Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна за змрочную мінуўшчыну. Колькі каштуе «вяртаньне спрадвечных земляў»


Канцэрт з нагоды Дня Расеі ў Менску 11 чэрвеня 2022
Канцэрт з нагоды Дня Расеі ў Менску 11 чэрвеня 2022

Сьвята 12 чэрвеня, якое цяпер называецца «Дзень Расеі», першапачаткова мусіла быць чымсьці кшталту «Днём дэмакратычнай Расеі». Гэта дзень абвяшчэньня сувэрэнітэту РСФСР ад СССР у 1990 годзе, важная падзея на шляху да распаду Савецкага Саюзу і падзеньня камуністычнага рэжыму.

Гэта мог быць дзень разрыву Расеі ня толькі з СССР, але з усёй змрочнай мінуўшчынай. Але так ня сталася. Сьвята перайменавалі ў проста «Дзень Расеі» і выкарыстоўваюць для таго, каб яшчэ раз бяз дай прычыны праявіць сваю нацыянальную пыху, «перавагу», «выключнасьць». Змрочная мінуўшчына не адпускае, душыць і бярэ верх.

Вось і Ўладзімір Пуцін на мінулым тыдні зноў агучыў у якасьці сваёй місіі вяртаньне тэрыторыяў, якія з той ці іншай прычыны ён лічыць гістарычна расейскімі. У зваротны бок, праўда, гэта ў яго, відавочна, не працуе, і яму абыякава, што паводле такой жа лёгікі можна аспрэчыць прыналежнасьць шматлікіх тэрыторый у складзе РФ да гістарычнай Масковіі.

Найбольш шакуе тое, што лідэр ядзернай дзяржавы, якая засядае ў Радзе Бясьпекі ААН і мусіла б абараняць глябальны мір, разважае дзікунскімі ваяўнічымі катэгорыямі, якімі проста непрыстойна разважаць у сучасным сьвеце. Катэгорыямі, якія ён атрымаў у савецкай школе, над якімі з тых часоў так і ня вырас, і якія далей пашыраюцца і ўзнаўляюцца ў сучасных Расеі і Беларусі.

Для Пуціна і такіх, як ён, добры дзяржаўны лідэр — гэта той, пры якім пашырыліся межы, а ня той, пры якім людзям стала добра жыць.

«Вяртаць спрадвечныя землі» хоча ня толькі Пуцін. І гэта небясьпечна

Ніхто ў Нямеччыне не разважае пра вяртаньне «спрадвечных нямецкіх» Эльзасу і Лятарынгіі, якія цяпер частка Францыі. Ці Данцыга і Кёнігсбэрга, якія цяпер частка Польшчы і, дарэчы, Расеі. У Вялікай Брытаніі не разважаюць пра пытаньне аб магчымым аддзяленьні Шатляндыі ў катэгорыях «отторженное возвратихъ», а ў катэгорыях закону, парадку і народнай волі. У інтэрнэце ёсьць папулярныя карцінкі бэльгійска-галяндзкага памежжа, дзе дзяржаўная мяжа праходзіць праз адзін мірны заможны горад і ледзь не праз памяшканьне рэстарана. А калісьці ж і вакол гэтых межаў ішлі спрэчкі.

Рыторыка пра так званыя «гістарычныя землі» — гэта прыкмета адсталасьці, адметнасьць нашага рэгіёну з нашымі гістарычнымі траўмамі і нашым бескультур’ем.

І гэта ня толькі Расея. Гэта часткова і орбанаўская Вугоршчына, і Сэрбія часоў Мілошавіча. Гэта ў пэўным сэнсе і Баўгарыя, якая патрабуе ад Паўночнай Македоніі абвесьціць сваю мову дыялектам баўгарскай узамен на дазвол на эўрапейскую інтэграцыю.

Гэта, дарэчы, і актывістка «Зьвязу палякаў Беларусі» Вераніка Себасьцяновіч, якая хоча вяртаньня беларускіх земляў у склад Польшчы.

Гэта і тыя беларусы, якія ўсурʼёз гавораць пра вяртаньне Вільні ці Беластоку ў склад беларускай дзяржавы (хоць з публічных палітыкаў гэтым адзначыўся хіба толькі Лукашэнка.

Але адрозьненьне Пуціна ад Орбана, Мілошавіча ці польскай «правіцы» толькі ў маштабах, колькасьці грошай і наяўнасьці ядзернай зброі. Орбан ня мае магчымасьцяў рэалізоўваць свае мроі, А Пуцін мае. Аднак высновы што да абодвух іх мусяць быць аднолькавымі.

Беларусь таксама ў чарзе на «вяртаньне»

Пакуль у Расеі пануюць мысьленьне і настроі, якія агучыў Пуцін, яна будзе экзыстэнцыйным ворагам Беларусі як незалежнай дзяржавы. Беларусь сваю незалежнасьць у цяперашняй сытуацыі можа страціць за адзін дзень, адным пуцінскім загадам.

І пагроза, вядома, ня толькі перад Беларусьсю. Эксцэнтрычны дэпутат Дзярждумы Фёдараў (а некалі ж ён займаўся нецікавай эканомікай і я нават у яго браў камэнтары) ужо ўнёс прапанову скасаваць прызнаньне незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі. І яе пакуль што не адхілілі. Гэта быў бы сымбалічны і хуліганскі крок, але няма гарантыі, што ён не пацягнуў бы за сабой і адпаведныя дзеяньні.

Вайна супраць Пуціна павінна скончыцца ня толькі вызваленьнем Украіны і ня толькі перамогай над ягоным рэжымам у Расеі.

Расейска-ўкраінская вайна мусіць скончыцца перамогай над пуцінскімі палітычнымі ўстаноўкамі, над пуцінскім мысьленьнем ва ўсёй усходняй і паўднёвай Эўропе. Перамогай над імкненьнем «вяртаць спрадвечныя землі» ў спалучэньні з цынічнай Realpolitik. Іначай атрымаецца, што гэтая вайна так нас нічому і не навучыць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG