Цяпер праз расейскую вайну Беларусь сваім удзелам і дапамогай Расеі можа страціць ня толькі тыя сувязі, які наладжваліся не адно дзесяцігодзьдзе, але і ўвесь украінскі рынак.
Практычна ўсе ўкраінскія гарады, па якіх расейская авіяцыя і артылерыя наносілі зьнішчальныя ўдары, маюць сваіх пабрацімаў сярод беларускіх гарадоў і цесныя гандлёвыя сувязі зь Беларусьсю.
Украіна заўсёды была адным з найбольшых гандлёвых партнэраў Беларусі. Нават пэрыядычны абмен пэўнымі абмежаваньнямі ў гандлі неістотна ўплываў на статыстыку. Гэта хіба толькі стрымлівала дасягненьне плянаў, якія Аляксандар Лукашэнка традыцыйна агучваў на сустрэчах з украінскім кіраўніцтвам. Ён лічыў дасягальным аб’ём узаемнага таваразвароту ў 10 мільярдаў даляраў. У 2012 годзе аб’ём гандлю склаў 8 мільярдаў, але ўжо праз два гады абваліўся больш як удвая.
Кіеў і Кіеўская вобласьць
Бравары, пабрацім беларускага Слуцку, знаходзіцца за 20 км ад Кіева. У выніку ракетнага абстрэлу двух вайсковых гарадкоў, паводле ўладаў, 8 асобаў загінулі і 17 атрымалі раненьні. Вулічныя баі ішлі некалькі дзён.
За 9 км ад гэтага месца ў Браварах знаходзіцца прадпрыемства «Будшляхмаш». У 2015 годзе кампанія стала першым карпаратыўным партнэрам Менскага аўтамабільнага заводу ва Ўкраіне па вытворчасьці спэцтэхнікі на базе шасі МАЗ. Летась 12 траўня МАЗ і «Будшляхмаш» афіцыйна адкрылі гандлёва-сэрвісны цэнтар Менскага аўтамабільнага заводу.
Крыху бліжэй да месца бамбаваньня знаходзіцца прадпрыемства «Політехносервіс», якое выпускае тралейбусы PTS-12 у беларускіх кузавах. У 2021 годзе яно прадала ва Ўкраіне больш як 50 адзінак транспарту.
У Браварах таксама працуе прадпрыемства па вытворчасьці брамных сыстэм «Алютех». Свабода спрабавала дазваніцца да гэтых прадпрыемстваў, каб даведацца, ці не пацярпелі яны ў выніку абстрэлаў і ці плянуюць прадоўжыць супрацу зь Беларусьсю. Адказалі супрацоўнікі толькі прадпрыемства «Будшляхмаш»: «Яны пойдуць туды, куды і расейскі карабель!».
У 2021 годзе Беларусь у 2,5 раза павялічыла экспарт сваіх тавараў у Кіеўскую вобласьць, да 235,2 мільёна даляраў, але на 20 %, да 70,6 мільёна даляраў, зьменшыла імпарт тавараў з гэтага рэгіёну.
Чарнігаў і Чарнігаўская вобласьць
Беларускі пабрацім Чарнігава — Гомель. Паміж імі ўсяго 130 км. Абласны цэнтар і паселішчы Чарнігаўскай вобласьці атакавалі расейскія войскі, якія ў тым ліку ўвайшлі і з тэрыторыі Беларусі.
У горадзе працуе Чарнігаўскі аўтамабільны завод (ён некалі зьбіраў беларускія тралейбусы), завод спэцыяльнага аўтатранспарту (ён пераабсталёўвае «МАЗы»).
Нежын, у якім расейскія войскі нанесьлі ракетныя ўдары па мясцовым аэрадроме службы надзвычайных сытуацый, зьяўляецца пабрацімам Мазыра. Мясцовы агратэхнічны інстытут цесна супрацоўнічае зь беларускімі навучальнымі ўстановамі — Палескім дзяржаўным унівэрсытэтам, Беларускай сельгасакадэміяй і Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжам. У горадзе адным зь першых была наладжана супольная вытворчасьць трактароў МТЗ.
Да расейскай агрэсіі Беларусь у замежным гандлі Чарнігаўскай вобласьці ўваходзіла ў першую шасьцёрку. У 2021 годзе пастаўкі беларускай прадукцыі ў гэты рэгіён павялічыліся на 21,5 %, да 76,9 мільёна даляраў, а з Чарнігаўскай вобласьці ў Беларусь — на 12,5%, да 39,6 мільёна даляраў, да ўзроўню 2020-га.
