Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пачаўся першы судовы працэс над расейскім салдатам за забойства мірных жыхароў


Саломенскі раённы суд Кіева
Саломенскі раённы суд Кіева

Саломенскі раённы суд Кіева правёў першае пасяджэньне па справе расейскага салдата Вадзіма Шышымарына, абвінавачанага ў забойстве мірнага жыхара падчас расейскага нападу на Ўкраіну.

Працэс адбываецца ў адкрытым рэжыме ў прысутнасьці вялікай колькасьці прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

Расейцу далі бясплатнага адваката і перакладчыка. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах: забойства і парушэньне законаў і звычаяў вайны.

Ні падсудны, ні яго абаронца сваёй пазыцыі пакуль не агучылі.

У той жа час пракурор па справе Яраслаў Ушчапіўскі пракамэнтаваў «Украінскай праўдзе», што падчас сьледзтва Шышымарын прызнаў сваю віну, раскаяўся і супрацоўнічаў са сьледзтвам.

Пракурор кажа, што віна расейскага салдата пацьвярджаецца ня толькі ягонымі словамі, але і экспэртызай і паказаньнямі сьведак. Сярод іншага, сьледзтва канфіскавала зброю, зь якой Шышымарын страляў, а таксама зброю іншых людзей, якія знаходзіліся зь ім у аўтамабілі.

Наступнае пасяджэньне прызначана на 18 траўня.

Камандзір аддзяленьня чацьвёртай танкавай Кантэміраўскай дывізіі Маскоўскай вобласьці Вадзім Шышымарын абвінавачваецца паводле часткі 2 артыкула 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — парушэньне законаў і звычаяў вайны, аб’яднанае з наўмысным забойствам.

Як паведаміла генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава са спасылкай на сьледзтва, 21-гадовы расейскі вайсковец 28 лютага 2022 году расстраляў з аўтамата Калашнікава бяззбройнага жыхара паселішча Чупахаўка Сумскай вобласьці, які ішоў уздоўж дарогі і вёў ровар. 62-гадовы пацярпелы загінуў за некалькі дзясяткаў мэтраў ад сваёй хаты.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG