24 гады Оўруч і Мазыр былі гарадамі-пабрацімамі і мелі асаблівыя дачыненьні, прадугледжаныя адмысловым пагадненьнем аб партнэрстве і супрацы.
Пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня з тэрыторыі Беларусі Оўруцкая гарадзкая рада аднагалосна падтрымала аднабаковы выхад з партнэрскага пагадненьня. А яшчэ зьвярнулася ў Кабінэт міністраў Украіны з прапановай нацыяналізаваць Оўруцкі друзавы завод, які дагэтуль застаецца ўласнасьцю Беларусі.
Оўруцкая аб’яднаная грамада моцна пацярпела ад авіяцыйных абстрэлаў, папярэдне цалкам зьнішчана 5 будынкаў і яшчэ 28 пашкоджаныя.
Як украінскі завод стаў беларускім
Оўруцкі друзавы завод разам з двума іншымі аналягічнымі заводамі — Алеўскім у Жытомірскай і Тамашгародзкім ў Ровенскай абласьцях — адышлі Беларусі ў сярэдзіне 1990-х як аплата запазычанасьцяў украінскіх суб’ектаў гаспадараньня перад Беларусьсю.
Беларусь і Ўкраіна пасьля развалу Савецкага Саюзу доўга вялі перамовы аб урэгуляваньні даўгоў, якія ўтварыліся яшчэ ў савецкіх рублях пасьля пераходу на нацыянальныя валюты. Тады ж Беларусь адстаяла свае правы і на крымскую маёмасьць — санаторна-курортныя ўстановы, якія пасьля анэксіі Расеяй Крыму былі перарэгістраваныя паводле расейскага заканадаўства.
З цягам часу Алеўскі завод вярнуўся ў муніцыпальную ўласнасьць Алеўскай раённай рады, а Тамашгародзкі завод перайшоў ва ўласнасьць кампаніяў, зьвязаных з украінскім бізнэсоўцам і палітыкам Сяргеем Цігіпкам.
Оўруцкі друзавы завод спачатку быў аформлены як уласнасьць Гомельскага аблвыканкаму, а потым перарадзены на балянс Гомельскаму гарадзкому дарожнаму будаўніча-рамонтнаму трэсту.
Замест посьпехаў — разруха
Сам завод месьціцца ў сяле Бандары, якое ўваходзіць у склад Оўруцкай тэрытарыяльнай грамады.
Як адзначылі ў Оўруцкай гарадзкой радзе, завод у 1958 годзе будавалі менавіта беларусы, таму і ягоная перадача ў 1995 годзе ва ўласнасьць Беларусі пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ня выклікала асаблівага супраціву.
У савецкія часы завод экспартаваў прадукцыю ў Эўропу, а гэта дазволіла прадпрыемству стварыць у сельскай мясцовасьці моцную сацыяльную інфраструктуру — пабудаваць для працоўных адмысловае жылое мястэчка з двухпавярховымі будынкамі, з водаправодам і каналізацыяй. І традыцыйна — лякарню, дом культуры, дзіцячы садок і лазьню.
На балянсе заводу дагэтуль застаюцца яшчэ і воданапорная вежа і сеткі, каналізацыйныя сеткі, станцыя ачысткі вады ад жалеза і дарогі.
Але з гадамі прадпрыемства звузіла дзейнасьць і абмежавалася пастаўкамі прадукцыі толькі ў Беларусь і Расею. І фактычна адмовілася ад утрыманьня сваіх жа сацыяльных і інфраструктурных аб’ектаў.
Завод ігнаруе ўкраінскае заканадаўства
Оўруцкая гарадзкая рада ня раз патрабавала ад заводу правесьці рамонт, але той пагаджаўся прафінансаваць працы толькі на парытэтных умовах разам з уласьнікамі кватэраў. У выніку нават зацьвердзілі плян рамонту ў 2018 годзе, але так яго і не ажыцьцявілі.
У 2021 годзе дэпутаты гарадзкой рады ня вытрымалі і зьвярнуліся да амбасадара Беларусі ва Ўкраіне Ігара Сокала. Яму паведамілі аб аварыйным стане жылога фонду заводу.
«Каналізацыйныя сеткі і дахі дамоў — у аварыйным стане, бо не абслугоўваюцца. Няма асьвятленьня ў пад’ездах, у нездавольным стане электрасеткі. На фасадах дамоў зьявіліся расколіны. Дымаходы разбураныя. Лічым, што такое адкладваньне праблемы можа прывесьці да незваротных наступстваў, зьвязаных з бясьпекай жыхарства людзей, сярод якіх ёсьць і работнікі заводу», — напісалі дэпутаты ў звароце да беларускага амбасадара.
«Ніякай рэакцыі не было. Яны прыехалі, паглядзелі і безвынікова», — паведаміў Свабодзе мэр Оўруча Іван Коруд.
Мэр гораду нагадаў, што згодна з украінскім заканадаўствам прадпрыемства абавязанае своечасова рамантаваць усе аб’екты на сваім балянсе.
«Чакаем рашэньня ўраду і Рады нацыянальнай бясьпекі»
Але нават з такой гаспадаркай і безгаспадарнасьцю беларускага прадпрыемства гарадзкія ўлады вырашылі, што яго трэба нацыяналізаваць. І расейскае ўварваньне ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі прысьпешыла працэс.
«На жаль, у нас няма паўнамоцтваў нацыяналізаваць. Гэта ў паўнамоцтвах Кабінэту міністраў і Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны. Мы ўжо зьвярнуліся ў Кабінэт міністраў і чакаем, калі будзе ўхвалена рашэньне. Цяпер гэтае пытаньне ў працы », – паведаміў Свабодзе Іван Коруд.
Паводле яго, на заводзе цяпер працуюць 180 чалавек.
«Абстрэламі ён не пашкоджаны, але мае даўгоў больш як 10 мільёнаў грыўняў, і я вымушаны быў зьвярнуцца да кіраўніка (Жытомірскай) абласной дзяржаўнай адміністрацыі, каб было сьвятло і каб там не затапіла, каб прадпрыемства не перайшло цалкам у бездапаможны стан. Але мы працуем», – удакладніў мэр Оўруча Іван Коруд.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.