Расейскія войскі пачалі абстрэльваць Чарнігаўскую вобласьць 24 лютага, але найбольш дасталася абласному цэнтру — адразу, калі пачаліся кансультацыі паміж Расеяй і Ўкраінай на тэрыторыі Беларусі. Пераважна мішэньню абстрэлаў расейцы выбіралі жылыя масівы.
Харкаў і Харкаўская вобласьць
Як і на Чарнігаў, ракеты і бомбы пачалі сыпацца на Харкаў і суседнія паселішчы ў першы ж дзень вайны. На пяты дзень, у той час калі ў Гомельскай вобласьці адбываліся перамовы паміж Расеяй і Ўкраінай, іх было найбольш, як і ахвяраў сярод мірнага насельніцтва.
Пабрацімам Харкава ў 2019 годзе стаў Менск. Адпаведную дамову падпісалі ў 2019 годзе ў Жытоміры, на 2-м Форуме рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны. Тады ж рамачную ўгоду аб партнэрстве падпісалі Харкаўская і Магілёўская вобласьці.
Найбольш пэрспэктыўнымі тады называлі менавіта машынабудаўніцтва і сельскую гаспадарку. Харкаў таксама быў адным з найбуйнейшых пакупнікоў беларускіх тралейбусаў, якія зьбіраюцца ў Браварах. Летась парк папоўніўся на 50 тралейбусаў.
У Харкаве, як паведамляецца на афіцыйным сайце беларускай амбасады ў Кіеве, дзейнічае прадпрыемства па зборцы электравымяральных прыбораў на Харкаўскім электратэхнічным заводзе «Энергомера».
Дамовы аб супрацы з Харкаўскім нацыянальным унівэрсытэтам радыёэлектронікі маюць Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, Вайсковая акадэмія Беларусі, Берасьцейскі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт, а таксама Белдзяржунівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Гандлёвая статыстыка за 2021 год цяпер недасяжная праз руйнаваньне расейскімі ракетамі будынку Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. А паводле зьвестак, якія прыводзяцца ў тэксьце стратэгіі разьвіцьця Харкаўскай вобласьці на 2021–2027 гады, чацьвёртую частку імпартаванай у Харкаўскую вобласьць прадукцыі складае мінэральнае паліва, нафта і нафтапрадукты — гэта якраз асноўныя экспартныя пазыцыі Беларусі.
Чатыры гады таму Беларусь была восьмым партнэрам Харкаўскай вобласьці ў аб’емах гандлю. І для Беларусі рынак гэтага рэгіёну быў важнейшым, чым беларускі рынак для харкавян — аб’ём паставак беларускай прадукцыі ў Харкаўскую вобласьць складаў 69,6 мільёна даляраў, а з Харкаўшчыны ў Беларусь — 51 мільён даляраў.
Мікалаеў і Мікалаеўская вобласьць
Мікалаеў мае адразу двух пабрацімаў у Беларусі — Магілёў і Браслаў Віцебскай вобласьці. З рэгіёнаў, якія трапілі пад маштабныя атакі расейскіх войскаў, Мікалаеўская вобласьць мае ці не найбольшы гандаль зь Беларусьсю сярод усіх абласьцей Украіны.
У 2021 годзе беларускі экспарт у гэты ўкраінскі рэгіён павялічыўся на 89,9 %, да 106,5 мільёна даляраў, у параўнаньні з 2020-м, а імпарт зь яго скараціўся на 8,3 %, да 8,7 мільёна даляраў. Найбольшы інтарэс Беларусі ў гэтым рэгіёне — парты, празь якія можна таньней транспартаваць беларускую прадукцыю, у тым ліку і за межы Ўкраіны.
У той час, калі большасьць украінскіх гарадоў скасоўвала вынікі тэндэраў на пастаўкі беларускіх аўтобусаў ці тралейбусаў, Мікалаеў заставаўся ці не апошнім, які набываў беларускі пасажырскі транспарт. У Мікалаеве таксама зьбіраюць збожжаўборачныя камбайны «Гомсельмаш».
Беларусь мела ў Мікалаеўскай вобласьці і галоўнага прыватнага лябіста ў аднаўленьні воднага шляху Е-40 для грузавых перавозак маршрутам Балтыйскае мора — Гданьск — Дняпро — Чорнае мора.
Жытомір і Жытомірская вобласьць
Пабрацімам Жытоміра, як і Чарнігава, зьяўляецца Гомель. З пачатку расейскай вайны горад і мясцовы аэрапорт абстрэльвалі зь беларускай тэрыторыі.
