Вяртаньне гэтага рэжыму да ўмоўнай «адлігі» ўжо немагчымае, — палітоляг Вусаў

АМАП у Менску падчас акцыі пратэсту 26 верасьня 2020

Палітоляг, кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў адказвае на пытаньне, у якім кірунку эвалюцыянуе менскі рэжым; аналізуе, чаму больш немагчымая «лібэралізацыя», і тлумачыць, навошта Лукашэнка палохае беларусаў вайной.

Павал Вусаў

Сьцісла:

  • Пасьля жніўня 2020 году рэжым зьмяніўся ў бок нэататалітарнага.
  • У Беларусі ў 2020–21 годзе адбылася бальшавізацыя сыстэмы, выкарыстаньне неправавых мэтадаў для задушэньня апанэнтаў.
  • Асноўная «падтрымка» Лукашэнкі — гэта пасіўнасьць большасьці.
  • Лукашэнка атрымаў «ярлык на прэзыдэнцтва» ад Пуціна.

— У які бок адбываецца эвалюцыя цяперашняга менскага рэжыму? Мы назіраем толькі пагаршэньне і ўзмацненьне тых тэндэнцыяў, якія былі і да жніўня 2020 году, ці ў характары рэжыму адбываюцца якасныя стратэгічныя зьмены?

— Трансфармацыя рэжыму адбываецца па ўсіх кірунках. Калі да 2020 году рэжым можна было характарызаваць як нэааўтарытарны, з даволі вялікай прысутнасьцю фасадных элемэнтаў дэмакратыі, з існаваньнем пэўнай прасторы для грамадзянскай супольнасьці і апазыцыйных структураў, існаваньнем незалежных мэдыя — то пасьля жніўня 2020 году рэжым зьмяніўся ў бок нэататалітарнага. Цяпер ён абсалютна не прымае магчымасьці існаваньня нейкай альтэрнатыўнай інфармацыйнай і нават інтэлектуальнай ідэалягічнай прасторы.

Такая трансфармацыя зьвязаная з тым, што стваральнікам сыстэмы, на якую абапіраўся рэжым (сыстэма пэўнай стабільнай легітымнасьці, пэўнай ідэалягічнай падтрымкі, калі не існавала крытычных пагрозаў), стала зразумела, што ва ўмовах шырокай грамадзянскай прасторы, ва ўмовах крызісу гэтая сыстэма ня вытрымае. Таму пачалася яе трансфармацыя на плятформе таталітарных тэндэнцыяў, кантролю ў сфэры інфармацыі і палітычнай актыўнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь — расейская калёнія, а Лукашэнка — марыянэтка Пуціна, — ляўрэатка Пулітцэраўскай прэміі Эн Эплбаўм

Звычайна такія трансфармацыі адбываюцца альбо на пачатку існаваньня такіх сыстэмаў, калі неабходна зьнішчыць усіх праціўнікаў і зачысьціць прастору, якая можа ствараць пагрозу для ўлады, — альбо ў пэрыяд глыбокіх крызісаў, у працэсе заняпаду рэжыму, распаду старой сыстэмы. Каб гэтага не дапусьціць, аўтарытарная сыстэма вяртаецца да больш жорсткіх падыходаў дзеля захаваньня ўлады.

У Беларусі ў 2020–2021 годзе адбылася бальшавізацыя сыстэмы, выкарыстаньне неправавых мэтадаў для задушэньня апанэнтаў. Паступова гэтая бальшавізацыя перайшла ў інстытуцыянальны тэрор, замацавалася на заканадаўчым узроўні, тэрор і рэпрэсіі сталі сыстэмнай практыкай.

— Некаторым здавалася, што пасьля таго, як рэжым утрымаўся ў выніку падзеяў 2020 году, улады вернуцца на знаёмы ім варыянт аслабленьня рэпрэсіяў, гандаль палітвязьнямі ў абмен на адмену санкцыяў і «нармалізацыю» адносінаў з Захадам. Бо раней жа ў гісторыі гэтай улады рэпрэсіі звычайна былі адказам на актыўнасьць грамадзтва — калі не было актыўнасьці (як на выбарах 2015-га), тады не было і рэпрэсій. Чаму зараз рэпрэсіі не спыняюцца — хоць зьнешніх праяваў змаганьня супраць уладаў амаль няма?

— Гэта зьвязана, з аднаго боку, з эвалюцыяй улады. У 2006 ці ў 2010 гадах палітычны крызіс, які ўзьнікаў у выніку выбараў, не насіў сыстэмнага характару, не выклікаў абвалу легітымнасьці, большасьць насельніцтва глядзела пасіўна на тое, што адбываецца. У 2020 годзе Лукашэнка для большасьці грамадзтва відавочна страціў сацыяльную і легітымную падтрымку, адбыўся сыстэмны крызіс.

Крызіс закрануў ня толькі грамадзтва, але і саму ўладу — пачаўся сабатаж, распад структураў улады, якія павінны былі кантраляваць функцыянаваньне сыстэмы. Адбыліся збоі ў працы апарату фальсыфікацыі выбараў, калі ў выбарчых камісіях пачалі зьяўляцца сапраўдныя пратаколы. Стаўленьне намэнклятуры — яна прынамсі пасіўна чакала, хто пераможа, альбо нават падтрымлівала альтэрнатыўных кандыдатаў. Электаральны правал і тэрор першых дзён пасьля выбараў закрануў усе галіны ўлады, усё грамадзтва, нават некаторыя праваслаўныя сьвятары пачалі абурацца дзеяньнямі ўладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы думалі, што кіраўніцтва Беларусі значна разумнейшае», — дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк

Так што немагчымасьць для ўлады вярнуцца ў сытуацыю «да жніўня 2020-га» тлумачыцца менавіта глыбокім крызісам усіх частак сыстэмы. Таму вяртаньне да «лібэральных» элемэнтаў ва ўнутранай палітыцы (ва ўмовах, калі вярнуць падтрымку большасьці насельніцтва няма магчымасьці), да ўмоўнай адлігі, проста немагчымае. І да самага канца існаваньня ўлады на чале з Лукашэнкам гэтая сыстэма ўжо ня зьменіцца. Можа зьмяніцца інтэнсіўнасьць тэрору. У 2006 ці ў 2010 годзе рэпрэсіі закраналі толькі апазыцыю. А зараз тэрор носіць агульны, масавы характар.

— Калі адны аналітыкі кажуць, што ўлада цяпер абапіраецца толькі на тэрор, на сілавікоў, то іншыя адказваюць, што так не бывае. Што нейкая падтрымка сярод насельніцтва павінна быць у любой, самай непапулярнай улады, што нейкі працэнт падтрымкі ёсьць і ў Лукашэнкі. Няўжо, калі ён абапіраецца толькі на рэпрэсіі, то лічбы падтрымкі яму ўжо і не патрэбныя? Бо відавочна, што ранейшая сацыяльная дамова паміж уладай і насельніцтвам (мы даём вам пэўны эканамічны рост, а вы ня лезеце ў палітыку) не выконваецца ўжо з абодвух бакоў.

— Безумоўна, нават тэрор немагчыма рэалізоўваць без апоры на частку грамадзтва. Вядома, гэта не 3 працэнты, — пры такой лічбе рэжым бы не захаваўся. Ядро шчырых прыхільнікаў Лукашэнкі складае каля 20–25 працэнтаў насельніцтва, на маю думку. Але нават такая меншасьць, калі яна мае сілавы рэсурс за сабой, можа ўтрымліваць уладу.

Асноўная «падтрымка» Лукашэнкі — гэта пасіўнасьць большасьці. Пасіўная большасьць заўсёды падпарадкоўваецца таму, у каго ёсьць сіла. У нас пасіўная большасьць заняла пазыцыю чаканьня — чым скончыцца процістаяньне, хто пераможа. З рэсурсу пасіўнай большасьці сёньня і будуецца захоўваньне рэжыму, адтуль Лукашэнка чэрпае рэсурсы для далейшай стабілізацыі.

Рэпрэсіі, якія праводзяцца, маюць на мэце ня толькі запалохваць актыўных, але і ўтрымліваць большасьць пасіўнай і паслухмянай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 13 чэрвеня: затрыманьні ў Віцебску, Менску і Наваполацку, фатографа вінавацяць у працы на Tut.by

Другі пункт — «сацыяльны кантракт», забесьпячэньне такога ўзроўню жыцьця, які гарантуе, што занадта кепска з эканомікай у краіне не будзе, ня будзе дэфіцыту, будзе хапаць грошай на першасныя патрэбы.

І трэці пункт — каб ва ўмовах вайны Беларусь заставалася збоку, каб адкрыта ня ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях. І Лукашэнка актыўна палохае насельніцтва вайной, у тым стылі, што «вы павінны падтрымліваць тую сыстэму, якая ёсьць, бо іначай пачнецца вайна».

Пакуль катастрафічных тэндэнцыяў у эканоміцы мы не назіраем, Лукашэнка працягвае маніпуляцыйныя гульні, скідаючы віну за эканамічныя цяжкасьці на Захад і санкцыі.

Важны чыньнік — Расея. Зьнешняя легітымнасьць, якую Масква прадэманстравала прызнаньнем вынікаў выбараў у жніўні 2020-га, дазволіла Лукашэнку кансалідаваць сілавікоў і бюракратыю, якая, магчыма, мела нейкія сумневы, ці ня хоча Пуцін Лукашэнку замяніць. Лукашэнка атрымаў «ярлык на прэзыдэнцтва», гэта дало яму магчымасьці і час для стабілізацыі сыстэмы. І за ўсё гэта ён расплаціўся ўдзелам у агрэсіі Расеі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна за змрочную мінуўшчыну. Колькі каштуе «вяртаньне спрадвечных земляў»

— Калі гаварыць пра эканоміку, ці лічыце вы, што магчымыя эканамічныя цяжкасьці ў найбліжэйшы час могуць прывесьці да разбуральных для рэжыму наступстваў? Калі раней легітымнасьць рэжыму трымалася на пэўнай ідэалягічнай згодзе, эканамічным росьце, рэйтынгу Лукашэнкі, то цяпер, калі згода і рэйтынг зьніклі, ці не ўзрастае роля эканамічнага чыньніку?

— Эканоміка — заўсёды важны чыньнік у фармаваньні легітымнасьці ўлады. Легітымнасьць базуецца на веры ў тое, што ўлада ня толькі падтрымліваецца большасьцю, але і эфэктыўна выконвае і задавальняе чаканьні грамадзтва. Калі насельніцтва бачыць, што ўлада дзейнічае не ў інтарэсах грамадзтва, то легітымнасьць разбураецца.

Выбары 2020 году сталі вынікам усяго таго, што адбывалася за некалькі гадоў да гэтага — эрозіі і распаду легітымнасьці, у тым ліку з прычыны некаторых абсурдных дзеяньняў рэжыму. Адно зь іх — дэкрэт аб дармаедах, калі ўпершыню за 20 гадоў пратэсты пракаціліся па малых гарадах Беларусі. Другі момант — гэта стаўленьне ўлады да эпідэміі ковіду.

На сёньня гаворка ўжо не вядзецца пра аднаўленьне легітымнасьці. Гаворка ідзе пра тое, ці давядзе рэжым эканамічную сытуацыю да катастрафічных зьменаў, якія закрануць тую самую пасіўную большасьць, калі будуць падаць і затрымлівацца заробкі. Калі крызіс стане настолькі шырокім, што рэпрэсіі ня будуць у стане ўтрымліваць пад кантролем пасіўную большасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захад ня будзе адступаць». Палітоляг Іван Крыстэў — пра беларускую рэвалюцыю і вайну

— Ці зьбіраецца ўлада ва ўмовах трансфармацыі рэжыму ствараць нейкую асаблівую ідэалёгію? Ці ўсё застанецца ў рамках традыцыйнага абслугоўваньня ўлады, у рамках простай ідэі, што ўлада — гэта і ёсьць дзяржава, любіць уладу — гэта адзіны магчымы патрыятызм?

— Думаю, нічога новага яны не прыдумаюць, будуць вяртацца да тых практык і схемаў, якія цяпер актыўна ўводзяцца ў Расеі. Мы бачым пабудову ідэалягічнага апарату на антынацыянальных, прасавецкіх прынцыпах і каштоўнасьцях, плюс канцэпцыя «русского мира». Бо зараз адбываецца кансалідацыя і зьліцьцё двух гэтых інфармацыйных элемэнтаў у адзіную таталітарную ідэалягічную прастору. Бо без інфармацыйнай і палітычнай падтрымкі з Расеі рэжым Лукашэнкі ня здолее існаваць. Плюс Расея будзе сама праціскаць свой ідэалягічны наратыў унутры Беларусі, каб інтэграваць яе ў сваю ўласную ідэалягічную прастору.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спынісься — затопчуць». Чаму Лукашэнка, разграміўшы ворагаў, не спыняе палітычных рэпрэсій