Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вітаю з крэсаў усходніх, часова акупаваных Беларусьсю», — вэтэран АК Вэраніка Сэбасьцяновіч


Ікона «Зьвязу Палякаў на Беларусі» робіць беларускафобскія заявы, але палякі абураюцца этыкеткай піва.

Вядомага беларускага журналіста Андрэя Пачобута абурыла ў Фэйсбуку, што зьявілася прымеркаванае да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі піва «Менскае-1918» ад Лідзкага бровара. Этыкетка да піва зьмяшчае стылізаваную невялікую мапу БНР, якая ўключае, калі вельмі пільна прыглядзецца, Беласточчыну. Бо Падляшша было часткай Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.

Андрэя Пачобута не абурае наяўнасьць у Польшчы піва з іррэдэнтысцкай назвай «Kresowe» або афіцыйны маратон на Дзень незалежнасьці Польшчы з геаграфічнай мапай, дзе ў склад Польшчы па поўнай праграме ўключаныя як Заходняя Беларусь з Заходняй Украінай, так і былыя нямецкія Прусія, Памэранія і Сілезія, якія Сталін аддаў палякам пасьля вайны ўзамен на Заходнія Беларусь з Украінай (і адкуль палякі з саветамі выгналі некалькі мільёнаў мясцовых немцаў).

Таксама гэткая рэакцыя А. Пачобута нагадала пра яшчэ адзін скандал, у сувязі зь якім ён, польская дыяспара ў Беларусі і ўся беларуская грамадзкасьць трымалі і трымаюць няёмкае маўчаньне.

Некаторы час таму я натрапіў на відэа, на якім Вэраніка Сэбасьцяновіч, вэтэран «Арміі Краёвай» і адна з кіраўнікоў незарэгістраванага Зьвязу Палякаў на Беларусі, назвала Гарадзеншчыну, Ліду і Наваградак «часова Беларусьсю». У тым сэнсе, што гэта часова акупаваныя спрадвечныя польскія землі.

Пасьля маёй публікацыі тое відэа з інтэрнэту загадкава зьнікла і я ўжо думаў, што гісторыя скончылася. Але ж не.

Увёў я імя Сэбасьцяновіч у пошук YouTube, і вось, што знайшлося. Памятаючы пра мінулы раз, гэтыя відэазапісы я цяпер усё ж скачаў сабе.

Аказалася, што Вэраніка Сэбасьцяновіч мне публічна адказала — прычым адказала на прэсавай канфэрэнцыі ажно ў польскім Сэйме. У параднай уніформе, пад закаханыя погляды польскіх чыноўнікаў. Паглядзім:

«Сардэчна відаю з усходніх ускраін, часова акупаваных Беларусьсю». (1:23). Ні многа, ні мала, так пачынае грамадзянка Рэспублікі Беларусь Вэраніка Сэбасьцяновіч сваю прамову ў Сэйме Рэспублікі Польшча.

«Пішуць (пра мяне) у інтэрнэце, — кажа Сэбасьцяновіч, — польская шавіністка, якая хоча вяртаньня Польшчы на Крэсы ўсходнія. Але не хаваю, я гэтага сапраўды хачу (міла сьмяецца яна і сьмяецца хтось у залі) ... Вельмі веру ў тое, што зьявіцца цуд над Нёманам» (ад 7:10).

«Там засталіся, каб бараніць тыя нашыя землі, тыя цудоўныя Крэсы ўсходнія» (5:40), — кажа яна пра місію польскай дыяспары ў Беларусі.

І ўсё гэта ў сьценах польскага парлямэнту, на афіцыйным мерапрыемстве. Вэраніцы Сэбасьцяновіч польская дзяржава нядаўна надала званьне палкоўніка. Цікава, як гэта ўвогуле стасуецца зь яе беларускім грамадзянствам?

Але гэта не адзінае цікавае відэа з вэтэранкай. Далей прывяду відэа і цытаты:

«На Крэсах усходніх ваявалі і ваюем да сёньня» (0:28)

«Нам яшчэ трэба шмат чаго зрабіць, мы мусім вярнуць тое, што мы страцілі — нашую каханую Айчыну на нашай польскай зямлі ». (0:37)

А вось Вэраніка Сэбасьцяновіч запрашае на марш памяці «праклятых жаўнераў». Гэта скандальны марш памяці польскіх нацыяналістычных бандытаў, якія пасьля вайны працягвалі партызанскую барацьбу супраць камуністычнай Польшчы і СССР. У Беларусі і на Падляшшы «праклятыя жаўнеры» вядомыя гісторыяй пра тое, як банда на чале з Рамуальдам Райсам у 1946 годзе паліла беларускія вёскі і забівала беларусаў паводле нацыянальнай прыкметы. Польскі суд кваліфікаваў ягонае злачынства як этнічную чыстку. Але Сэбасьцяновіч гэта не засмучае:

Беларусь яна называе выключна «Крэсы ўсходнія». «Цярпім і да сёньня, каб быць разам, як наша агульная айчына» (1:16).

