У Беларусі новыя вучэньні ля мяжы з Украінай, але экспэрты не прагназуюць уступленьня беларускай арміі ў вайну

Беларускія вайкоўцы на вучэньнях. Травень 2022

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) не прагназуе ўступленьня беларускай арміі ў вайну Расеі супраць Украіны.

Экспэрты інстытуту ў сваёй справаздачы адзначаюць, што далучэньне беларускай арміі малаімаверна «з прычыны пагрозы ўнутраных хваляваньняў, зь якой можа сутыкнуцца Аляксандар Лукашэнка, калі ён уцягне ў баявыя дзеяньні і без таго абмежаваныя беларускія вайсковыя сродкі».

У Інстытуце вывучэньня вайны мяркуюць, што любая беларуская атака на поўнач Украіны ня будзе эфэктыўнай, а якасьць беларускіх войскаў застаецца нізкай.

Экспэрты інстытуту пільна сочаць за камандна-штабнымі вучэньнямі, якія 14 чэрвеня пачаліся ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнку чакалі на трактары. Як украінская выведка ўпусьціла расейскі наступ зь Беларусі і што ведае пра беларускую армію цяпер

За беларускімі вучэньнямі назіраюць і ва Ўкраіне. У Валынскай вобласьці таксама прайшлі вайсковыя вучэньні і ўзмацнілі ахову мяжы.

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што з тэрыторыі Беларусі застаецца пагроза ракетных і авіяцыйных удараў.

«На Валынскім і Палескім кірунках да сямі батальёнаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь асноўныя высілкі канцэнтруюць на правядзеньні выведкі і інжынэрным абсталяваньні пазыцый», — паведаміў раніцай 15 чэрвеня сьпікер Генштаба Ўкраіны Аляксандар Штупун.

13 чэрвеня ўлады Валынскай вобласьці па выніках інспэкцыі 200 кілямэтраў супольнай беларуска-ўкраінскай мяжы ў рэгіёне заявілі, што на беларускай тэрыторыі з боку Валынскай вобласьці застаецца каля 700 расейскіх вайскоўцаў. Апроч таго, зьвярнулі ўвагу на перамяшчэньне расейскай вайсковай тэхнікі бліжэй да мяжы з Украінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ня толькі беларусы. Колькі іншаземцаў і зь якіх краін змагаюцца на баку Ўкраіны ў вайне з Расеяй

4 траўня ў беларускіх войсках пачалася праверка сіл рэагаваньня, а 7 чэрвеня — заняткі па баявой гатоўнасьці, у рамках якіх, паводле інфармацыі Міністэрства абароны, адпрацоўваецца «перавод зь мірнага на ваенны час».

Праверка і заняткі праводзяцца на фоне вайны супраць Украіны, якую Расея пачала 24 лютага. Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя краіны з пачатку ўварваньня актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы думалі, што кіраўніцтва Беларусі значна разумнейшае», — дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк