Адначасова, паводле сьпікера Генштабу Ўкраіны Аляксандра Штупуна, Расея рыхтуецца да наступленьня на так званым Славянскім кірунку (па назве гораду Славянск у Данецкай вобласьці. — РС). Раней расейскія войскі не змаглі ўзяць Славянск празь няўдачы на Харкаўскім кірунку. Горад знаходзіцца пад кантролем Украіны.
16 атак за 24 гадзіны
За апошні дзень украінскія войскі адбілі 16 атак расейцаў. «Зьнішчылі 8 танкаў, 22 адзінкі баявой браняванай тэхнікі і аўтамабіляў», — удакладніў сьпікер Генштабу Ўкраіны Аляксандар Штупун.
У зводках Міністэрства абароны Расеі фігуруюць тыя ж украінскія гарады, што і ў апэратыўных паведамленьнях Генштабу Ўкраіны. Параўнаньне ваенных паведамленьняў сьведчыць, што Лісічанск ня цалкам знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў.
Украінскія байцы на Данбасе, 23 траўня 2022
Паводле ўкраінскай выведкі, расейцы ўзмацнілі гэтыя кірункі артылерыяй, што можа сьведчыць аб падрыхтоўцы да новай спробы фарсіраваць раку Северскі Данец і аднавіць наступ у Луганскай вобласьці.
Цяпер ідуць жорсткія баі за паселішчы Тошкаўку(Севераданецкі раён Луганскай вобласьці) і Ўсьцінаўку(Папасьнянскі раён Луганскай вобласьці). Украінскія войскі вымушаныя былі адступіць у раёне Васілеўкі (Ясінавацкі раён, Данецкая вобласьць).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіраўнік МЗС Украіны заклікаў партнэраў паскорыць пастаўкі зброіБрытанская выведка назвала эфэктыўным украінскае камандаваньне на Луганшчыне
Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведаміла, што Расея мае невялікія лякальныя посьпехі ў Луганскай вобласьці. Аднак брытанская выведка лічыць, што пры далейшым прасоўваньні Расеі будзе вельмі складана забясьпечваць сваю армію неабходнай зброяй, тэхнікай, палівам і правіянтам.
У Міністэрстве абароны Вялікай Брытаніі адзначылі эфэктыўнае камандаваньне на гэтым кірунку Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Баі на Данбасе, у Марыюпалі «кадыраўцы» патрулююць вуліцы. 90-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныАбстрэлы дамоў і аб'ектаў інфраструктуры
Як паведаміў кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай, расейцы пры спробе «адрэзаць» Луганшчыну ад трасы Лісічанск — Бахмут пашкодзілі газаправод вялікага дыямэтру, што пазбавіла газу частку Данецкай вобласьці. Адрамантаваць яго пакуль немагчыма з прычыны інтэнсіўных баёў.
Севераданецк абстрэльваюць фактычна бесьперапынна. Мясцовыя ўлады кажуць, што расейцы зьнішчаюць жылыя будынкі ў ваколіцах горада і наносяць паўторныя ўдары па сацыяльных і адукацыйных аб’ектах. Ад колішняй гарадзкой інфраструктуры засталося толькі 10%, у розных маштабах пашкодзілі ўсе электрападстанцыі.
Украінскія байцы на Данбасе, 23 траўня 2022
Эвакуацыя пад абстрэламі
Нягледзячы на абстрэлы, улады працягваюць вывозіць мясцовых жыхароў з горада. Але ў Севераданецку ўсё яшчэ застаюцца 12-13 тысяч мірных грамадзян. У іх няма пітной вады, часткова электрычнасьці і газу, але іх хопіць максымум на паўтара месяца.
Ваду спрабуюць завезьці ў невялікія перапынкі між абстрэламі, як і ажыцьцявіць эвакуацыю людзей, але магчымасьці ўсё меншыя.
Аналягічная сытуацыя і ў Данецкай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Баі на Данбасе, у Марыюпалі «кадыраўцы» патрулююць вуліцы. 90-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.