Ва ўрадзе Ўкраіны заявілі аб падрыхтоўцы абмену расейскіх палонных на цяжкапараненых украінцаў з «Азоўсталі»
Завод «Азоўсталь» пад расейскімі абстрэламі. Марыюпаль, 15 траўня 2022
Віцэ-прэм’ер-міністар Ўкраіны Ірына Верашчук заявіла аб падрыхтоўцы наступнага этапу вызваленьня эвакуаваных з тэрыторыі заводу «Азоўсталь» цяжкапараненых украінскіх вайскоўцаў.
«У інтарэсах захаваньня жыцьця ўчора эвакуавалі 52 цяжкапараненых нашых вайскоўцаў. Пасьля стабілізацыі іхнага стану мы іх абмяняем на расейскіх палонных. Працуем над далейшымі этапамі гуманітарнай апэрацыі», — паведаміла Ірына Верашчук на сваёй старонцы ў Facebook.
Позна ўвечары 16 траўня, калі ўжо вывезьлі з тэрыторыі заводу «Азоўсталь» цяжкапараненых украінскіх вайскоўцаў, прадстаўнікі полку «Азоў» паведамілі, што «абаронцы Марыюпалю выканалі загад, нягледзячы на ўсе цяжкасьці».
«82 дні адцягвалі на сябе сілы праціўніка, якія мелі перавагу, і далі магчымасьць украінскай арміі перагрупавацца, падрыхтаваць больш асабістага складу і атрымаць вялікую колькасьць узбраеньняў ад краін-партнэрак. Ніякая зброя ня будзе працаваць без прафэсійна падрыхтаваных вайскоўцаў, што робіць іх найбольш каштоўным элемэнтам арміі. Дзеля захаваньня жыцьцяў увесь Марыюпальскі гарнізон выконвае зацьверджанае рашэньне вышэйшага вайсковага камандаваньня і спадзяецца на падтрымку ўкраінскага народу», — напісалі прадстаўнікі полку «Азоў» у сваім тэлеграм-канале.
Дарадца Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк заклікаў грамадзкасьць і палітыкаў цяпер паменш абмяркоўваць перамовы і ўмовы абмену цяжкапараненых украінскіх вайскоўцаў.
«Што датычыць вызваленьня хлопцаў і абмену, давайце будзем аб гэтым гаварыць вельмі акуратна, каб не зламаць гэты крохкі перамоўны працэс», – заклікаў Міхайла Падаляк.
Як адрэагавалі ў Расеі на вываз параненых украінскіх салдат з «Азоўсталі»
Адразу пасьля зьяўленьня інфармацыі аб вывазе ўкраінскіх параненых з «Азоўсталі» дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі Анатоль Васерман прапанаваў ухваліць на заканадаўчым узроўні рашэньне аб забароне абмену.
У адказ на гэтую ініцыятыву старшыня Дзярждумы Расеі Вячаслаў Валодзін даручыў парлямэнцкаму камітэту абароны падрыхтаваць адпаведнае пратакольнае даручэньне.
«Нацысцкія злачынцы не павінны падлягаць абмену. Гэта ваенныя злачынцы, і мы павінны рабіць усё для таго, каб яна паўсталі перад судом», – заявіў Вячаслаў Валодзін.
У Расеі батальён «Азоў» забаронены як экстрэмісцкая арганізацыя.
Полк «Азоў» уваходзіць у склад Узброеных сіл Украіны і не зьяўляецца прыватнай ваеннай кампаніяй ці ваенізаванай грамадзкай арганізацыяй.