Reuters паведамляе пра эвакуацыю з «Азоўсталі». Камандзір палку «Азоў» заявіў аб выкананьні «зацьверджанага рашэньня»

Адзін з параненых украінскіх вайскоўцаў на тэрыторыі заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі, 10 траўня 2022. Завод знаходзіцца ў аблозе расейскіх войскаў
Адзін з параненых украінскіх вайскоўцаў на тэрыторыі заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі, 10 траўня 2022. Завод знаходзіцца ў аблозе расейскіх войскаў

Агенцтва Reuters паведаміла са спасылкай на сваю крыніцу, што 10 аўтобусаў выехалі з заводу «Азоўсталь», а пазьней апублікавала фота аўтобусаў. Аднак невядома, куды эвакуавалі параненых украінскіх вайскоўцаў.

У сваім відэазвароце 16 траўня камандзір палку «Азоў» Дзяніс Пракапенка заявіў, што абаронцы Марыюпалю выканалі загад вярхоўнага вайсковага камандаваньня па выратаваньні жыцьцяў.

«Абаронцы Марыюпалю выканалі загад, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, на 82 дні адцягвалі пераважныя сілы праціўніка і дазволілі ўкраінскай арміі перагрупавацца, падрыхтаваць больш асабовага складу і атрымаць вялікую колькасьць узбраеньня ад краін-партнэраў. Ніякае ўзбраеньне ня будзе працаваць без прафэсійна падрыхтаваных вайскоўцаў, што робіць іх самым каштоўным элемэнтам арміі. Дзеля выратаваньня жыцьцяў увесь Марыюпальскі гарнізон выконвае зацьверджанае рашэньне вярхоўнага вайсковага камандаваньня і спадзяецца на падтрымку ўкраінскага народу», — сказаў Пракапенка.

Пра якое рашэньне ідзе гаворка, ён не ўдакладніў. Украінскае вайсковае кіраўніцтва таксама афіцыйна нічога не агучвала.

Відэазварот Пракапенкі зьявіўся пасьля таго, як раней сёньня Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што «16 траўня ў выніку перамоваў з прадстаўнікамі ўкраінскіх вайскоўцаў, блякаваных на тэрыторыі „Азоўсталі“ ў Марыюпалі, была дасягнута дамоўленасьць аб вывазе параненых». Паведамлялася, што параненых украінскіх вайскоўцаў нібыта вывезьлі ў акупаваны Новаазоўск.

Праверыць гэтую інфармацыю зь іншых крыніц цяпер немагчыма.

Завод «Азоўсталь» — апошні апорны пункт абароны ўкраінскіх войскаў у Марыюпалі пасьля таго, як большая частка тэрыторыі гораду перайшла пад кантроль расейскіх войскаў. Украіна дамагаецца эвакуацыі сваіх вайскоўцаў з заводу, прапаноўваючы, у прыватнасьці, адправіць іх у трэцюю краіну, дзе яны змаглі б заставацца да канца вайны. Турэччына, у прыватнасьці, прапанавала такую эвакуацыю. Расея раней настойвала на капітуляцыі ўкраінскіх вайскоўцаў. Улады Ўкраіны заявілі, што вядуцца перамовы аб эвакуацыі цяжка параненых у абмен на расейскіх палонных.

​
XS
SM
MD
LG