«Знайсьці кожнага і пакараць». Ва Ўкраіне расказалі, колькі расейскіх ваенных злачынцаў ідэнтыфікавалі і колькі ўжо судзяць

Генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава ў Бучы пад Кіевам, красавік 2022

Генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава заявіла, што сьледчыя ўжо ідэнтыфікавалі 45 расейцаў, якія падазраюцца ў ваенных злачынствах на тэрыторыі Ўкраіны.

«Гэта тое, што датычыць артыкула 438 (парушэньне законаў і звычаяў вайны), і тры асобы з гэтых 45 ужо ў судзе. Чалавек, якога мы абвінавачваем у забойстве цывільнага і суд распачаўся на мінулым тыдні, і яшчэ па дзьвюх асобах (справы) перадалі ў суд, прычым яны фізычна знаходзяцца ва Ўкраіне — гэта тыя, хто абстрэльваў цывільную інфраструктуру на Харкаўшчыне», — сказала Ірына Венядзіктава ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом 16 траўня.

Пры гэтым яна падкрэсьліла, што сьледчыя расьсьледуюць 11 600 фактаў ваенных злачынстваў. «Наша задача — знайсьці ўсіх і прыцягнуць да адказнасьці», — дадала генэральны пракурор.

Ірына Венядзіктава заўважыла, што з прычыны абмежаванага доступу да ўсіх месцаў, дзе ўчыняліся ваенныя злачынствы, расьсьледаваньне адбываецца ня вельмі хутка, бо немагчыма, напрыклад, агледзець месцы злачынстваў у Марыюпалі і на тэрыторыі «Азоўсталі» ці ў Харкаўскай вобласьці, каб сабраць доказы.

«Мы пачынаем расьсьледаваньні, але ва ўмовах, калі ў нас няма доступу. Але мы іх будзем расьсьледаваць. Недзе мы будзем рухацца хутчэй, як цяпер па Кіеўскай вобласьці. Чарнігаўская, Сумская вобласьць цяпер „выходзяць“ на падазрэньні, а недзе спатрэбіцца больш часу, але ўсё роўна ўкраінскае правасудзьдзе будзе ставіць перад сабой мэту — знайсьці кожнага і прыцягнуць кожнага падонка да адказнасьці, колькі б часу ні спатрэбілася», — дадала Ірына Венядзіктава.

Генэральны пракурор Украіны таксама паведаміла, што ва Ўкраіну ўжо прыехалі 42 пракуроры Міжнароднага крымінальнага суду, якія праводзяць сваё незалежнае расьсьледаваньне аб ваенных злачынствах расейскай арміі на ўкраінскай тэрыторыі.

13 траўня намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Яўген Енін паведаміў, што міжнародныя партнэры перадалі ўкраінскім праваахоўным органам праграмнае забесьпячэньне, якое дазваляе амаль ва ўсіх выпадках ідэнтыфікаваць расейскіх вайскоўцаў, параўноўваючы іх у аўтаматычным рэжыме з фатаздымкамі ў базе дадзеных, якая налічвае больш як 10 мільярдаў фота.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне ідэнтыфікавалі расейскіх салдатаў, якія ў сьпіну расстралялі двух работнікаў аўтасалёну пад Кіевам

13 траўня Саломенскі раённы суд Кіева правёў першае пасяджэньне па справе расейскага салдата Вадзіма Шышымарына, абвінавачанага ў забойстве мірнага жыхара падчас расейскага нападу на Ўкраіну. Працэс адбываецца ў адкрытым рэжыме ў прысутнасьці вялікай колькасьці прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне пачаўся першы судовы працэс над расейскім салдатам за забойства мірных жыхароў