Human Rights Watch апісала ваенныя злачынствы Расеі ў Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях Украіны

Адзін з падвалаў, дзе ўтрымлівалі цывільных

Расейскія войскі, якія ў лютым-сакавіку акупавалі значную частку Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей, праводзілі пакараньні мірных жыхароў, катавалі іх і рабілі іншыя супрацьзаконныя дзеяньні, якія могуць быць кваліфікаваны як ваенныя злачынствы.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы, апублікаванай арганізацыяй Human Rights Watch (HRW).

Як паведамляецца, у красавіку супрацоўнікі Human Rights Watch наведалі 17 населеных пунктаў у Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях і задакумэнтавалі 22 пазасудовыя пакараньні, 9 выпадкаў незаконнага пазбаўленьня жыцьця, 6 патэнцыйных выпадкаў гвалтоўнага зьнікненьня і 7 выпадкаў катаваньняў. Акрамя таго, праваабаронцы запісалі 21 сьведчаньне мірных жыхароў аб тым, як іх незаконна ўтрымлівалі пад вартай у нечалавечых, зьневажальных умовах.

«Шматлікія зьверствы расейскіх войскаў, якія акупавалі поўнач Украіны ў пачатку вайны, агідныя, незаконныя і жорсткія», — сказаў Георгій Гогія, намесьнік дырэктара HRW па Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША зоймуцца зборам і аналізам доказаў ваенных злачынстваў Расеі ва Ўкраіне

Многія мірныя жыхары апавядаюць, што расейскія вайскоўцы трымалі іх суткамі ці нават тыднямі ў брудных, душных памяшканьнях — у падвале школы, на заводзе, у кацельні — практычна бязь ежы, без вады, без прыбіральні.

У вёсцы Ягадная расейскія вайскоўцы 28 дзён трымалі ў школьным падвале больш за 350 мясцовых жыхароў, у тым ліку ня менш як 70 дзяцей, зь якіх пяцёра былі немаўлятамі. Цягам усяго гэтага часу людзей амаль не выпускалі вонкі. У памяшканьні не было чым дыхаць; не было вольнага месца, каб легчы. Людзям даводзілася спраўляць патрэбу ў вядро.

Супрацоўнікі Human Rights Watch задакумэнтавалі 7 выпадкаў, калі расейскія вайскоўцы катавалі затрыманых людзей, каб атрымаць ад іх нейкія зьвесткі. Людзей зьбівалі, білі токам, інсцэнавалі іх пакараньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BBC: У Бучы пад Кіевам расейцы расстрэльвалі мірных жыхароў у падвале дзіцячага летніка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Знайсьці кожнага і пакараць». Ва Ўкраіне расказалі, колькі расейскіх ваенных злачынцаў ідэнтыфікавалі і колькі ўжо судзяць

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.