Гэты горад у 2019 годзе першым з украінскіх гарадоў прыняў Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны, на якім адбылася першая і пакуль адзіная сустрэча Ўладзіміра Зяленскага і Аляксандра Лукашэнкі.
У 2021-м Беларусь павялічыла пастаўкі сваёй прадукцыі ў Жытомірскую вобласьць амаль удвая, да 136,8 мільёна даляраў, а з Жытоміршчыны зьменшыла на 8,4%, да 26,4 мільёна даляраў.
Чаркасы і Чаркаская вобласьць
Беларускім пабрацімам Чаркасаў зьяўляецца Ворша.
У Чаркаскай вобласьці Расея найбольш абстраляла Сьмілу і Ўмань — горад, які штогод прымае дзясяткі тысяч паломнікаў-хасідаў.
Аб’ёмы гандлёвых апэрацый Чаркаскай вобласьці зь Беларусьсю невялікія ў параўнаньні зь іншымі ўкраінскімі рэгіёнамі. Апошнія гады гандаль скарачаўся, бо прадпрыемствы рэгіёну пачалі арыентавацца пераважна на эўрапейскія рынкі.
Пры гэтым пастаўкі з Чаркаскай вобласьці ў Беларусь перавышалі аб’ём паставак зь Беларусі. У прыватнасьці, у 2021 годзе чаркаскія прадпрыемствы прадалі ў Беларусь прадукцыі на 958,1 тысячы даляраў (падзеньне на 60% ад узроўню 2020-га), а беларускія ў Чаркаскую вобласьць — толькі на 421,2 тысячу даляраў (на 15,1 % менш, чым у 2020 годзе).
Электраэнэргія і нафтапрадукты
Найбольш Беларусь зарабляла ва Ўкраіне на пастаўках угнаеньняў, нафтапрадуктаў і электраэнэргіі.
Цяпер пастаўкі спыненыя. Сайт даччынага прадпрыемства Беларускай нафтавай кампаніі ва Ўкраіне недасяжны, хаця яшчэ паўгода таму кампанія зрабіла ўсё, каб абысьці міжнародныя санкцыі, уведзеныя ў 2020-м супраць Аляксандра Лукашэнкі і прадпрыемстваў, якія кантралюе ён і яго найбліжэйшыя бізнэсоўцы. У прыватнасьці, зьмянілі склад бэнэфіцыяраў, якім стала дзяржава Беларусь.
Аналягічныя зьмены Міністэрства юстыцыі Ўкраіны ўнесла і ў статутныя дакумэнты яшчэ адной беларускай дачкі ва Ўкраіне — кампаніі «БЗТ-Україна», якую некалі заснавала прадпрыемства «Белзамежгандаль», створанае ў 2014 годзе Кіраўніцтвам справамі Аляксандра Лукашэнкі.
Цяпер на галоўнай старонцы сайту гэтай кампаніі https://www. bztorg. com. ua/ разьмешчаныя фотаздымкі і відэазапісы, прысьвечаныя барацьбе ўкраінскага народу з агрэсіяй Расеі, а таксама з заклікам да беларусаў падтрымаць Украіну. Іншыя разьдзелы сайту працуюць, але Свабода не змагла дазваніцца да кіраўніцтва кампаніі. Іхныя тэлефоны знаходзяцца па-за зонай дасяжнасьці.
Цяпер нафтапрадуктамі і палівам украінскім войскам дапамагаюць Польшча і Бэльгія. На бясплатнай аснове.
Да апошняга мірнага дня Ўкраіна купляла беларускую электраэнэргію. Для Беларусі гэта быў адзіны замежны рынак для збыту сваёй атамнай электраэнэргіі. Так супала, што ў першы дзень агрэсіі Расеі ўкраінскі бок праводзіў экспэрымэнт на здольнасьць энэргасыстэмы працаваць у адключаным ад энэргасыстэм Беларусі і Ўкраіны рэжыме. Цяпер абвешчана, што Ўкраіна паскоранымі тэмпамі будзе далучацца да Эўрапейскай энэргетычнай сыстэмы разам з Малдовай. Да сыстэм Беларусі і Расеі Ўкраіна ўжо ня вернецца.
Паводле ўкраінскай статыстыкі, беларускія ўлады зараблялі ва Ўкраіне на пастаўках нафтапрадуктаў і электраэнэргіі больш як 3 мільярды даляраў.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.