Сэбасьцяновіч пра дзейнасьць польскай дыяспары ў Беларусі: «мы засталіся змагацца за нашыя польскія землі» (4:00)

«Таму ёсьць яшчэ Польшча на зямлі польскай — Крэсах усходніх» (5:04)

«Будзем да канца свайго жыцьця верна служыць Богу і Айчыне», — кажа грамадзянка Беларусі Сэбасьцяновіч, але не пра сваю айчыну Беларусь, а пра замежную дзяржаву Польшчу (5:42).

Рэлігійны экстаз Сэбасьцяновіч параўноўвае з пачуцьцём, быццам «вярнулася Польшча», то бок што Заходняя Беларусь зноў апынулася пад польскай акупацыяй.

Гэта толькі публічныя выказваньні, ды яшчэ тыя, якія патрапілі на відэа. Можна толькі здагадвацца, што яна кажа пры выключанай камэры — пад аплядысмэнты польскіх палітыкаў і дзяржаўных службоўцаў.

Сэбасьцяновіч скардзіцца на тое, што ў Беларусі міліцыя пільнуе за яе дзейнасьцю. Хаця размова тут магла б ісьці не пра міліцэйскі нагляд, а пра крымінальную справу, якую беларуская ўлада, падобна, не заводзіць толькі дзеля таго, што ня хоча псаваць стасункі з афіцыйнай Варшавай. Бо факт: у Беларусі ў вас могуць быць непрыемнасьці за бел-чырвона-белы сьцяг, але не за польскі чырвона-белы.

Ёсьць артыкул 361 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь:

«2. Призывы, обращенные к иностранному государству, иностранной или международной организации, совершить действия в ущерб внешней безопасности Республики Беларусь, ее суверенитету, территориальной неприкосновенности, национальной безопасности и обороноспособности либо распространение материалов, содержащих такие призывы, при отсутствии признаков более тяжкого преступления — наказываются арестом или лишением свободы на срок до трех лет.

3. Действия, предусмотренные частями 1 или 2 настоящей статьи, совершенные с использованием средств массовой информации или глобальной компьютерной сети Интернет, — наказываются лишением свободы на срок от двух до пяти лет».

Не бяруся судзіць, ці выказваньні Сэбасьцяновіч гэтаму артыкулу адпавядаюць. Але і па-за юрыдычным аспэктам недапушчальнасьць такіх выказваньняў і недапушчальнасьць талеранцыі да такіх выказваньняў — відавочныя.

Пакуль што маўчыць МЗС Беларусі, маўчыць беларуская апазыцыя, маўчыць Белсат (ах, цікава, чаму?). Маўчыць нелегальны Зьвяз Палякаў на Беларусі, якому было б дарэчна выгнаць Сэбасьцяновіч са сваіх шэрагаў.

Адразу заўважу: нічога дрэннага няма ў тым, каб даглядаць польскія могілкі, падтрымліваць на Беларусі польскую культуру, лічыць сябе палякамі і любіць Польшчу. Гэта сьвятое і неад’емнае права любога чалавека. Як нават і права любіць Польшчу больш за Беларусь, будучы карэнным жыхаром Беларусі і грамадзянінам Беларусі. Бог судзьдзя.

Аднак, за сваім языком трэба сачыць. І ані пол (бо мы не сэксісты), ані ўзрост (бо мы не эйджысты) ані нават ссыльная маладосьць Сэбасьцяновіч не зьяўляюцца апраўданьнем і не даюць нам права цярпець агрэсіўныя беларусафобскія выказваньні. Яна дарослы адказны чалавек у поўнай сьвядомасьці і прытомнасьці, і дай ёй бог здароўя. Мы павінны гэта ўспрымаць усур’ёз.

Хаця нават бог зь ёй, з Сэбасьцяновіч. Галоўныя пытаньні — нават не да яе, а да Зьвязу Палякаў на Беларусі, да польскай дзяржавы і да беларускай дыпляматыі. Чалавек адкрыта ставіць пад сумнеў тэрытарыяльную цэласьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь. Польская дзяржава запрашае гэтага чалавека ў Сэйм, слухае пра «акупаваныя крэсы», усьміхаецца, дае ранг палкоўніка. Гэта як называецца?

Але Андрэя Пачобута гэта не засмучае. Засмучае яго этыкетка на піве, якая, канечне ж, насамрэч ні пра якую не Беласточчыну, а пра БНР і пра стагодзьдзе беларускай незалежнасьці — незалежнасьці назло ўсім ворагам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG