Менск адказаў на новыя санкцыі: абвінаваціў Эўразьвяз у правакаваньні ў сьвеце голаду забаронай на экспарт калію зь Беларусі

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз

Трэцяга чэрвеня Эўрапейскі зьвяз ухваліў чарговы пакет санкцыяў супраць Беларусі. Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз у сувязі з гэтым распаўсюдзіў заяву:

«Мы спакойна вывучылі гэты пакет. У прынцыпе, у дзеяньнях эўрабюракратаў відаць дакладная лёгіка... Калі Эўразвяз пачаў актыўна спрабаваць вырашаць праблему сусьветнага голаду, увядзеньне санкцый супраць найбуйнейшага сусьветнага вытворцы калійных угнаеньняў было чаканае. На гэты раз пазьбегнуць адказнасьці ня ўдасца.

Мы будзем увесь час нагадваць, што ў пагаршэньні праблемы сусьветнага голаду празь нястачу ўгнаеньняў, у павелічэньні колькасьці ахвяр гэтай бяды вінаватыя чыноўнікі Эўразвязу».

Глаз таксама заявіў, што аднабаковыя прымусовыя захады парушаюць міжнароднае права, ідуць уразрэз з абавязаньнямі краін – сяброў ЭЗ у рамках унівэрсальных і рэгіянальных міжнародных арганізацый, такіх як ААН і АБСЭ.

«На ўсе недружалюбныя крокі беларускім бокам будзе дадзены адэкватны адказ. Многія пытаньні, вядома, можна было б абмяркоўваць і вырашаць у рамках раўнапраўнага канструктыўнага дыялёгу. Нашы ўмовы і чаканьні для яго пачатку Эўразвязу вядомыя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць «Беларуськалію», БКК, Белтэлерадыёкампаніі, прапагандыстаў Азаронка, Гладкай і іншых

Новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі

Трэцяга чэрвеня былі апублікаваныя і набылі моц рашэньні Эўрапейскай рады, якія тычацца пашырэньня санкцый супраць Расеі і Беларусі. Санкцыі апублікаваныя на афіцыйным сайце Эўрапейскай рады.

Як паведамлялася раней, «Белінвэстбанк» будзе адключаны ад SWIFT. Таксама санкцыі ўвялі ў дачыненьні да 12 фізычных і 8 юрыдычных асоб.

У санкцыйны сьпіс уключаныя: кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, сыны Аляксея Алексіна Дзьмітры і Віталь, Багалюб Карыч, пракурор Дзяніс Мікушаў, судзьдзя Мікалай Доля, былы кіраўнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын, генэральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты, а таксама прапагандысты Ігар Тур, Андрэй Сыч, Людміла Гладкая і Рыгор Азаронак.

Таксама ўводзяцца санкцыі супраць «Беларуськалію», Беларускай калійнай кампаніі, «Інтэр-Табака», «Нафтана», Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», Белмытсэрвісу, Белкамунмашу і Белтэлерадыёкампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская на сустрэчы з прэм’ерам і кіраўніком МЗС Славаччыны заклікала не паслабляць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі