Сталі вядомыя імёны 166 расейскіх камандзіраў, якія аддаюць загады падчас уварваньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны, піша «Проект».
Акрамя таго, журналісты раскрылі зьвесткі пра іх даходы, маёмасьць і штрафы.
Паводле дадзеных Міністэрства абароны Расеі за 2019 год, сярэдні заробак кіраўніка ведамства Сяргея Шайгу і яго намесьнікаў складаў каля 1,2 млн рублёў (звыш 202 тысяч даляраў). Камандуючыя вайсковых акруг атрымліваюць прыкладна 900 тысяч рублёў на месяц (15 200 даляраў), афіцэры Генштабу — 300 тысяч (5 066 даляраў), камандуючыя сухапутнымі войскамі — па 270 тысяч (4 560 даляраў), камандзіры дывізій і брыгад — 160 тысяч ($2 570).
У кожнага трэцяга камандзіра журналісты выявілі запазычанасьці, у тым ліку за паслугі ЖКГ і ў алімэнтах, а таксама нявыплачаныя штрафы за парушэньні правілаў дарожнага руху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Брытанская выведка: у Расеі адхілілі высокапастаўленых вайскоўцаў за няўдачы на фронцеНа фоне даходаў афіцэраў вышэйшага рангу журналісты паказалі, наколькі менш зарабляюць іхныя падначаленыя, а сярод салдатаў, якіх у першую чаргу адправілі ваяваць супраць Украіны — пераважна выхадцы з найбяднейшых рэгіёнаў РФ.
Акрамя таго, у расьсьледаваньні ёсьць інфармацыя пра ўсе падразьдзяленьні расейскага войска, якія бяруць удзел у вайне. На захоп Украіны адправілі нават 15-ю Александрыйскую мотастралковую брыгаду з пасёлка Рошчынскі Самарскай вобласьці. Гэтая брыгада — адзінае міратворчае злучэньне ў краіне, якое Расея можа накіроўваць для вырашэньня міжнародных канфліктаў пад эгідай ААН.
Нягледзячы на тое, што многія расейскія часткі і злучэньні маюць баявы досьвед у Чачэніі, Грузіі і Сырыі, прафэсіяналізм аказаўся не на ўзроўні. Прычынай гэтаму тое, што ў частках былі салдаты тэрміновай службы і вайскоўцы, якія толькі што падпісалі кантракт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
The Guardian: Пуцін асабіста ўцягнуты ў вайну ва Ўкраіне і прымае тактычныя і апэратыўныя рашэньні «на ўзроўні палкоўніка»«Дзедаўшчына» як прычына нізкага маральнага духу
Асобна ў тэксьце спыніліся на «нестатутных адносінах» у расейскім войску. Гэта і выпадкі вымаганьня грошай, і зьдзекі з навабранцаў, і злачынствы супраць цывільных асоб у самой Расеі. Журналісты адзначаюць, што з 2016-га па верасень 2020 году ў Расеі суды першай інстанцыі разгледзелі 1 268 спраў аб нестатутных адносінах. Яшчэ 292 крымінальныя справы — паводле артыкулаў «гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні начальніка» і «абраза вайскоўца». Амаль траціну спраў спынілі: суд палічыў злачынствы лёгкімі, а абвінавачаныя пакрылі шкоду і абышліся штрафам.
Дакладная лічба злачынстваў невядомая, паколькі ў расейскім войску такія выпадкі сыстэматычна спрабуюць утойваць. Часьцей за ўсё салдаты тэрміновай службы ўцякаюць з частак у Сяргееўцы, Усурыйску і Хабараўску, аднак лідэр у «дзедаўшчыне» ў войску — Маскоўская вобласьць. Як адзначаецца, там у мірны час даволі рэгулярна гінуць салдаты пры выкананьні загадаў камандзіраў.
Сярод тых, хто вядзе наступ на Ўкраіну, ёсьць і асуджаныя раней афіцэры, як, напрыклад, палкоўнік Яўгеній Дарашэнка, якога ў 2015 годзе асудзілі за неаказаньне дапамогі падначаленаму, які ў выніку памёр. Дарашэнку спачатку далі 4 гады калёніі з пазбаўленьнем права займаць пасады ў войску, але ў апэляцыі вызвалілі ад адказнасьці ў сувязі з заканчэньнем тэрміну даўнасьці. Цяпер палкоўнік камандуе 47-й гвардзейскай дывізіяй 1-й танкавай арміі, якая наступала на Харкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
New York Times апублікавала новае відэа і сьведчаньні аб расстрэле цывільных у БучыСувязі афіцэраў з Украінай
Кожны восьмы афіцэр, які трапіў у «сьпіс 166» ад выданьня, мае дачыненьне да Ўкраіны. Многія зь іх там і нарадзіліся — на Сумшчыне, Валыні, Слабажаншчыне.
Ёсьць і палкоўнік Вадзім Панькоў, які нарадзіўся ў Беларусі і вучыўся ў Кіеве ў Найвышэйшай агульнавайсковай каманднай вучэльні імя Фрунзэ. У 1992 годзе Панькоў узначаліў адно з падразьдзяленьняў войска незалежнай Украіны і даў прысягу, але затым яе парушыў. Цяпер ён кіраўнік 45-й асобнай брыгады спэцназу расейскага войска.
Ня менш за 20 устаноўленых камандзіраў расейскага ўварваньня па стане на сярэдзіну траўня ўжо загінулі. Чацьвёра з загінулых скончылі сваё жыцьцё там жа, дзе і нарадзіліся, — ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украінская выведка паведамляе пра пахаваньне беларускіх наймітаў, якія ваявалі на баку Расеі«Проект» — рэпартэры і журналісты-расьсьледнікі, якія апынуліся пад рэпрэсіямі ў Расеі. Улетку 2021 году расейскія ўлады прызналі большасьць журналістаў «Проекту» «замежнымі агентамі». Частка калектыву «Проекта» стварыла новае СМІ — «Агенство» — і вымушана пакінула Расею, а кампанію Project media зьліквідавалі. Пасьля пачатку паўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны «Проект» вырашылі аднавіць для далейшых журналісцкіх расьсьледаваньняў, а «Агенство» засяродзілася на навінах.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.