Мінабароны Ўкраіны расказала, дзе знаходзяцца вывезеныя абаронцы Марыюпалю і ці ёсьць сярод іх іншаземцы

Параненых вывезьлі з Марыюпалю на аўтобусах. Марыюпаль, 16 траўня

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр паведаміла, што 53 цяжкапараненыя і 211 параненых ўкраінскіх салдатаў, вывезеных з заводу «Азоўсталь», знаходзяцца на тэрыторыі ўкраінскіх гарадоў, захопленых расейскай арміяй.

«Цяжкапараненыя — гэта 53 асобы — эвакуаваныя ў Новаазоўск, дзе ім акажуць мэдычную дапамогу. Гэта тэрыторыя, якая на сёньня часова занятая ворагам і не падкантрольная Ўкраіне. Яшчэ 211 асоб (у здавальняючым стане) даставілі ў Аленеўку — гэта таксама тэрыторыя, непадкантрольная і часова занятая ворагам», — паведаміла Ганна Маляр 17 траўня ў Кіеве на брыфінгу.

Абодва гэтыя гарады знаходзяцца на той частцы тэрыторыі Данецкай вобласьці, якую кантралюе так званая «ДНР».

Ганна Маляр лічыць, што заява расейскіх дэпутатаў аб неабходнасьці забараніць іхны абмен разьлічаная выключна на ўнутраную прапаганду і палітычныя працэсы, што адбываюцца ў Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Reuters паведамляе пра эвакуацыю з «Азоўсталі». Камандзір палку «Азоў» заявіў аб выкананьні «зацьверджанага рашэньня»

Паводле яе, цяпер працягваюцца перамовы аб іхным абмене на расейскіх ваеннапалонных. Ганна Маляр удакладніла, што працэс абмену адбываецца на падставе мэханізмаў Жэнэўскай канвэнцыі і зьяўляецца празрыстым.

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны дадала, што камандаваньне ведае дакладную колькасьць украінскіх вайскоўцаў, якія застаюцца на тэрыторыі заводу «Азоўсталь», але адмовілася яе агучыць у мэтах бясьпекі.

Ганна Маляр удакладніла, што Марыюпаль абаранялі полк Ўзброеных сіл Украіны «Азоў», падразьдзяленьні памежнікаў, СБУ, Нацыянальнай паліцыі, Нацыянальный гвардыі, 36-я брыгада марской пяхоты і тэрытарыяльная абарона. У іх складзе таксама ваявалі замежныя грамадзяне, але падкрэсьліла, што такую інфармацыю Міністэрства абароны Ўкраіны можа перадаць толькі абмежаванымі каналамі сувязі або па дыпляматычных каналах, калі дзяржава накіруе афіцыйны запыт. «Гэта вельмі адчувальная інфармацыя, і яна можа быць небясьпечнай для саміх гэтых людзей», — патлумачыла яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

З «Азоўсталі» эвакуавалі 266 украінскіх вайскоўцаў, іх абмяняюць на расейскіх палонных, — намесьніца міністра абароны Ўкраіны

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны заявіла, што марыюпальскі вайсковы гарнізон выканаў баявыя задачы, што дазволіла пазьбегнуць аблогі ўкраінскай арміі на ўсходзе і поўдні, захапіць Запарожжа, а таксама не дазволіла Расеі перакінуць 20 тысяч сваіх салдат на іншыя кірункі.

«Галоўнае, што абарона Марыюпалю дала нам крытычна важны час для стварэньня абаронных рубяжоў і фармаваньня рэзэрву. Цяпер працэс ратаваньня іх працягваецца. Гэта надзвычайна далікатная тэма, і мы ня можам распаўсюджваць інфармацыю пра дэталі, бо любая інфармацыя можа нашкодзіць гэтаму працэсу», — падкрэсьліла намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр.

Беларусы ваююць на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях. Вядома, што ў баях на «Азоўсталі» удзельнічалі сама меней 5 беларусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва ўрадзе Ўкраіны заявілі аб падрыхтоўцы абмену расейскіх палонных на цяжкапараненых украінцаў з «Азоўсталі»