Брытанская выведка: расейскія запасы высокадакладных ракет значна спустошаныя
Ілюстрацыйнае фота. Зьнішчаны расейскі зэнітна-ракетны комплекс у вёсцы Гусараўка Харкаўскай вобласці, 14 красавіка 2022 году
Мінабароны Вялікай Брытаніі апублікавала сьвежы даклад выведкі, прысьвечаны выкарыстаньню падчас вайны ва Ўкраіне расейскай авіяцыі.
Асноўныя яго высновы:
Актыўнасьць расейскай авіяцыі застаецца высокай над тэрыторыяй Данбасу, дзе вядуцца баі. Расейскія самалёты наносяць удары, выкарыстоўваючы як кіраваныя, так і некіравальныя боепрыпасы.
Няздольнасьць Расеі аслабіць або зьнішчыць украінскія сыстэмы супрацьпаветранай абароны ў першыя дні пасьля ўварваньня абмежавала магчымасьці авіяцыі аказваць падтрымку наземных падразьдзяленьняў, і гэта перашкодзіла наступу на Кіеў.
Актыўнасьць расейскіх самалётаў абмяжоўвалася нанясеньнем удараў з выкарыстаньнем ракет паветранага і наземнага базаваньня — каб парушыць прасоўваньне падмацаваньня ўкраінскіх войскаў. Аднак гэтыя ўдары не аказалі істотнага ўплыву на ход вайны, а расейскія запасы высокадакладных ракет, верагодна, у выніку былі значна спустошаныя.
Зрушыўшы фокус на Данбас, Расея змагла павялічыць выкарыстаньне авіяцыі для падтрымкі свайго наступу, спалучаючы авіяўдары і масіраваныя артылерыйскія абстрэлы. Такая камбінацыя стала ключавым фактарам нядаўніх тактычных посьпехаў Расеі ў рэгіёне.
Больш шырокае выкарыстаньне некіравальных снарадаў прывяло да маштабных разбурэньняў населеных пунктаў Данбасу і амаль напэўна — да значнай спадарожнай шкоды і ахвяраў сярод мірнага насельніцтва.