За забойства мірных жыхароў на Сумшчыне першы расейскі вайсковец паўстане перад судом — пракуратура Ўкраіны

Генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава на месцы забойстваў цывільны у Бучы пад Кіевам, красавік 2022
Генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава на месцы забойстваў цывільны у Бучы пад Кіевам, красавік 2022

Генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава заявіла аб перадачы ў суд справы камандзіра аддзяленьня чацьвёртай танкавай Кантэміраўскай дывізіі Маскоўскай вобласьці Вадзіма Шышымарына, абвінавачанага ў забойстве бяззбройнага мірнага жыхара.

«Падазраваны Шышымарын знаходзіцца пад вартай. Пракуроры і сьледчыя СБУ сабралі дастаткова доказаў ягонай датычнасьці да парушэньня законаў і звычаяў вайны, аб’яднаных з наўмысным забойствам. За гэтыя дзеяньні яму пагражае ад 10 да 15 гадоў пазбаўленьня волі або пажыцьцёвае зьняволеньне», — напісала Ірына Венядзіктава на сваёй старонцы ў Facebook.

Паводле сьледзтва, 21-гадовы расейскі вайсковец 28 лютага 2022 году расстраляў з аўтамата Калашнікава бяззбройнага жыхара паселішча Чупахаўка Сумскай вобласьці, які ішоў уздоўж дарогі і вёў ровар. 62-гадовы пацярпелы загінуў у некалькіх дзясятках мэтраў ад сваёй хаты.

Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла, што раней да 8-15 гадоў пазбаўленьня волі асудзілі яшчэ шэсьць палонных расейскіх вайскоўцаў за парушэньні законаў і звычаяў вайны.

«На Кіеўшчыне сьледчыя СБУ ў супрацы з Офісам генэральнага пракурора ідэнтыфікавалі яшчэ трох расейскіх вайскоўцаў, датычных да зьверстваў на тэрыторыі Бучанскага раёну. Яны забівалі і катавалі мясцовых жыхароў, дапытвалі і марадзёрылі», — паведаміў сьпікер СБУ Арцём Дзехцярэнка.

У Дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны на сярэдзіну сакавіка апублікаваныя сотні рашэньняў судоў у справах расейскіх вайскоўцаў, якія абвінавачваюцца ня толькі ў парушэньнях законаў і звычаяў вайны, а і ў незаконным перасячэньні украінска-беларускай мяжы.

У судовых рашэньнях не пазначаюцца імёны абвінавачаных. З другой палавіны сакавіка ў мэтах бясьпекі судзьдзяў урад Украіны пастанавіў забараніць публікацыю ўсіх судовых рашэньняў.

​
XS
SM
MD
LG