«За злачынствы супраць нашай дзяржавы». Украінскі горад скасаваў дамову аб сувязях зь беларускім горадам-пабрацімам

Нарада ў Оўручы. Архіўнае фота
Нарада ў Оўручы. Архіўнае фота

Оўруцкая гарадзкая рада (Жытомірская вобласьць) аднагалосна падтрымала рашэньне аднабакова разарваць пагадненьне аб партнэрстве і супрацы з Мазыром Гомельскай вобласьці.

Пагадненьне прадугледжвала асаблівыя дачыненьні Оўруча і Мазыра як гарадоў-пабрацімаў.

«Мазыр стаў тэрыторыяй для разьмяшчэньня (сілаў) ворага, стаў пляцдармам... За тыя злачынствы, учыненыя супраць нашай краіны, нашага мірнага насельніцтва, нашых Узброеных сілаў — гэта нават ня мусіць выклікаць пытаньняў», — заявіў на нечарговай сэсіі Оўруцкай гарадзкой рады мэр гораду Іван Коруд.

Згодна з дакумэнтам, улады Оўруча паінфармуюць улады Мазыра аб разарваньні пагадненьня аднабаковым чынам.

Гэта першае падобнае рашэньне, пра якое стала вядома. Пагадненьне аб партнэрстве і супрацы паміж Мазыром і Оўручам падпісана 30 красавіка 1998 году.

Украінскія гарады маюць больш за 800 гарадоў-пабрацімаў у 60 краінах сьвету. Найбольш — у Польшчы, ЗША, Нямеччыне, Баўгарыі, Беларусі і Расеі. З 2014 году, калі Расея незаконна анэксавала Крым і пачала баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны, украінскія гарады адмовіліся ад пабрацімскіх дачыненьняў з расейскімі гарадамі.

​
XS
SM
MD
LG