Белы дом: дэфолт Расеі будзе мець мінімальны ўплыў на амэрыканскую і сусьветную эканомікі

Прэс-сакратарка Белага дома Карын Жан-П'ер

У Белым доме зрабілі такую выснову, бо Расея ўжо на гэты момант знаходзіцца ў фінансавай ізаляцыі.

«Мы чакаем, што ўплыў [дэфолту] на амэрыканскую і сусьветную эканоміку будзе мінімальным, улічваючы, што Расея ўжо знаходзіцца ў фінансавай ізаляцыі», — заявіла на брыфінгу прэс-сакратарка Белага дому Карын Жан-П’ер.

«Пры гэтым Міністэрства фінансаў працягвае адсочваць сытуацыю і весьці перамовы з сусьветнай фінансавай супольнасьцю», — сказала яна.

У сераду Злучаныя Штаты паставілі Расею на мяжу дэфолту ў міжнародных даўгавых абавязаньнях, не падоўжыўшы ліцэнзію Масквы на выплату трымальнікам аблігацый, піша «Голос Амэрыкі».

Міністэрства фінансаў ЗША ў аўторак увечары апублікавала на сваім вэбсайце паведамленьне аб ануляваньні ліцэнзіі, тэрмін дзеяньня якой скончыўся ў 04:01 у ноч на сераду па Грынвіцкім часе.

Ліцэнзія дазваляла Расеі рабіць выплаты па працэнтах і пагашаць свой сувэрэнны доўг перад амэрыканскімі юрыдычнымі асобамі.

Заканчэньне тэрміну дзеяньня ліцэнзіі, мяркуючы па ўсім, робіць непазьбежным дэфолт Расеі прынамсі па некаторых міжнародных аблігацыях на суму 40 мільярдаў даляраў.

Заходнія санкцыі, уведзеныя пасьля ўварваньня Крамля ва Ўкраіну, і контразахады, зробленыя Масквой, ускладнілі трансмежны рух грошаў, тым ня менш Расея прыкладала намаганьні, каб працягваць плаціць трымальнікам аблігацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мінфін ЗША пайшло на крок, які набліжае Расею да дэфолту

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пэнтагон: Расея разгарнула ва Ўкраіне 110 батальённа-тактычных груп, але не дасягнула значных посьпехаў