Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пітная вада скончылася, выкарыстоўваем тэхнічную. Ямо раз на дзень, сёньня была аўсянка». Аповед абаронца «Азоўсталі» аб параненых і баях


«Азоўсталь»
«Азоўсталь»

На тэрыторыі завода «Азоўсталь» у Марыюпалі працягваюцца баі паміж украінскімі ваеннымі (байцамі палка «Азоў», ваеннымі тэрытарыяльнай абароны і памежных войскаў) з аднаго боку і ваеннымі РФ і «ДНР» — з другога боку.

Дарадца мэра Марыюпаля Пятро Андрушчанка раніцай 15 траўня паведаміў, што Расея абстраляла тэрыторыю завода «запальнымі або фосфарнымі бомбамі» і апублікаваў адпаведнае відэа. Па словах Руслана Левіева з CIT, на гэтым відэа па «Азоўсталі» прымянілі запальныя снарады: снарады, якія на падлёце да мэты выпускаюць запальныя элемэнты:

Тэлеканал «Настоящее время» зьвязаўся з байцом палка «Азоў» Дзьмітром Казацкім: ён зараз знаходзіцца на «Азоўсталі». Дзьмітро расказаў, што з 600-700 параненых байцоў «40-50 чалавек знаходзяцца ў крытычным цяжкім стане» і маюць патрэбу ў тэрміновай эвакуацыі. «Па прадуктах і па вадзе, я думаю, засталося прыблізна на дзён пяць, на тыдзень, можа быць. Сёньня ў нас быў абед: мы толькі абедаем, у нас адзін прыём ежы на дзень. Гэта была аўсянка, па-мойму, і крыху морквы», — расказаў ён.

— Скажыце, калі ласка, тыя абстрэлы і тыя тэрмічныя снарады альбо фосфарныя бомбы, якімі абстрэльваюць «Азоўсталь» — што гэта было? Як гэта выглядала? Што вам пра гэта вядома?

— Як сказаў дарадца мэра Марыюпаля, нібы ўпершыню былі выкарыстаныя фосфарныя бомбы. Я скажу, што гэта было ня першае выкарыстаньне. Мы ўжо назіралі перад гэтым выпадкі выкарыстаньня гэтых боепрыпасаў і, нават калі прайсьціся па тэрыторыі заводу, то можна бачыць сьляды, якія ад іх застаюцца. Так што гэта, на жаль, ня першае выкарыстаньне гэтага віду боепрыпасаў.

Калі ж гаварыць увогуле пра сытуацыю, якая цяпер на «Азоўсталі», яна ўсё гэтак жа крытычна складаная. На жаль, працягваецца штурм тэрыторыі заводу ўжо на тэрыторыі заводу. Гэта ўсё падтрымліваецца працай варожай ствольнай цяжкай артылерыі, працай танкаў і авіяцыі. Нашы байцы адбіваюць па максымуме ўсе атакі суперніка.

— Як гэта ўсё выглядае і чуецца? Гэта бясконцая кананада? Вы маеце на ўвазе, седзячы дзесьці, ня будзем удакладняць, дзе, што неўзабаве ў гэтыя дзьверы могуць уварвацца расейскія вайскоўцы? Я правільна вас разумею?

— Я веру ў сілу сваіх пабрацімаў, якія будуць да канца трымаць абарону нашага гарнізону. Таму я веру, што супернік ня дойдзе, напрыклад, да мяне (спрабуе засьмяяцца. — НВ).

— Скажыце, калі ласка, аб стане тых, хто атрымліваў раненьні на «Азоўсталі»? Ці ёсьць людзі, у якой колькасьці, якія знаходзяцца пры сьмерці? І што гэта за раны?

— Дакладную колькасьць я не магу сказаць, таму што яна расьце, параненых з кожным днём усё больш і больш. Бо няма нармальных мэдыкамэнтаў і нармальных сродкаў для лячэньня ў нашых мэдыкаў, стан нашых параненых байцоў становіцца ўсё горш і горш з кожным днём.

Прыблізная колькасьць нашых параненых — гэта 600-700 чалавек, таму што мы ня можам сказаць як мінімум дакладную лічбу, таму што байцы нават з раненьнямі становяцца ў строй, каб далей змагацца, бяруць зброю ў рукі. І пытаньне ў тым, лічацца яны параненымі ці ўжо не. На жаль, з прычыны адсутнасьці антыбіётыкаў мы бачым ускладненьні ў тых людзей, у якіх былі ампутаваныя канечнасьці і іншыя віды раненьняў. Нашы мэдыкі робяць усё магчымае, але, на жаль, у гэтым пляне сытуацыя крытычная.

— А ці шмат вось такіх параненых, якія ўжо ў крытычнай сытуацыі, гэта значыць пры сьмерці? Колькі іх?

— Прыблізна 40-50 чалавек у крытычным цяжкім стане.

— Скажыце, калі ласка, наконт прадуктаў, мы чулі жонку байца, які знаходзіцца цяпер на «Азоўсталі». Яна кажа, што ўсяго адну шклянку тэхнічнай вады выпіваюць у дзень вайскоўцы, якія зараз на камбінаце. Наколькі хопіць харчоў, наколькі хопіць вады?

— Ваду мы абмяжоўваем у выкарыстаньні, таму так мала п’ём: адну-дзьве шклянкі на дзень, гэта праўда. Пітная вада, на жаль, ужо скончылася, таму выкарыстоўваем тэхнічную ваду, стараемся яе кіпяціць. Па прадуктах і па вадзе, я думаю, засталося прыблізна на дзён пяць, на тыдзень, можа быць.

— Выбачыце за няёмкае пытаньне, а чым сёньня вячэралі?

— Сёньня ў нас быў абед, мы толькі абедаем, у нас адзін прыём ежы на дзень. Гэта была аўсянка, па-мойму, і крыху морквы.

— Адзін прыём ежы на дзень?

— Так, мы эканомім харчы і таму сілкуемся адзін раз на дзень.

— Скажыце, калі ласка, ці сапраўды ўсё так, як расказваюць жонкі вайскоўцаў? Ці сапраўды вы страцілі надзею на дыпляматычнае вырашэньне сытуацыі на «Азоўсталі»?

— У нас вельмі цяжкае становішча, скажам так. Таму вельмі складана байцам трымаць баявы дух. Я іх разумею, але гэта ня значыць, што ва ўсіх такі стан. Я вось бачу байцоў, якія ўсё яшчэ матываваныя і вераць у лепшы зыход гэтай сытуацыі. Я, напрыклад, таксама веру ў тое, што ўсё складзецца лепш, чым ёсьць цяпер. Таму гэта нармальна ў такой сытуацыі, у такім становішчы, думаць так пэсымістычна. Але ёсьць людзі, якія вераць і спадзяюцца на лепшае. І іх дастаткова.

— Мы часта чуем ад тых, хто знаходзіцца на «Азоўсталі», што не было ў іх загаду выходзіць або пакідаць тэрыторыю заводу. Чаму, як вам здаецца, такога загаду няма? І ці разглядаеце вы варыянты выхаду ці варыянт здацца?

— Глядзіце: нават калі б быў загад, гэта проста немагчыма. Здацца — гэта самагубства. Таму ніхто такога загаду, мусіць, нам ня ставіць. Няма проста такой магчымасьці. Мы ў аблозе, але мы ніяк ня выйдзем адсюль з тым, што ў нас засталося. У нас засталося ня так шмат боепрыпасаў, напрыклад, ня так шмат людзей, якія баяздольныя. Іх дастаткова, каб абараняцца, але недастаткова для таго, каб выйсьці на прарыў. Так што такі наказ нават неразумна аддаваць, па-першае.

Па-другое, мы ўсё яшчэ спадзяёмся на дыпляматычнае рашэньне, на тое, што нашыя палітыкі, наша ўлада неяк дамовяцца і ў нас атрымаецца выйсьці з Марыюпалю.

— Наколькі я разумею, гэта магчыма, па вашых словах, толькі калі тады, калі ў гэты працэс умяшаецца трэці бок?

— Так, вядома, гэта заўсёды гарантыя бясьпекі. Так што я думаю, што гэта найлепшы варыянт.

— Я ведаю, што некаторыя жонкі і маці зараз паехалі ў Стамбул для таго, каб размаўляць з Эрдаганам аб магчымасьці эвакуацыі. У прыватнасьці, размова ідзе аб вывазе цяжка параненых. Як вам здаецца: яны сустракаліся да гэтага ў Ватыкане з Папам Рымскім, заклікалі таксама ўдзельнічаць у гэтай апэрацыі Ізраіль. Які варыянт, на ваш погляд, быў бы самым дарэчным і эфэктыўным?

— На маю субʼектыўную думку, лепш за ўсё Турэччына, таму што гэта найбліжэйшая краіна, якая ўжо пагадзілася даць карабель для эвакуацыі. Таму, я думаю, гэта найбольш верагодны варыянт зыходу падзей, гэтай сытуацыі.

— Гэта значыць, вы думаеце, што ёсьць магчымасьць выбрацца па моры?

— Так, я думаю, што ёсьць такая магчымасьць, і мы спадзяёмся на гэта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG