы.

Як і ў выпадку з Бучай, людзі, якія вырваліся з акупацыі на поўдні, расказваюць пра тое, як перад расстрэлам людзям зьвязваюць рукі за сьпінай. Праваабаронцы ўжо маюць сьведчаньні пра некалькі масавых пахаваньнях, прынамсі ў дзьвюх вёсках — Высокапольле і Архангельскае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Херсоне расейцы затрымалі мэра гораду Ігара Калыхаева

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ААН: мільёны ўкраінцаў пакутуюць ад недахопу прадметаў першай неабходнасьці