Кіраўнік Жытомірскай вобласьці паабяцаў Лукашэнку «апраметнае пекла» ў выпадку новага ўварваньня зь Беларусі
Кіраўнік Жытомірскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Ўкраіны Віталь Бунечка
«Калісьці вусаты прэзыдэнт, знаходзячыся ў памяшканьні абласной адміністрацыі, сказаў, што з тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну могуць заехаць толькі трактары, але мы бачылі і танкі, і вайсковую тэхніку».
Кіраўнік Жытомірскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Віталь Бунечка заявіў, што ад пачатку расейскага ўварваньня з тэрыторыі Беларусі былі акупаваныя 9 населеных пунктаў вобласьці, а абстрэлы рэгіёну ажыцьцяўляліся як з Касьпійскага мора, так і вайсковай авіяцыяй, якая дысьлякавалася на тэрыторыі Беларусі.
«Цяпер наша вобласьць цалкам мабілізаваная. Праца ажыцьцяўляецца штодзённа. Прэзыдэнт, так званы, суседняй дзяржавы сказаў аб колькасьці войскаў, якія знаходзяцца ўздоўж мяжы. Я хачу сказаць, што ў рэальнасьці іхныя лічбы не супадаюць з выведнымі дадзенымі. Мы штодзень нарошчваем абароназдольнасьць, і калі нехта захоча зайсьці з тэрыторыі Беларусі па зямлі, то мы зладзім такое апраметнае пекла, што ніхто сюды па зямлі дакладна ня прыйдзе», — сказаў Віталь Бунечка журналістам у часе сваёй паездкі ў Оўруч.
Кіраўнік Жытомірскай вобласьці дадаў пра Лукашэнку:
«Калісьці вусаты прэзыдэнт, знаходзячыся ў нашым будынку, у памяшканьні абласной дзяржаўнай адміністрацыі, сказаў, што з тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну могуць заехаць толькі трактары, але мы бачылі, што заяжджалі і танкі, і вайсковая тэхніка, і залятала зь беларускай тэрыторыі авіяцыя, якая бамбіла і Оўруч, і Малін, і Жытомір».
Віталь Бунечка адзначыў, што да пачатку вайны ва ўмовах кансьпірацыі змаглі вывезьці з Маліна Жытомірскай вобласьці ў бясьпечнае месца банкнотную фабрыку, а таксама сэрвэры дзяржаўнага рэестра судовых рашэньняў. Яны не пацярпелі і працягваюць працаваць у звычайным рэжыме.
У 2019 годзе ў Жытоміры праводзіўся другі Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны. На гэтым мерапрыемстве адбылася першая і адзіная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.