Галоўнае на гэты момант
- Расейцы ствараюць умовы для наступленьня на Славянск, паведамляе Генштаб Украіны.
- Украіна вярнула целы яшчэ 64 абаронцаў «Азоўсталі»
- На тэрыторыі Беларусі перамяшчаюць расейскую тэхніку да мяжы з Валынскай і Ровенскай абласьцямі Ўкраіны.
- Расейцы абстралялі ракетамі горад Прылукі Чарнігаўскай вобласьці.
- Працягваюцца жорсткія баі ў Севераданецку. Расейцы спрабуюць замацавацца ў цэнтры гораду.
- Генштаб Украіны паведаміў аб прасоўваньні расейскіх войскаў да Бахмута, за некалькі кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад гораду.
- 4,5 мільёна ўкраінцаў вярнуліся ва Ўкраіну пасьля выезду на пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю.
- Дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны заявіў, што страты ўкраінскіх вайскоўцаў цяпер складаюць ад 100 да 200 чалавек штодзень.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Тэрытарыяльны кантроль Украіны па стане на 12 чэрвеня 2022
Што адбываецца 14 чэрвеня
Украіна вярнула целы яшчэ 64 абаронцаў «Азоўсталі»
У Запароскай вобласьці Ўкраіны прайшла апэрацыя па абмене целамі загінулых вайскоўцаў. Украіна вярнула целы 64 абаронцаў заводу «Азоўсталь». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства па пытаньнях рэінтэграцыі Ўкраіны.
У міністэрстве ўдакладнілі, што працэс вяртаньня на радзіму целаў загінулых працягваецца, ён праходзіць у адпаведнасьці з нормамі Жэнэўскай канвэнцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Магчымы візыт МАГАТЭ і супрацоўнікі ў закладніках. Што адбываецца на Запароскай АЭС?Працягваюцца жорсткія баі ў Севераданецку. Расейцы спрабуюць замацавацца ў цэнтры гораду.
Паводле Генштаба Ўкраіны, расейцы спрабуюць замацавацца ў цэнтры Севераданецку. Аднак, па словах кіраўніка Луганскай вобласьці Сяргея Гайдая, частка гораду застаецца пад украінскім кантролем. Ён адзначыў, што ўсе масты, якія вядуць у абласны цэнтар, разбураныя. Па словах Гайдая, расейцы пацэлілі ў аб’екты «Азоту» і «Шклопластыка».
«Артылерыяй супернік руйнуе дашчэнту шматпавярховікі і абʼекты прамысловасьці, — паведаміў Сяргей Гайдай. — Эвакуацыя і падвоз гуманітарных грузаў немагчымыя. Мірныя жыхары, якія засталіся ў горадзе, выжываюць у вельмі цяжкіх умовах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Яшчэ адзін Марыюпаль? Расейцы штурмуюць Севераданецк і бамбасховішчы заводу «Азот»Расейцы ствараюць умовы для наступу на Славянск
Генштаб Украіны паведамляе, што расейскія сілы засяродзіліся на тым, каб усталяваць кантроль над Багародзічным (сяло ў Славянскім раёне Данецкай вобласьці) і стварыць умовы для наступу на Славянск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Мы думалі, што кіраўніцтва Беларусі значна разумнейшае», — дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл ПадалякПрадстаўнікі «ДНР» заявілі пра сьмерць трох чалавек, у тым ліку дзіцяці, ад абстрэлу рынку ў Данецку
Штаб тэрытарыяльнай абароны самаабвешчанай «ДНР» абвясьціў, што артылерыйскі абстрэл вялі Ўзброеныя сілы Ўкраіны з 155-мілімэтровых артылерыйскіх гарматаў. Кіеў гэтага не камэнтаваў.
Сэпаратысты, якіх падтрымлівае Расея, рэгулярна абвінавачваюць украінскія ўлады ў невыбіральных атаках на цывільныя абʼекты. У траўні Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ заклікала ўсе бакі вайны выконваць міжнароднае гуманітарнае права, якое прама забараняе такія атакі. 13 чэрвеня міжнародная няўрадавая арганізацыя Amnesty International апублікавала справаздачу, у якой у рэгулярных невыбіральных атаках на цывільныя абʼекты абвінавачваецца Расея.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ва Ўкраіне загінуў яшчэ адзін ураджэнец Беларусі з тых, хто ваяваў на баку РасеіНа тэрыторыі Беларусі перамяшчаюць расейскую тэхніку да мяжы з Валынскай і Ровенскай абласьцямі Ўкраіны
На беларускай тэрыторыі з боку Валынскай вобласьці застаецца каля 700 расейскіх вайскоўцаў. Як паведамілі 13 чэрвеня ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом, на беларускай тэрыторыі таксама працягваюць перамяшчаць расейскую вайсковую тэхніку бліжэй да мяжы з Валынскай і Ровенскай абласьцямі.
Да такіх высноў прыйшлі мясцовыя ўлады пасьля таго, як праінспэктавалі больш за 200 кілямэтраў супольнай беларуска-ўкраінскай мяжы ў Валынскай вобласьці.
Кіраўнік Валынскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Юры Пагуляйка паведаміў, што сытуацыя кантралюецца, а патэнцыйна небясьпечныя ўчасткі мяжы ўмацоўваюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ня толькі беларусы. Колькі іншаземцаў і зь якіх краін змагаюцца на баку Ўкраіны ў вайне з РасеяйРасейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па Прылуках Чарнігаўскай вобласьці
Пра напад на горад Прылукі паведамілі ў абласной дзяржадміністрацыі. Старшыня абласной адміністрацыі Вячаслаў Чавус паведаміў аб прылёце трох ракет. Інфармацыя пра разбурэньні і пацярпелых удакладняецца.
На Луганшчыне Расея мае перавагу ў артылерыі, але ўкраінскія войскі не адступаюць
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што Расея працягвае штурмаваць Севераданецк і канцэнтравацца на поўдні Луганскай вобласьці.
«На севераданецкім кірунку вораг пры падтрымцы артылерыі вёў штурмавыя дзеяньні ў Севераданецку, меў частковы посьпех, адцясьніў нашыя падразьдзяленьні з цэнтру гораду, баявыя дзеяньні працягваюцца», — паведаміў сьпікер Генэральнага штабу Ўкраіны Аляксандар Штупун.
Паводле яго, расейскія войскі канцэнтруюць свае дзеяньні для наступу, каб узяць у аблогу ўкраінскія войскі, якія абараняюць Севераданецк і Лісічанск, і заблякаваць украінцам лягістычныя шляхі забесьпячэньня з гораду Бахмут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларусь — расейская калёнія, а Лукашэнка — марыянэтка Пуціна, — ляўрэатка Пулітцэраўскай прэміі Эн ЭплбаўмРасейцы рыхтуюцца да пераправы церазь Северскі Данец
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі лічаць, што найбольш вызначальным чыньнікам ваеннай апэрацыі на поўначы Луганскай вобласьці стане пераправа цераз раку Северскі Данец.
«Для дасягненьня посьпеху на цяперашнім апэратыўным этапе наступу на Данбасе Расеі давядзецца праводзіць амбітныя флянгавыя дзеяньні або штурмаваць і фарсаваць рэчкі», — адзначаецца ў паведамленьні брытанскай выведкі.
У брытанскай выведцы дадалі, што раней украінскія войскі зьнішчалі масты, а расейскія падразьдзяленьні спрабавалі ажыцьцявіць пераправы праз рэкі пад абстрэлам.
Ва Ўкраіне ад пачатку агрэсіі Расеі з 24 лютага пацярпелі 815 дзяцей, зь іх 288 — загінулі
У Офісе Генэральнага пракурора Ўкраіны заявілі, што ў выніку поўнамаштабнай вайны Расеі ва Ўкраіне пацярпелі 815 дзяцей — 288 зь іх загінулі і 527 атрымалі раненьні.
«Гэтыя лічбы не канчатковыя, бо працягваецца праца па іх вызначэньні ў месцах вядзеньня актыўных баявых дзеяньняў на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях», — адзначылі ў Офісе генпракурора.
Найбольш дзяцей пацярпелі ў Данецкай, Харкаўскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Луганскай, Херсонскай, Мікалаеўскай, Запароскай і Сумскай абласьцях.
«У выніку расейскага абстрэлу Лісічанску загінула 6-гадовае дзіця», — кіраўнік Луганскай вобласьці
«Лісічанск рашысты магутна абстрэльваюць, сёньня ад варожага агню загінула шасьцігадовае дзіця», — напісаў кіраўнік Луганскай вобласьці Сяргей Гайдай у тэлеграме.
Па дадзеных Гайдая, на тэрыторыі заводу «Азот» у Севераданецку застаюцца каля 500 мірных жыхароў, зь іх 40 — гэта дзеці, часам вайскоўцам удаецца эвакуаваць кагосьці. Але арганізаванай эвакуацыі зь Севераданецку няма.
Выбухі на Цярнопальшчыне
У выніку выбухаў у Чарткоўскім раёне Цярнопальскай вобласьці ёсьць пацярпелыя, у тым ліку дзеці. Пра гэта паведаміў кіраўнік Цярнопальскай абласной вайсковай адміністрацыі Ўладзімір Труш.
«Пра сытуацыю на Чарткоўшчыне. Ахвяр, на шчасьце, няма. Усю ноч мы аказвалі дапамогу пацярпелым, у тым ліку дзецям».
Труш адзначыў, што вядуцца працы па ліквідацыі разбурэньняў і фіксацыі пашкоджанай маёмасьці мірных жыхароў. Пазьней улады паведамілі, што ў выніку чатырох удараў параненыя 20 чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
Расавіяцыя працягнула забарону палётаў на поўдні і ў цэнтральнай частцы Расеі да 18 чэрвеня
Як паведамляе РБК, абмежаваньні закранаюць Анапу, Белгарад, Бранск, Варонеж, Геленджык, Краснадар, Курск, Ліпецк, Растоў-на-Доне, Сімферопаль і Элісту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея з пачатку вайны прадала энэрганосьбітаў на 98 мільярдаў даляраўПуцін падпісаў указ аб выплаце 5 мільёнаў рублёў семʼям забітых ва Ўкраіне салдат
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ: выплаціць па пяць мільёнаў рублёў семʼям супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі і памежнай службы ФСБ, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне і падчас баёў у Сырыі. Згодна з указам, столькі ж атрымаюць сваякі загінулых ва Ўкраіне і Сырыі расейскіх «добраахвотнікаў».
Апошні раз Расея паведамляла пра свае страты ў вайне з Украінай 25 сакавіка, заявіўшы пра 1351 загінулага і 3825 параненых. Украінскі Генштаб ацэньвае страты Расеі больш як у 31 тысячу салдат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
УЭФА выключыў БТ са сьпісу вяшчальнікаў Лігі Нацый, у Беларусі перасталі паказваць матчы футбольнай зборнайУдзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізаваны ў полк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Байдэн падоўжыў санкцыі супраць беларускіх уладаўГенштаб Украіны: у Беларусі пачалі адпрацоўваць стварэньне ўдарных груповак
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заяўляюць, што беларускія войскі адпрацоўваюць фармаваньне ўдарных падразьдзяленьняў.
«На валынскім і палескім кірунках, згодна з плянам праверкі, да 11 чэрвеня ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь адпрацоўваюцца пытаньні стварэньня ўдарных груповак на адным з кірункаў і праверка гатоўнасьці транспартнай інфраструктуры да перамяшчэньня падразьдзяленьняў», — сказаў сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун.
13 чэрвеня ўпершыню за ўвесь час у ваенных зводках сьпікер Генштабу Ўкраіны ўвогуле не згадаў, што адбываецца на апэратыўных кірунках на мяжы зь Беларусьсю. Раней штодня паведамлялі, што «не назіраюць фармаваньня наступальных груповак, але пагроза ракетных і артылерыйскіх абстрэлаў захоўваецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ракеты і кнігі. Ва Ўкраіне зьбіраюцца забараніць «кнігі зь Беларусі»Ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету, — Генштаб Украіны
«З тэрыторыі Беларусі было 1211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны», — паведаміў прадстаўнік Генштабу Аляксей Громаў.
Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае
Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.
Як рэагуе сьвет
Чэхія прыме 500 расейцаў і беларусаў, якіх перасьледуюць улады, па праграме МЗС
МЗС Чэхіі апублікавала падрабязнасьці праграмы паскоранай іміграцыі для расейскіх і беларускіх грамадзянаў. Прыём заяваў па праграме пачаўся 20 траўня і працягнецца цэлы год, але квота — усяго 500 чалавек.
Чэхія прыпыніла выдачу візаў расейцам і беларусам 24 лютага, адразу пасьля ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Каб наш карабель даплыў да перамогі». Як беларуская онлайн-школа ва Ўкраіне скончыла год пад выцьцё сырэнСусьветны банк зацьвердзіў выдзяленьне Ўкраіне 1,49 мільярда даляраў
Сусьветны банк ухваліў 1,49 млрд даляраў фінансавай дапамогі Ўкраіне, так што агульны заплянаваны пакет падтрымкі ўкраінскай эканоміцы перавысіў 4 млрд даляраў, паведамляе Reuters.
Грошы патрацяць на заробкі дзяржаўным і сацыяльным работнікам. Гэтыя сродкі ўключаюць у сябе крэдытныя гарантыі Вялікай Брытаніі, Нідэрляндаў, Літвы, Латвіі і шэрагу іншых краін. Праект таксама падтрымліваецца паралельным фінансаваньнем з Італіі і ўнёскамі з новага шматдонарскага траставага фонду.
Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі за напад на Ўкраіну
Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш 90% паставак. Патрыярха Кірыла вывелі з санкцыйнага сьпісу на патрабаваньне Вугоршчыны.
У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.